Ахвяра і Герой, альбо Што хаваецца за трыма радкамі ў кнізе «Памяць»

Аднойчы да мяне прыйшла жанчына. Яўгенія Рыгораўна Матвеец. Са сваёй крыўдай. Паведаміла: мая цётка – падпольшчыца, яе закатавалі фашысцкія нелюдзі, а на нядаўна адкрытым помніку ў рыбгасе “Белае” няма яе імя. Лічу, што гэта несправядліва…


Яўгенія Рыгораўна не магла зразумець, як так атрымалася, і распавяла, наколькі магла, пра роднага чалавека, які загінуў, набліжаючы перамогу над ворагам, а з памяццю пра яе адбываецца нешта не так…


Зразумела, сітуацыя не магла мяне не зацікавіць.


Знайшоў на паліцы гісторыка-дакументальную хроніку “Памяць. Жыт-кавіцкі раён”. Да гэтага выдання звяртаюся найперш з надзеяй знайсці патрэбную інфармацыю, нягледзячы на няпоўныя звесткі, занатаваныя там аўтарскім калектывам, у тым ліку і пра сапраўдных герояў, пра ахвяры фашысцкага тэрору.


І – расчараванне. Ні ў вёсцы Баравая, ні ў вёсцы Белае пра падпольшчыцу Жэню Матвеец нічога не згадваецца. Хацеў пакласці кнігу назад, на паліцу, але раптам з’явілася думка пашукаць яшчэ: а можа, памылкова значыцца ў іншым населеным пункце, у другім сельсавеце. Людзі ж кнігу складалі – маглі і памыліцца. Ды і памяць за пяцьдзесят гадоў людская сцерлася.


Знайшоў. Чамусьці ў Юркевічах, на старонцы 630. Праўда, прозвішча крыху перакручанае: “Мацвеявец Яўгенія Сцяпанаўна, падпольшчыца, нарадзілася ў 1923 годзе, расстраляна ў лютым 1943 г. у Жыткавічах.”


Зачытаў гэты запіс жанчыне, супакоіў: не, не выкрэслена, атрымліваецца, з нашай памяці імя падпольшчыцы. Тады ж, у размове, і вырашыў: расказаць пра дзяўчыну, якая так мала пражыла, але зрабіць паспела дзеля людзей так многа. Відавочна, яна заслугоўвае больш чым трох радкоў у кнізе “Памяць”. Яўгенія Рыгораўна была тут мне добрай памочніцай: яна ж захавала некаторыя ўспаміны аднакласніцы цёткі, цяпер нябожчыцы Соф’і Сцяпук, якія разам з успамінамі Героя Савецкага Саюза Івана Чорнага і ляглі ў аснову гэтага нарыса.


 “Прашу здрадніка Радзімы не шкадаваць мяне!..”


1945 год. На судзе аднаму здрадніку Радзімы задалі пытанне: «Чаму ты здрадзіў свайму народу, што прымусіла цябе гэта зрабіць?» Ён адказаў: «Я думаў, што немцаў нам не перамагчы. Яны хутка захапілі нашыя тэрыторыі. У іх была вялікая сіла, шмат самалётаў і танкаў. Не верыў у перамогу нашых. А потым, калі пераканаўся, што нас не перамагчы немцам, жадаў сысці да партызанаў, але пабаяўся. Падумаў, што мне партызаны не павераць і расстраляюць».


Яму задалі яшчэ пытанне: «Калі гэта потым ты змог пераканацца, што наш народ не перамагчы фашыстам?»


– Я вадзіў на допыты і з допытаў у камеры нашых арыштаваных немцамі людзей. Бачыў, як іх білі, мучылі. Дагэтуль не магу забыцца на маладзенькую дзяўчыну, не ведаю ўжо як яе звалі. Ведаю, што гэтая дзяўчына была з рыбгаса «Белае». Яе білі і катавалі страшней іншых.


