Прыйшла “Залатая пара”

Дом, дзе саграваецца сэрца і адтае душа ад нялёгкіх жыццёвых клопатаў.Менавіта так гавораць людзі пра дзяржаўную ўстанову “Жыткавіцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”. Ідуць сюды, у прыгожы, утульны будынак па вуліцы Карла Маркса нашага райцэнтра, і пажылы, і малады. І кожнаму стараюцца дапамагчы спецыялісты, увесь калектыў тэрытарыяльнага цэнтра.


Шматлікія паслугі аказвае, напрыклад, аддзяленне сацыяльнай дапамогі і рэабілітацыі Гэта дапамога бацькам у выхаванні дзяцей, кансультацыі па пытаннях псіхолага – педагагічнага суправаджэння, аказанне дапамогі ў пераадоленні сямейных канфліктаў, правядзенне лекцыйна-асветніцкіх мерапрыемстваў, аказанне экстраннай псіхалагічнай дапамогі па тэлефоне “Давер”, аказанне асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, сацыяльна-бытавой дапамогі, садзеяння ў рэалізацыі гарантый па іх сацыяльнай абароне ў адпаведнасці з нашым заканадаўствам, сацыяльная рэабілітацыя дзяцей-інвалідаў і г.д.


Вялікая ўвага надаецца арганізацыі клубаў, гурткоў па інтарэсах, правядзенню мерапрыемстваў, прысвечаных святочным датам. Так, для пажылых людзей працуе клуб “Дружба”, для шматдзетных сямей – “Дружная сям’я”, для сямей няпоўных – “Утульнасць”, для інвалідаў па зроку – “Тонус”. Дзейнічаюць валанцёрскі песенны гурток “З песняй па жыцці”, для дзяцей і падлеткаў – тэатральна-музычны гурток “Дамісолька”.


У кастрычніку бягучага года споўніўся роўна год, як на базе тэрытарыяльнага цэнтра быў створаны вакальны гурт “Залатая пара”. І вось адным з нядаўніх надвячоркаў у цэнтры сабралася шматлікая, прыгожа апранутая жаночая грамада, каб стварыць свой новы клуб, асяродкам якога і стаў ансамбль “Залатая пара”.


Чырвоную стужку пры ўваходзе ў шырокую, светлую залу разразаюць дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Таццяна Казлова і музычны кіраўнік установы Людміла Янучок. І яшчэ на адзін новы клуб стала тут болей. За “салодкім” сталом, у перапынку паміж песнямі і вясёлымі, жвавымі гутаркамі прадстаўніцы лепшай паловы чалавецтва вырашаюць, якое імя даць клубу. Прынята аднагалосна – ён, як і ранейшы вакальны гурт, будзе называцца “Залатая пара”. Старшынёй выбіраецца Лідзія Фядотаўна Прыбалавец – старшыня раённай ветэранскай арганізацыі работнікаў адукацыі. Быў выбраны і савет клуба.


Шчаслівага плавання новаму “караблю”, спадарожнага ветру ў яго ветразі пажадалі дырэктар і музычны кіраўнік тэрытарыяльнага цэнтра Таццяна Казлова і Людміла Янучок. Было вырашана ладзіць сустрэчы ў апошні чацвер кожнага месяца.


Тым часам вядучыя мерапрыемства спецыялісты па сацыяльнай рабоце Марына Бакуновіч і Таццяна Цімашчэня прапануюць жанчынам своеасаблівае бліц-апытанне: прадставіцца, расказаць кораценька пра сябе, пра свае заняткі ў вольны час. Аказваецца, у маладых душою пенсіянерак самае шырокае кола інтарэсаў: любяць яны дзяцей і ўнукаў, катоў і сабак, працаваць на зямлі, вырошчваць кветкі, збіраць ягады і грыбы, вышываць, вязаць, чытаць кнігі, спяваць (многія выпісваюць часопіс “Песни молодости нашей”).


З цікавасцю заслухалі прысутныя вершы ў выкананні нашай вядомай мастачкі Наталлі Чарнагаловай, 120 выстаў творчасці якой прэзентаваліся ў Беларусі і ў краінах замежжа. Майстар на ўсе рукі хатняя гаспадыня Ларыса Дрынеўская па-мастацку прадэкламавала байкі на ўкраінскай мове. Багатымі жыццёвымі назіраннямі, з прысутным ёй гумарам падзялілася Соф’я Марголіна. І ўвесь час гучалі песні ў выкананні гэтых жанчын-актывістак, жанчын-энтузіястак – “Черемуха”, “Нежность”, “Ты воспой во саду, саловейко”, “Ой, за гаем зеляненькім” і многія іншыя.


У стваральніц новага клуба – вялікія планы на перспектыву. У прыватнасці, яны хочуць адрадзіць старадаўнія народныя танцы, па святах і выхадных ладзіць песнапенні ў нашых праваслаўных храмах. Так што ў добры шлях!


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.