Ваша думка, чытач!

Ці есць неабходнасць у праектаванні і будаўніцтве мікрараена №10 нашага райцэнтра?


 Ягор ЯФІМАЎ, студэнт першага курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту:


— Безумоўна, трэба ўзводзіць новае жыллё для жыхароў нашага райцэнтра, якое па зразумелых прычынах прырастае за кошт мікрараёна Азёрны. Прыязджаючы да бацькоў на вакацыі з Гомеля, я заўсёды прыемна здзіўлены, як хутка растуць і прыгажэюць нашы Жыткавічы. Жыллё, і ў першую чаргу для маладых сямей, неабходна, быццам паветра. Толькі з развітай інфраструктурай, каб быў газ, цёплая вада. А ў лясным масіве можна паставіць дзіцячыя пляцоўкі.


Ігар ЧАРНУШЭВІЧ, навучэнец Жыткавіцкага ПТВ-182:


— Лічу, што будаваць трэба абавязкова, бо самае галоўнае пытанне для маладых сямей — гэта мець уласнае жыллё. Бо калі яно ёсць, то можна і планаваць нараджэнне дзяцей, і купляць мэблю, і думаць пра свой заўтрашні дзень. А тым больш што ў Азёрным ужо ёсць гандлёвыя кропкі – дзяржаўныя і прыватныя, паліклініка, цырульня. А якая прырода навокал – гэта ж рай для душы.


Галіна ТАРГОНСКАЯ, хатняя гаспадыня:


— Наваселле — гэта вялікая радасць, сапраўднае шчасце для сям’і. Менавіта такія пачуцці я зведала нядаўна, атрымаўшы ключы ад кватэры ў доме №16 мікрараёна Азёрны. Таму будаваць трэба адназначна, тым больш што ёсць жадаючыя, ёсць чарга на жыллё. Да таго ж мікрараён Азёрны – адзін з самых перспектыўных, дынамічна развіваючыхся ў нашым райцэнтры. А будзе расці тут жыллё – будзе расці, развівацца і інфраструктура.


Уладзімір ЯРЭМІЧ, пенсіянер, былы работнік міліцыі:


— Я ўпэўнены, што кожная маладая сям’я, рана ці позна (а лепш раней) павінна жыць асобна ад бацькоў. Спытайце ў любога, хто, скажам, спачатку жыў у цешчы, а затым атрымаў уласнае жыллё, і ён адкажа, якая гэта вялізная розніца. Таму я шчыра вітаю ўзвядзенне новага мікрараёна. Хай гучыць тут дзіцячы смех, хай ствараюцца новыя сем’і, хай б’е жыццё ключом у нашым Азёрным!


Марына ПІСКУН, прыбіральшчыца:


— Пераканана, што такое жыллё трэба будаваць. Тым больш што дзяржава дае льготныя крэдыты для маладых сямей, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Тым больш што і мясціны ля Подаўжы маляўнічыя. Самае галоўнае – стварыць усе неабходныя ўмовы для камфортнага пражывання маладых сямей з дзецьмі. Каб не пакідалі наш горад маладыя спецыялісты, каб заставаліся тут жыць і працаваць інжынеры, настаўнікі, урачы.


Марына САМАЙЛОВІЧ, жыхарка горада Жыткавічы:


— Зараз мы ў чаканні другога дзіцяці, а нядаўна сталі навасёламі дома №16. Таму я буду толькі рада, калі ў Подаўжы вырасце новы мікрараён №10. Трэба толькі зрабіць усё па-гаспадарску, захаваць лес, прыроду, паставіць лавачкі. Зараз шмат сямей, што маюць патрэбу ва ўласным жыллі. Мець яго – запаветная мара многіх. І хочацца, каб гэтая мара збылася як для маладых, так і для іншых катэгорый грамадзян.


Апытанне правёў С. ВІЛЬЧЫК.


Фота В. КІЖНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.