Калі я заходзіў за ёю, каб адвесці ў камеру, то кожны раз бачыў: немцы сядзяць потныя. Можна сказаць, у шаленстве. Адзін раз я не вытрымаў (у мяне таксама дачка) і, калі вёў дзяўчыну ў камеру, сказаў: «Дзяўчына, пашкадуй ты сама сябе. Павер, што нашай уладзе ўжо не вярнуцца».


Яна, знясіленая, збітая да крыві, спынілася, паглядзела на мяне з нянавісцю і сказала: «Прашу здрадніка Радзімы не шкадаваць мяне. Мяне пашкадуюць лепшыя людзі» і плюнула мне ў твар.


Прыйшоўшы дадому, я доўга не мог заснуць. Думаў і думаў. Каяўся, але было ўжо позна…


Жэнька ёсць Жэнька…


Жэня Матвеец расла ў рыбгасе “Белае”. Па ўспамінах родных і блізкіх, яна была вельмі смелай дзяўчынкай, моцнай і фізічна, і духоўна. Без страху разганяла бойкі хлапчукоў, і на яе не было ў іх ніякай крыўды. Вясковыя хлапчукі і дзяўчаткі дзівіліся яе адвазе і моцы. Паважалі за гэта яе. Асабліва паважалі за справядлівасць. Жэнька, гэты хлапчук у спадніцы, заўсёды казала: «Люблю праўду, ненавіжу зман».


А сама дзяўчынка мела прыгожую мару. Хацела стаць лётчыцай і рыхтавала сябе да гэтага. Яна шмат чытала аб лётчыках, займалася фізічнымі практыкаваннямі. Асабліва вечарамі, каб не бачылі яе.


Сцяпан Матвеец, яе будучы бацька, браў за жонку жанчыну, якая ўжо мела сына Івана. Хлопец ужо быў вялікі. Праз нейкі час у сям’і Матвеяўцоў нарадзілася сумесная дачушка Жэня, а потым і малодшыя — Вольга і Рыгор. Сям’і быў выдадзены дом раскулачаных і сасланых у Сібір гаспадароў, крыху наводшыбе ад цяперашняй Савецкай вуліцы ў Юркевічах.


Але, як кажуць, на чужой бядзе і ў чужой хаце вялікага шчасця не збудуеш. Бацька рана памёр. І маці, як яго не стала, падалася ў рыбгас, дзе ўладкавалася прыбіральшчыцай. Там ужо наладзіў сваё жыццё яе старэйшы сын Іван Леановіч, які працаваў у рыбгасе. Сям’я жыла вельмі бедна.


Дырэктар рыбгаса Яблыкаў быў добрым чалавекам і імкнуўся аказваць дапамогу. Але такая падтрымка была вельмі малая для немалой сям’і.


Жэнька амаль заўсёды хадзіла ў школу ў кортавай чорнага колеру спадніцы і баваўнянай белай кофце. Гэта была самая лепшая яе адзежа.


Соня Сцяпук, аднакласніца: “Я з дзяцінства ведаю Жэньку…”


Ёсць песня аб беларускай партызанцы па імені Жэнька. Шмат у песні падобна дзяўчыне, якую я ведаю і думаю, што гэта народ склаў песню менавіта пра Матвеец Жэню Сцяпанаўну.


У песні ёсць словы: «Вялікая сіла ў ёй была, Высокія травы касіла»…


Жэнька Матвеец сапраўды была такой.


Школа была ад рыбгаса за некалькі кіламетраў, у вёсцы Юркевічы. Вучылася Жэнька старанна, вельмі любіла матэматыку.


1 верасня Жэнька раней іншых аднакласнікаў прыходзіла ў школу і займала першую парту поруч стала. Казала: «Буду сядзець ззаду — буду нехаця адцягваць увагу ад урокаў». Усе ўжо да гэтага прывыклі, і першая парта поруч настаўніцкага стала апошнія гады была толькі Жэнькінай…


