Перспектыўны напрамак

Перамены, што адбыліся за апошнія гады ў аграгарадку Кольна, прыкмячаеш адразу, калі наведваешся ў гэты населены пункт. Асабліва шмат пераўтварэнняў адбылося, калі былая вёска мяняла свой статус. Адназначна, ўсё што зроблена, накіравана на паляпшэнне жыццядзейнасці мясцовых людзей.


Гэты населены пункт яскравы прыклад таго, наколькі паспяхова рэалізавана дзяржавай праграма па развіццю і адраджэнню вёскі. Дзякуючы гэтаму на ўскрайку аграгарадка вырас новы мікрараён з дыхтоўных дамоў сядзібнага тыпу, дзе цяпер пражываюць работнікі і спецыялісты мясцовай гаспадаркі. Будаўніцтва жылля вядзецца і зараз. Змяніўся толькі падыход да размяшчэння новых дамоў. Цяпер іх будуюць на даўно пакінутых сядзібах, дзе раней стаялі хаты-развалюхі. Апошнія знеслі, каб не псавалі знешні выгляд, а на іх месцы ўзводзяць новыя дамы.


— Гэта значна паляпшае выгляд населенага пункта, — гаворыць старшыня Руднянскага сельскага Савета Вольга Бойка. – Набудавана новага жылля ў вёсках на тэрыторыі сельсавета вельмі шмат за апошнія гады. Не толькі ў Кольна, але і пасёлках Чырвоная Зорка, Грэбянёўскім, Рудні. Цяпер бы гаспадарам ўзяцца за добраўпарадкаванне сваіх сядзіб. Хацелася, каб на іх і кветак было многа, і архітэктурных формаў адмысловых. Гэта надавала б непаўторнасці населеным пунктам.


Што завяла кіраўнік мясцовай улады адразу размову на тэму добраўпарадкавання, не выпадкова. Турбуе пакуль гэтая праблема Вольгу Міхайлаўну, адносіны людзей да навядзення парадку на тэрыторыях сваіх домаўладанняў. Таму з боку кіраўніка сельвыканкама надаецца яе вырашэнню першаступеннае значэнне. І скажам, ёсць пазітыўныя зрухі. У тым жа пасёлку Чырвоная Зорка наладжаны вываз смецця. З гэтым дапамагае кіраўніцтва рыбаводчай гаспадаркі, якое выдзяляе тэхніку. Прапрацоўваецца пытанне па арганізацыі вывазу бытавых адыходаў і па іншых населеных пунктах. Дарэчы, прадпрыемствы і арганізацыі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі сельсавета, пастаянна аказваюць адчувальную падтрымку ў вырашэнні надзённых праблем сельвыканкаму. Гэта сведчанне, што ва ўлады з імі цеснае супрацоўніцтва. Апошні прыклад яго, калі работнікі Палянскага лясніцтва выпілавалі ўвесь хмызняк на адной з вуліц у Кольна, а спецыялісты Найдзянскага лясніцтва прыбралі буралом на могілках.


— Планаў па добраўпарадкаванню ў нас шмат. Зрабіць патрэбна многа не толькі ў вёсках, але і на могілках, — зазначае Вольга Міхайлаўна. – Роля сельвыканкама ў гэтым працэсе бачыцца асабіста мне ў тым, каб да гэтай справы прыцягнуць як мага большую колькасць людзей. Зрабіць гэта можна толькі, калі належным чынам будуць працаваць і дэпутаты, і давераныя асобы ў вёсках, іншыя грамадскія фарміраванні. Станоўчы вопыт такой дзейнасці ўжо маецца ў шэрагу Саветаў раёна, і мы яго будзем пераймаць, укараняць у сябе.


Таму мяркуецца і конкурс на лепшую сядзібу праводзіць, і сумесныя суботнікі па навядзенню парадку, і малыя архітэктурныя формы ўстанавіць, ажыццявіць іншыя мерапрыемствы, каб, як кажуць, не горш чым у людзей было. Канечне, і дапамагаць будзе ўлада актыўным удзельнікам працэсу добраўпарадкавання: разбіў гаспадар клумбу ля свайго падворка, даглядае за ёй – за гэтае старанне яму сельсавет падкосіць летам траву на тэрыторыі домаўладання. Чым не стымул?


Засяроджвае сваю ўвагу сельвыканкам і на тым, каб ва ўсіх населеных пунктах бездакорна працавала сацыяльна-бытавая сфера. Тут старшыня прытрымліваецца цвёрдага правіла, каб жыхары вёсак атрымлівалі такія ж паслугі, што і гараджане. Дабілася, каб на Кольненскім комплексна-прыёмным пункце ўвялі адзінку спецыяліста па рамонту адзення. Зараз думае, як зрабіць, каб цырульнік прыязджаў у пасёлак Грэбянёўскі. Яшчэ ў планах і тое, каб на ФАПе вёскі Боркі з’явіўся нарэшце спецыяліст. Так ёсць пэўныя праблемы, але для гэтага і існуе ўлада, каб іх вырашаць. Колькі ўсяго добрага зроблена за апошнія гады па паляпшэнню работы аб’ектаў сацыяльнай сферы вёскі. Яны значна папрыгажэлі, там пастаянна павялічваецца пералік паслуг і тавараў.


— Збоеў няма ні з гандлёвым, ні з культурным абслугоўваннем, ні з медыцынскай дапамогай, — гаворыць Вольга Міхайлаўна. – Нават у самых маленькіх вёсках сельсавета жыхары атрымліваюць іх, няхай і не ў стацыянарных кропках, але ж атрымліваюць штодзённа і пастаянна. Прыязджаюць аўталаўка, самадзейныя артысты, прадстаўнікі ўлады, фельчар.


Увогуле Руднянскаму Савету пашанцавала на людзей, якія заняты ў сферы абслугоўвання людзей. Любоў Варановіч, Тамара Мацукевіч, Надзея Буякевіч, Галіна Мароз, Галіна Полаўцава — гэтыя жанчыны арганізуюць адпачынак жыхароў населеных пунктаў сельсавета. А вось Таццяна Флёрка і Уладзімір Мішкоў аказваюць медыцынскія паслугі людзям. Мяркуючы, па водгуках вяскоўцаў, працуюць яны выдатна.


Свой унёсак у стабільнае развіццё тэрыторыі сельсавета робяць і прадпрыемствы, што дзейнічаюць тут. Для большасці жыхароў населеных пунктаў яны даюць пастаяннае месца працы і заробак. Найбольш буйнае з іх КСУП “Коленскае”. За пяць гадоў сельгаспрадпрыемства значна ўмацавала свой эканамічны і тэхнічны патэнцыял. Набыта многа новых машын і механізмаў, праведзена рэканструкцыя фермаў, што садзейнічае паляпшэнню умоў працы на вытворчасці. А гэта станоўча адбіваецца і на паказчыках, якія год ад году толькі прырастаюць. Скажам, што гаспадаркай добра наладжана работа па аказанню дзейснай дапамогі насельніцтву па пасадцы прысядзібных участкаў, нарыхтоўцы кармоў, па аказанню іншых паслуг, што таксама спрыяе сацыяльнай стабільнасці. Усё гэта сведчыць, што ў Руднянскім сельсавеце створана трывалая аснова, адштурхнуўшыся ад якой, можна працаваць паспяхова на перспектыву. А яна адна – яшчэ больш палепшыць жыццё і быт людзей у сельскай мясцовасці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.