«ЖЫТНІЦА» — ЛАЎРЭАТ ФЕСТЫВАЛЮ «БЕЛАРУСЬ — МАЯ ПЕСНЯ»

Жыткаўшчына славіцца сваімі народнымі талентамі. Жамчужынай палескага краю з’яўляецца народны ансамбль народнай песні “Жытніца”. Гэты калектыў па праву можна назваць візітоўкай нашага раёна. Стваральнікам і кіраўніком народнага ансамбля “Жытніца” з’яўляецца Таццяна Аляксандраўна Еўлаш.


Пасля заканчэння ў 1980 годзе Мінскага інстытута культуры яна была накіравана ў Жыткавіцкі раённы аддзел культуры, дзе і па цяперашні час працуе дырэктарам гарадскога цэнтра культуры.


З дзяцінства Таццяна Аляксандраўна была ў асяроддзі песеннага мастацтва. Маці — выдатная самадзейная спявачка, бацька — гарманіст, далучылі яе да багацця народнай культуры. Энергіяй, гумарам, вясёлым характарам, выдатнымі арганізацыйнымі здольнасцямі надзяліла прырода гэтую цудоўную жанчыну. Пад яе кіраўніцтвам выступленне ансамбля заўсёды яркае, відовішчнае, у якім спалучаецца музыка, песня, народны жарт.


Творчы шлях калектыву – 22 гады. За гэты час ансамбль “Жытніца” даў сотні канцэртаў. Калектыў вядзе актыўную канцэртную дзейнасць не толькі на роднай зямлі, але і неаднаразова выязджаў на гастролі ў Германію з дабрачынным канцэртам. Яму дарылі самыя цёплыя апладысменты ў Расіі, ва Украіне. Ансамбль “Жытніца” паспяхова выступаў на абласным, рэспубліканскім тэлебачанні ў такіх перадачах як “Запрашаем на вячоркі”, “Спявай, душа”, “Фальклорныя замалёўкі”.


Высокая выканаўчая культура вызначае гэты калектыў. Ён мае шмат узнагарод. Калектыў з’яўляецца дыпламантам Міжнароднага конкурсу выканаўцаў народнай песні “Дружба-93” (г. Бранск), лаўрэатам рэспубліканскага фестывалю “Сожскі карагод” (1997), тройчы лаўрэатам рэспубліканскага фестывалю “Беларусь – мая песня”. Трэба адзначыць, што гэта адзіны калектыў, які мае такое званне.


Акрамя гэтага, “Жытніца” – дыпламант Міжнароднага фестывалю славянскіх культур “Хотмыжская восень” (г. Белгарад), уладальнік гран-пры фестывалю песеннай творчасці “Гэты дзіўны спеў з глыбінь народных” (на прыз кіраўніка Дзяржаўнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г Цітовіча М.П. Дрынеўскага, г. Лельчыцы, 2008 г.), з’яўляецца ўдзельнікам справаздачы майстроў мастацтваў Гомельскай вобласці, прысвечанага 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таксама ансамбль неаднаразова прымаў удзел ў абласных і рэспубліканскіх “Дажынках”, кірмашах, выставах. Ён – жаданы госць святаў горада ў суседніх раёнах.


2010 год “Жытніцы” прынёс прыемныя сюпрызы і значныя падзеі ў яго творчым жыцці. Калектыў прыняў удзел ва ўсіх ганаровых мерапрыемствах, конкурсах, фестывалях. Ён стаў дыпламантам фестывалю этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”, зрабіў свой унёсак у перамогу конкурсу сярод падвор’яў. Жыткавіцкае падвор’е атрымала “Гран-пры” фестывалю.


Калектыў – удзельнік рэспубліканскага праекта “Слаўлю цябе, зямля беларуская”, “Дажынак-2010” у горадзе Ліда, рэспубліканскіх сельскагаспадарчых і рыбных кірмашоў.


Ансамбль “Жытніца” прыняў удзел у адборачным туры рэспубліканскага свята-конкурсу вакальна-харавых калектываў, прысвечанага 100-годдзю Г.І. Цітовіча, дзе па выніках конкурсу быў адабраны для ўдзелу ў гала-канцэрце пераможцаў гэтага свята ў горадзе Мінску. Гала-канцэрт адбыўся 11 снежня ў Белдзяржфілармоніі. Зала была перапоўнена прыхільнікамі беларускай народнай песні. Калектыў адразу заваяваў сэрцы гледачоў, а пасля выканання песні “У Кацярыны муж гуляка” гледачы шчыра апладзіравалі гэтаму калектыву. Таму і вынік удзелу ў конкурсе – дыплом першай ступені і падарункі. А як пераможцу фестывалю “Беларусь – мая песня” быў уручаны вялікі крыштальны кубак. Трэба адзначыць, што “Жытніца” – адзіны калектыў у раёне, які станавіўся лаўрэатам трох гэтых фестываляў.


У калектыве ўсталяваліся добрыя сяброўскія адносіны. Удзельнікі ансамбля разам святкуюць знамянальныя падзеі, дні нараджэння, наведваюць канцэрты прафесійных калектываў, сустракаюцца з дзеячамі мастацтва, абменьваюцца вопытам з іншымі самадзейнымі калектывамі.


У “Жытніцы” наперадзе шмат творчых планаў і задумак. Сваімі песнямі ансамбль працягвае здзіўляць і зачароўваць гледачоў, ды так, што на душы становіцца радасна і цёпла. Ён здольны “разагрэць” публіку і ўпрыгожыць любое свята. Вывучаць культуру свайго краю, народа ва ўсіх яго з’явах, захоўваць і працягваць яго традыцыі – такімі бачацца далейшыя задачы творчага калектыву.


Народны ансамбль народнай песні “Жытніца” – жыве, спявае, нясе святло свайго мастацтва людзям.


В КАЦУБІНСКАЯ, мастацкі кіраўнік ГЦК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.