Да дошкі яна выходзіла неяк адмыслова. З радасцю, энергічна, рыўком. Аднойчы яна так хутка ірванула да дошкі, што пацягнула за сабой парту, а парта ссунула стол з месца. Настаўнік Іван Адамавіч спалохана схапіўся за стол. Ён сядзеў на зэдліку поруч стала. Жэнька перапрасіла яго, паправіла парту, падбегла да дошкі і пачала рашаць задачу. Усе прыціхлі, урок працягваўся. Пасля ўрокаў мы Жэні сказалі: «Ты спалохала не толькі Івана Адамавіча, а і нас усіх»…


Праверка на… сумленнасць


У кожнага з нас у школьным жыцці надараліся розныя сітуацыі, якія памятаюцца ўсё жыццё… Было гэта ў старэйшых класах. Аднойчы Жэня папрасіла сваіх аднакласнікаў пасля званка не затрымлівацца нідзе і адразу ўсім прыйсці ў клас. «Будзе аб’ява», — сказала яна. Яе ўсе паслухаліся, бо ведалі, што нешта цікавае будзе.


Пасля званка Жэня ўбачыла, што ўсе аднакласнікі зайшлі ў клас. Паглядзела ці няма побач настаўнікаў і паведаміла: «Я напісала пытанне дырэктару школы. Мы даведаемся, ці на ўсе пытанні адказваюць настаўнікі і даведаемся, ці ёсць здраднікі ў нашым класе. Лепш цяпер скажыце, што я дрэнна паступіла. Што я няправая, каб я парвала сваё пытанне. Я вас паслухаю.”


У Юркевіцкай школе тады была добрая традыцыя: раз у чвэрць ладзіўся вечар адказаў на пытанні. Пытанні дазвалялі пісаць і без подпісу. І старшакласнікі пісалі пытанні і кідалі ў скрыню, зачыненую на замок.


Пытанне Жэнька Матвеец задала такое: «Чаму менавіта на носе ў дырэктара школы села болька. Ці не таму, што ён заўсёды злосны і па-грубіянску звяртаецца да вучняў?»


Дырэктар школы, на думку дзятвы, быў вельмі строгі. Зразумела, што ўсе з нецярпеннем чакалі гэтага вечара з адказамі на пытанні. Апошнім выйшаў адказваць на пытанні з усмешкай дырэктар школы Гагалінскі. Ён прачытаў пытанне і сказаў: «А я і сам не ведаю, як адказаць на гэтае пытанне. У наступны раз, калі будуць такія пытанні, мы запросім медыкаў». Потым жартам дадаў: «Паглядзіце, я ж сёння зусім не злосны. Ваша запіска пойдзе мне на карысць».


Магчыма, дырэктар школы так і не даведаўся, хто адважыўся напісаць такое пытанне. А ў душы можа і не крыўдзіўся, што ў такой форме паказалі на яго грубіянства. У любым выпадку усе дзякуючы смеласці Жэні пераканаліся, што настаўнікі сапраўды шчырыя з імі, і што ў класе няма здраднікаў…


Адчайная, смелая…


Жэня Матвеец з дзяцінства праніклася любоўю да роднага краю, захаплялася яго прыгажосцю. Як і ўсе рыбгасаўскія дзеці, любіла купацца, загараць. Аднойчы яна нават выратавала сваю сяброўку ад смерці…


Было гэта так. Школьнікі ўпадабалі купацца ў найблізкай сажалцы, побач з мастом. Там была глыбокая канава — па глыбіні вышэй іхняга росту з паднятымі рукамі. Вада з канавы залівала сажалку, у якой выгадоўвалі рыбу. Дзе праходзіць канава ў сажалцы, дзятва здагадвалася толькі па мосціку. Тыя, хто мог добра плаваць, пераплывалі канаву, скакалі ў яе з маста і са дна даставалі рукой пясок. Маўляў, глядзіце: «У мяне ў руцэ пясок, значыць я дастаў дно». Сонька Сцяпук, самая лепшая сяброўка Жэні, таксама спрабавала даставаць пясок і даўжэй пабыць пад вадой. Плавала яна добра. Ды было б дзіўным, калі б у гэтым азёрным краі дзеці не ўмелі плаваць.


