У адпаведнасці з Выбарчым Кодэксам

Магчымасць аддаць свае галасы за будучага прэзідэнта краіны датэрмінова актыўна скарыстоўваюць выбаршчыкі на ўчастку для галасавання № 3 райцэнтра, які размяшчаецца ў гарадскім цэнтры культуры.


 — Выбарчым Кодэксам прадугледжана датэрміновае галасаванне, і гэта вельмі добрая справа, — зазначае пенсіянер Мікалай Мінкін, які прыйшоў на выбарчы ўчастак 15 снежня. – У нядзелю, дзень выбараў, я буду ў вёсцы, дзе ў мяне гаспадарка. Таму і вырашыў прагаласаваць зараней.


У гэты ж дзень прыйшла на выбарчы ўчастак Надзея Ярошык з мужам.


— Я прадпрымальніца і ў нядзелю, 19 снежня, буду працаваць, — расказвае аб прычынах свайго наведвання ўчастка Надзея Трафімаўна. – Але хачу скарыстаць сваё канстытуцыйнае права, паўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта. Тым больш што мы з мужам дакладна вызначыліся за каго аддадзім свае галасы.


Па словах старшыні ўчастковай камісіі Галіны Пракаповіч, галасаваць датэрмінова людзі прыходзяць даволі актыўна. Мы пераканаліся, калі наведаліся на ўчастак, каля стала камісіі аж чарга сабралася, каб атрымаць бюлетэні.


— Толькі ў першы дзень на нашым участку прагаласавала 15 чалавек, — падсумоўвае вынікі Галіна Рыгораўна. — Людзі ў асноўным прыходзяць у першай палове дня. Прычына гэтага ў тым, што з 800 выбаршчыкаў асноўная маса пенсіянеры. Яны ж людзі абавязку і стараюцца прагаласаваць датэрмінова, бо баяцца, што падвядзе здароўе і не змогуць у дзень выбараў выканаць свой грамадзянскі абавязак.


Але ўсё ж асноўная праца чакае камісію непасрэдна 19 снежня. Менавіта ў гэты дзень прыйдзе асноўная маса выбаршчыкаў, каб прагаласаваць за таго ці іншага кандыдата ў прэзідэнты. Да працы члены выбарчай камісіі гатовы. Як зазначыла Галіна Рыгораўна, камісія забяспечана ўсім неабходным, наладжана ахова ўчастка. Адным словам, зроблена ўсё, каб людзі выканалі сваё канстытуцыйнае права.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.