ШТОДЗЁННЫ КЛОПАТ – ДАБРАБЫТ І ІНТАРЭСЫ ВЯСКОЎЦАЎ

У 2004 годзе, калі Уладзімір Атаманчук пачаў працаваць старшынёй Рычоўскага сельсавета, на яго тэрыторыі жыло 2156 чалавек. Цяпер жа, а дакладней па стану на 1 студзеня 2010 года былая колькасць жыхароў скарацілася да 1844 чалавек. Працаздольнага насельніцтва тут 833, пенсіянераў – 714, а моладзі да 15 гадоў – 297 чалавек. Што ж ты зробіш, дэмаграфічны “мінус” штогод складае прыкладна 50 чалавек. І тым не менш уюцца па-над вясковымі хатамі ветлыя дымкі з комінаў, жывуць і працуюць землякі, падрастаюць дзеці. Многае, безумоўна, трымаецца на здаровым, жыццясцвярджальным энтузіязме, на любові да роднага куточка, на імкненні захаваць і прымножыць тое добрае і карыснае, што было дасягнута папярэднімі пакаленнямі бацькоў, дзядоў ды прадзедаў.


На тэрыторыі Савета раслінаводствам і жывёлагадоўляй займаюцца адна з базавых гаспадарак адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына” ды фермерская гаспадарка Міхаіла Шруба. Што і казаць, яскравы прыклад таго, як удала спалучыліся, перапляліся і не перашкаджаюць адзін другому розныя формы ўласнасці на зямлю… Таму і едуць сюды за вопытам з усёй Беларусі.


Адукацыйную сістэму прадстаўляюць вучэбна-вытворчы комплекс “Рычоўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа” і Старажавецкая базавая школа. У вёсцы Хільчыцы ўзводзіцца новая сярэдняя агульнаадукацыйная школа, за будаўніцтвам якой з зацікаўленасцю сочаць як дарослыя, так і дзеці. Здароўе мясцовага люду – пад кантролем чатырох фельчарска-акушэрскіх пунктаў, гандлёвым абслугоўваннем займаюцца сем дзяржаўных магазінаў і два прыватныя, дровамі і дзелавой драўнінай людзей забяспечвае Рычоўскае лясніцтва нацыянальнага парка “Прыпяцкі”.


А як жа быць нашай спрадвечнай вёсцы без душы, без духоўнага жыцця, без культурнага абслугоўвання, якое прадстаўляюць Рычоўскі цэнтр традыцыйнай культуры, пяць сельскіх клубаў, шэсць сельскіх бібліятэк. Не закрыта нікому дарога да царквы святога Міхаіла. Тры аддзяленні забяспечваюць паштовую сувязь, прадстаўляюцца паслугі цырульні, па шыццю і рамонту вопраткі, прымаюцца заказы па рамонту абутку, тэлерадыёапаратуры, мэблі. У вёсцы Рычоў працуе прыёмны пункт камбіната бытавога абслугоўвання з выездам у іншыя населеныя пункты сельсавета згодна графіка.


— Штогод жыццё ў вёсцы ідзе сваім нязменным колам, — разважліва даводзіць Уладзімір Атаманчук, — і каб вясковец пачуваў сябе спакойна і ўпэўнена, трэба забяспечыць яму наступныя неабходныя ўмовы. У першую чаргу гэта надзейныя дарогі, каб у кожны населены пункт змагла дабрацца тэхніка, каб да кожнага падворка, пры неабходнасці, магла даехаць “хуткая дапамога”. А далей усё ідзе па порах года. На зіму кожнага трэба забяспечыць надзейным запасам паліва, вясной дапамагчы адсеяцца, улетку – нарыхтаваць кармы, а ўвосень — выкапаць бульбу ды падрыхтавацца да зімы. Гэта – аснова асноў вясковага побыту, а паралельна трэба вырашаць шматлікія другія пытанні, старацца ісці ў нагу з жыццём, а яшчэ лепей – на крок наперадзе.


На першым плане сельвыканкама – добраўпарадкаванне населеных пунктаў, навядзенне парадку на зямлі. У час правядзення веснавых суботнікаў, напрыклад, адчувальную дапамогу аказалі кіраўнікі ААТ “Тураўшчына” і фермерскай гаспадаркі Шруба: была выдзелена тэхніка для пагрузкі і вывазкі смецця з населеных пунктаў на міні-палігоны. Агульнымі намаганнямі быў выкананы вялікі аб’ём работ: пасаджаны маладыя дрэўцы, ліквідаваны несанкцыянаваныя звалкі ў вёсках Хачэнь, Рыдча, Рычоў, убрана смецце і добраўпарадкаваны школьны стадыён у вёсцы Семурадцы, добраўпарадкаваны тэрыторыя ля помніка загінуўшым воінам у вёсцы Старажоўцы, мехдвор у вёсцы Рычоў, высаджаны кветкі на клумбах каля адміністрацыйных будынкаў, устаноў і арганізацый сельсавета.