Аднойчы гэтак купаліся і хтосьці неспадзявана пхнуў Соню ў ваду, і яна звалілася ў канаву. Як звычайна, дзяўчынка дала штуршок нагой, але не змагла падняцца, усплыць на паверхню вады. Зноў і зноў яна спрабавала адштурхвацца нагой са дна, але не атрымалася нават галавой дастаць паверхні, каб набраць паветра і крыкнуць. Паспела толькі падумаць: «Я тану. Калі заўважаць рабяты — выратуюць. А не заўважаць у такім шуме — канец майго жыцця». І раптам яе за валасы лёгка паднялі наверх.


Аказалася, першай заўважыла Жэнька, што сяброўка тоне. Валасы дзяўчынкі паказваліся на паверхні і зноў схаваліся пад вадой. Яна здагадалася, што здарылася бяда, і закрычала: «На дапамогу, дайце мне рукі!..». Жэнька паспела схапіць Соню за валасы адной рукой, а за другую руку яе пацягнулі рабяты, што стаялі зблізку па поясе ў вадзе…


Потым Жэнька сяброўцы казала: «Я думала, што ты можаш пацягнуць мяне таксама на дно канавы, таму паклікала на дапамогу іншых».


«Ідзе мая ахова»…


(З успамінаў Соні Сцяпук)


У рыбгас прыходзіла шмат моладзі з найблізкіх вёсак, таму што ў тыя гады не было клубаў у вёсках. Быў толькі клуб у рыбгасе. Я, вучаніца дзявятага класа, спадабалася аднаму маладому хлопцу з лясніцтва. Ён быў старэйшы за мяне. Мне, яшчэ дзікай дзяўчынцы, не хацелася заставацца адной з дарослым хлопцам. Я прасіла Жэньку і Пятроўскую Ніну, каб яны не пакідалі мяне адну. Калі мы адыходзілі ад клуба, то дзяўчаты бралі мяне пад рукі.


У адзін з летніх вечароў хлопец вырашыў разбіць нашы рукі і стаць поруч мяне. З таго боку, дзе была Жэнька, ён не змог нас разлучыць, аднак здолеў раз’яднаць нашы рукі з Нінай і адпіхнуў яе. Ніна ўцякла на танцы ў клуб. А вось Жэнька не адышла ад нас. Я сціскала моцна яе руку, даючы зразумець, каб яна не пакідала мяне. Потым за адданасць пацалавала яе, а пры сустрэчах з усмешкай казала: «Ідзе мая ахова»…


Жэнька пры нас заяўляла, што не выйдзе замуж, таму што ў хлопцах не знаходзіць нічога добрага. Перад самой вайной, першага мая 1941 года мы, школьнікі, пасля канцэрту, які падрыхтавалі да свята для насельніцтва, вярталіся ўвечар дадому. Нас, дзяўчынак старэйшых класаў, пайшлі праводзіць дадому рабяты.


У наш бок, у вёску Баравая, ішоў без дзяўчынкі Некрашэвіч Рыгор. Ён яшчэ ў той час з дзяўчынкамі не сябраваў. Быў ціхім, сціплым, сарамлівым, але сімпатычным хлопцам, добра вучыўся. Па дарозе ён сказаў: «Жэнь, дазволь я цябе правяду дадому». На другі дзень, калі мы сустрэліся ля клуба, Жэнька падышла і пры ўсіх гучна сказала: «Рабяты, забіраю свае словы назад. Гэта вельмі прыемна правесці час з добрым, разумным хлопцам». Мы зарагаталі ад яе прызнання. Ведалі, што яе словы шчырыя. Калі яна памылялася, то заўсёды прызнавалася ў гэтым.


Магла іншага і зганьбіць…


Жэня Матвеец адрознівалася ад іншых аднагодкаў не толькі розумам, сілай, адвагай, але і рашучымі непрадказальнымі дзеяннямі. Ніколі не праходзіла міма тых, каго крыўдзілі. Уставала на абарону пакрыўджанага. Гэта ўсе ведалі, і хлопцы яе пабойваліся. І за сябе магла пастаяць.


