ВЯТЧЫНСКАЙ бібліятэцы – 85

Летапіс бібліятэкі вёскі Вятчын пачынае свой адлік з 1925 года. Па ініцыятыве актывістаў калгаса “ІІ пяцігодка” была адчынена бібліятэка-прымітыўка ад Дзякавіцкай хаты-чытальні. Першым яе загадчыкам па сумяшчальнасці быў сакратар партыйнай арганізацыі М.М. Вераб’ёў. Да самай вайны Міхаіл Мікалаевіч выконваў свае абавязкі.


У бібліятэцы ў той час знаходзілася два дзясяткі кніг, брашур, а з абсталявання была толькі тумбачка, дзе захоўваліся кнігі.


У 1949 годзе была арганізавана сельская бібліятэка пры клубе. Кніжны фонд вырас да 500 кніг. Загадчыкам бібліятэкі стаў франтавік, інвалід Вялікай Айчыннай вайны М.П. Гаўрыловіч. Ен знаходзіўся на гэтай пасадзе да 15 сакавіка 1951 года.


У 1960 годзе быў пабудаваны новы будынак калгаснага клуба, дзе і быў адведзены пакой пад бібліятэку. Кніжны фонд налічваў ужо 3200 экзэмпляраў. Кнігі расстаўляліся па сцелажах. Быў арганізаваны свабодны доступ да літаратуры.


Першым дыпламаваным спецыялістам-бібліятэкарам у нашай вёсцы была Яўгенія Аляксандраўна Аксёнчык. Работа бібліятэкі з яе прыходам значна актывізавалася. Яна ўсе свае веды накіравала на тое, каб зрабіць бібліятэку сапраўдным асяродкам культуры на вёсцы.


У свой час тут працавалі В.В. Гайкова, Л.У. Бадунова, Н.Р. Трухановіч, Н.М. Радчэня, А.У. Пупенка, Т.І. Мірановіч, А.Р. Бут-Гусаім. І кожны ўнёс свой уклад у развіццё і станаўленне бібліятэкі.


Са снежня 1999 года ў бібліятэцы працую я, аўтар гэтых радкоў. На жаль, ачаг культуры перажывае зараз не лепшыя часы. Насельніцтва вёскі з кожным годам памяншаецца, зніжаецца колькасць чытачоў, вельмі мала дзяцей, моладзі, у асноўным гэта людзі пенсіённага ўзросту.


Але я, як бібліятэкар, шукаю такія формы і метады работы, каб неяк зацікавіць чытачоў розных узростаў і катэгорый. Асобы клопат бібліятэкі – падрастаючае пакаленне. Таму ў 2004 годзе тут адкрылася аматарскае аб’яднанне “Прамень”. Мэта клуба: сацыяльна-псіхолага-адукацыйная падтрымка дзяцей і падлеткаў.


З нагоды юбілею бібліятэкі я хачу пажадаць сваім чытачам толькі дабра і запрашаю на агеньчык нашага маленькага ачага культуры.


Л. МІРАНОВІЧ, бібліятэкар Вятчынскай сельскай бібліятэкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.