Вельмі немалаважна і тое, што кожны год у адным з населеных пунктаў мясцовага сельскага Савета праводзіцца “Свята вёскі” і задача людзей напярэдадні яго – зрабіць сваю вёску чыстай, зялёнай, добраўпарадкаванай, з прыгожымі кветнікамі і агароджамі. Сярод жыхароў наладжваюцца спаборніцтвы на лепшы дом. Пераможцам уручаюцца граматы сельвыканкама і сувеніры. На гэтым свяце ўшаноўваецца самы стары і малады жыхары, перадавікі вытворчасці, устаноў сельсавета, ладзяцца канцэрты, працуюць гандлёвыя кропкі, праводзіцца розыгрыш латарэй, арганізоўваюцца забаўляльныя мерапрыемствы з уручэннем прызоў пераможцам.


Пры яго падрыхтоўцы мясцовымі ўмельцамі наладжваюцца выставы вышывак, вязання, выпечак, сталярных вырабаў, ткацтва. А для агульнага азнаямлення афармляецца кніга з ілюстраванымі старонкамі “Летапіс вёскі”. Завяршаецца свята выступленнямі жыхароў вёскі, якія чытаюць вершы, спяваюць песні, танцуюць. Пры Рычоўскім сельвыканкаме ўтвораны і працуюць камісіі па справах непаўналетніх, па папярэджванні і пераадоленні п’янства, а таксама грамадская санітарная камісія, савет грамадскага правапарадку, савет жанчын, каардынацыйны савет па развіццю спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы. Усе яны аказваюць актыўную дапамогу сельвыканкаму ў навядзенні парадку і забеспячэнні чысціні ў населеных пунктах. Тут дабіваюцца, каб дэпутацкі актыў, давераныя асобы, старшыні і члены сельскіх камітэтаў ў пытаннях навядзення санітарнага парадку пастаянна супрацоўнічалі з санітарна-эпідэміялагічнай і экалагічнай службамі раёна. Тым больш што работнікі гэтых служб пастаянна выязджаюць у сумесныя рэйды, актыўна працуюць з насельніцтвам.


На тэрыторыі сельсавета маецца шэсць дзеючых грамадзянскіх могілак. Сіламі грамадзян замацаваных устаноў тут пастаянна падтрымліваецца парадак. Школьнікі ажыццяўляюць догляд за могілкамі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, закінутымі могілкамі. Тэрыторыя могілак агароджана, устаноўлены скрынкі для смецця. Не забыты і тры наступныя помнікі: брацкая магіла ў вёсцы Рычоў, помнік воінам у вёсцы Старажоўцы і помнік загінуўшым воінам у вёсцы Хільчыцы, дарэчы, выраблены і ўстаноўлены 7 мая 2010 года. За кожным помнікам замацаваны работнікі культуры, адукацыі, якія падтрымліваюць іх у добрым стане, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю, актыўна ўдзельнічаюць у праводзімых мерапрыемствах.


Без праблем, безумоўна, не абыходзіцца. І, на жаль, ёсць сярод іх даволі састарэлыя, што не вырашаюцца ўжо далёка не першы год. І ў першую чаргу гэта адсутнасць пераправы цераз раку Сцвіга. Раней два яе берагі надзейна злучалі масты ў чатырох вёсках: Рычоў і Хачэнь, Старажоўцы і Семурадцы. Толькі няма нічога вечнага, і масты з цягам часу пачалі выходзіць са строю адзін за другім. Болей другіх пратрымаліся яны ў Рычове і Семурадцах, паколькі неабходны былі для Рычоўскага лясніцтва нацыянальнага парка “Прыпяцкі” у час барацьбы з ляснымі пажарамі. Цяпер жа бераг левы і бераг правы сумна пазіраюць адзін на другі – пераправы няма… І адна справа – перабрацца мясцовым жыхарам на той бок у пошуках грыбоў і ягад. Галоўнае ж, і самае балючае – нельга вывезці адтуль нарыхтаваную дзелавую драўніну, дровы.