Быў у яе жыцці адзін такі выпадак…


Увосень 1940 года да аднаго рыбгасаўца прыехаў яго родны брат. У яго ўжо быў ордэн Чырвонай Зоркі за ўдзел у савецка-фінляндскай вайне. Дзяўчына жыла побач з братам прыезджага, таму і пазнаёмілася хутка з госцем. Ён папрасіў яе паказаць яму сажалкі, у якіх гадавалі карпаў. Адмовіць у ветлівай просьбе геройскага афіцэра Жэнька не асмелілася. Яна пайшла з ім да сажалак. А месцы там вельмі прыгожыя.


Калі яны адышліся далей ад рыбгаса, прыезджы стаў прызнавацца ў каханні. Прасіў, каб Жэнька пагадзілася стаць яго жонкай, а потым нават каб стала яго жонкай з гэтага часу і на гэтым месцы. Жэня толькі на гэта засмяялася, сказала, што не верыць яго словам і клятвам. Пад канец надумалася пасмяяцца: «Калі ты жадаеш, каб я паверыла табе, то дай мне свой ордэн». Ён зняў свой ордэн і аддаў ёй. Жэнька з ордэнам крутнулася і пабегла. Зганьбаваны залётнік выхапіў наган і закрычаў: «Заб’ю, аддай ордэн!» Ордэн дзяўчыне прыйшлося кінуць у яго бок.


У той жа дзень (была субота), калі ў клубе сабралася шмат народу, Жэнька распавяла аб усім гучна і падрабязна, каб чулі і пажылыя людзі. Дарослыя слухалі і рагаталі на ўвесь клуб. Многія ўхвалялі ўчынак Жэнькі, а некаторыя абураліся і казалі: «Трэба было ёй маўчаць і не ганьбіць гэтага чалавека”.


Паводзіны ўхажора не вытрымалі выпрабавання каханнем: ён з хаты брата не выходзіў і на другі дзень зусім з’ехаў з рыбгаса.


Такой смелай, адчайнай нарадзілася гэтая дзяўчына, якой баяліся нават дарослыя хлопцы, нават смяяліся: “Гэтую – не чапай! Адмажа дык адмажа!”


“Я доўга плакала – не давала веры…”


(З успамінаў Соні Сцяпук)


Калі пачалася Айчынная вайна, нам бацька параіў ад’ехаць далей ад мяжы. Ён сказаў: «З’язджайце, там сярод сваіх людзей вам лягчэй будзе перажыць час вайны. А мяне забяруць на фронт. Я вам не дапамагу».


Бацька ўжо ўдзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне і ў вызваленні Заходняй Беларусі. Ён ведаў, што такое вайна. Мы паслухаліся бацькі і адправіліся ў эвакуацыю 3 ліпеня 1941 года. З гэтага часу мы з Жэняй расталіся.


Прывезлі нас у Сталінградскую вобласць, Урупінскі раён. Там па першым закліку ЦК ВЛКСМ 2.04.1942 года я сышла на абарону сваёй Айчыны.


Нярадасную вестачку аб Жэньцы Матвеец я атрымала ад сваёй аднакласніцы Кулакоўскай Марыны. Яна пісала: «Шкадуем усе Жэню. Яна загінула. Загінула, як герой. Калі яе арыштавалі, мы баяліся, што яна не вытрымае катаванняў і нават змянілі месцазнаходжанне свайго атрада. Пасля яе арышту ў студзені 1943 года іншых арыштаў не было. Значыць, нікога не выдала. Яна была ў нашым атрадзе сувязной і ведала іншых сувязных нашага раёна. Страшныя катаванні не прымусілі яе выдаць нашых людзей…


Я доўга плакала – не давала веры, што маёй Жэнькі няма на свеце…


Дадзеныя даставерныя


Як Жэня Матвеец стала сувязной? Зразумела, адважная дзяўчына, выхаваная савецкай уладай, не магла стаяць убаку, калі вораг прынёс столькі здзекаў яе народу…


У верасні сарок другога года ў Жыткавічах узнікла падпольная група, якую ўзначаліў інжынер Гораў. Яна налічала шэсць чалавек: самога Горава і яго непаўналетняга сына, лейтэнанта інжынерных войскаў Мікалая Каржа, які вярнуўся з акружэння да сям’і, Іосіфа Гарбуза і рабочага мехпункта Сцяпана Татура з жонкай. У тыя ж дні ў групу ўвайшла і Жэня Матвеец, прызначаная сувязной. Дзяўчына адказвала за сувязь з партызанамі, якія размяшчаліся ў раёне Булева балота.