У цяпер ужо былым КСУПе “Рычоўскі” у апошнія гады часта мяняліся кіраўнікі і таму гэтае пытанне не было станоўча вырашана. Такім яно застаецца і па сённяшні дзень…


Не ўсе кропкі над “і” расстаўлены і ў пытаннях грамадскага лазневага абслугоўвання насельніцтва. Тут – цэлы клубок сплеценых праблем. І хаця ў апошнія гады асобныя грамадзяне сталі “забіваць” міні-вежы,, калонкі, каб карыстацца лазенкаю на 2 – 3 сям’і, у цэлым гэтае пытанне застаецца ў сельсавеце нявырашаным.


Трэцяя праблема, як лічыць Уладзімір Пятровіч Атаманчук, — гэта стан электраправодкі ў хатах вяскоўцаў. У многіх яна яшчэ пасляваенная, “заштукатураная” і не можа не выклікаць непакою.


Разам з другімі ў цэнтры ўвагі сельсавета знаходзяцца пытанні сацыяльнай абароны непрацаздольных грамадзян. Адзінокіх тут 57, а адзінокапражываючых – 265 чалавек. На сацыяльным абслугоўванні знаходзіцца 31 чалавек, догляд за імі вядуць 3 сацыяльныя работнікі, скаргаў на якіх з боку пажылых людзей няма. Сельвыканкам распрацаваў свае мерапрыемствы, зыходзячы з праблем мясцовага насельніцтва. Ен сумесна са спецыялістамі раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва праводзіць уважлівае даследаванне матэрыяльна-бытавога становішча льготнай катэгорыі грамадзян, у першую чаргу адзінокіх, удзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, сямей загінуўшых воінаў, ваенных і другіх асоб для своечасовага выяўлення маючых патрэбу ў сацыяльным надомным абслугоўванні, змяшчэнне ў аддзяленне сястрынскага догляду, атрымання гуманітарнай дапамогі.


Да таго ж атаварванне дровамі, дзелавой драўнінай праводзіцца ў першую чаргу адзінокім і адзінокапражываючым грамадзянам, льготнай катэгорыі насельніцтва з даступных, маючых пад’езды кварталаў.


— У сваёй паўсядзённай рабоце абапіраюся ў першую чаргу на дэпутатаў, якіх у нас адзінаццаць, — гаворыць У. Атаманчук, — на давераных асоб, на кіраўнікоў калектываў, на актыўнасць і ініцыятыву кожнага. Узяць, напрыклад, майго намесніка Уладзіміра Якаўлевіча Лясько, дырэктара Хільчыцкай сярэдняй школы, дэпутата па Школьнай выбарчай акрузе №9 вёскі Хільчыцы, дэпутата раённага Савета дэпутатаў. Вопытны педагог – кіраўнік, актыўны дэпутат, паважаны чалавек. Ураўнаважаны,надзейны, адказны. З такім чалавекам і прыемна працаваць у адным тандэме.


Калі гаворка заходзіць пра найбольш прадпрымальных і ініцыятыўных, а дакладней пра тых, да каго больш горнуцца людзі, давяраюць ім сваё набалелае, кроўнае і вераць, што гэты чалавек сапраўды табе дапаможа, успрыме тваю трывогу і бяду як сваю, то Уладзімір Атаманчук называе дэпутата Таццяну Бабарыка. Вось ужо два дзесяткі гадоў працуе гэтая паважаная жанчына загадчыцай фельчарска-акушэрскага пункта ў вёсцы Старажоўцы. Яна абслугоўвае і жыхароў вёсак Сямурадцы і Хачэнь. Акрамя неадкладнай медыцынскай дапамогі робіць пацыентам аздараўленчыя працэдуры, выконвае прадпісанні і прызначэнні ўрача, праводзіць вялікую прафілактычную і санітарна-асветніцкую работу сярод вясковых жыхароў. Людзі ўдзячны ёй за чулае сэрца, за адкрытасць душы, за высокі прафесіяналізм, за тое, што яна нікога не пакіне ў бядзе і заўсёды прыйдзе на дапамогу.


Тут, у сельсавеце, у гэтай своеасабліва “дзяржаўнай сям’і” настройвае на далейшыя перамены тое, што дабіліся прыкметных станоўчых зрухаў у добраўпарадкаванні, у гэтую работу з большай актыўнасцю ўключыліся калектывы школ, клубаў, фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Радуюць вока мясцовых і заезджых людзей новыя архітэктурныя формы. Здолелі разварушыць, пазбавіцца раўнадушша і гаспадароў многіх прыватных падворкаў. З большым імпэтам узяліся за знос пустуючых падмуркаў дамоў, і кампанію гэтую будуць прыцягваць і надалей. А цяпер усе тут – у прыемных пераднавагодніх клопатах. Старонку падрыхтаваў


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.