Усе падпольшчыкі ведалі адзін аднаго, часта сустракаліся, прычым неаднаразова прыходзілі на працу да Горава, каб параіцца з ім і атрымліваць указанні, перадаваныя з партызанскага атрада праз Жэню Матвеец.


Часам Жэня Матвеец не магла прыйсці да Горава. Тады яна ішла да Іосіфа Гарбуза або знаходзіла ў горадзе Мікалая Каржа, і ўказанні камандавання перадаваліся падпольшчыкам праз іх. Яна не аднойчы рызыкавала сваім жыццём…


Адважная дзяўчына


(З успамінаў Героя Савецкага Саюза палкоўніка І.М. Чорнага*)


…4 снежня 1942 года ў маёй зямлянцы дапазна заседзеліся Сеня Скрыпнік, начальнік штаба Васіль Фёдаравіч Гусеў і даручэнец Пётр Істратаў.


Абмяркоўвалі падзеі на фронце і ў нас у раёне, вячэралі.


Нарэшце разышліся. Я загасіў лямпу, прыслабіў рамяні, сцягнуў боты і выцягнуўся на палках.


Сон прыйшоў імгненна, але цягнуўся нядоўга: падняў рэзкі стук у дзверы.


Ускочыў з палкоў, шукаючы снараджэнне.


– Хто там? Уваходзь!


Зарыпелі дзверы, па нагах шуганула холадам, трывожны голас Мікалая Кузьменкі глуха аддаваўся ў сыраватым нутры зямлянкі:


– Таварыш капітан!.. Гэта я. Вырашыў разбудзіць… Сувязная з Жыткавіч!


Па раптоўным з’яўленні Кузьменкі, па яго стану я здагадаўся: бяда.


– Што здарылася? Кажы!


– Горава арыштавалі, таварыш капітан. Сем’і падпольшчыкаў хапаюць…


Начным лесам паскакалі мы на паўднёвую заставу.


Жэня Матвеец, невысокая дзяўчына гадоў васемнаццаці, абутая ў вялікія валёнкі, сядзела поруч бляшанай пячуркі ў зямлянцы, дзе жылі сёстры Кірбай і іншыя жанчыны атрада.


Ніхто не спаў.


Мы прывіталіся з Жэняй, я папрасіў яе пайсці ў іншую зямлянку, дзе ніхто не мог перашкодзіць нам.


Жэня накінула выцерты плюшавы кажушок, шэрую пухнатую хустку, прыхіліўшы галаву, ступіла праз парог…


Яна казала па-руску чыста, толькі зрэдку, калі асабліва хвалявалася, ужывала беларускія словы і прыемна «цокала».


Відаць было, дзяўчына вельмі стамілася, пятнаццаць кіламетраў па начным лесе даліся ёй нялёгка.


Тым не менш распавядала Жэня аб падзеях мінулага дня, не збіваючыся і не пераскокваючы з аднаго выпадку на іншы.


Позна ўвечары да яе прыбегла жонка Сцяпана Татура, рабочага механізаванага лесапункта, і паведаміла, што на мехпункт з’явіліся Іосіф Гарбуз і Мікалай Корж. На абодвух твару няма. Кажуць, што інжынер Гораў арыштаваны, разам з ім схопленыя жонка і сын, ідуць арышты сем’яў усіх падпольшчыкаў. Гарбуз і Корж выратаваліся цудам, паспелі папярэдзіць амаль усіх членаў групы, але ці змогуць тыя выбрацца з горада — не ведаюць.


Збор падпольшчыкаў яны прызначылі ў хаце ў Татура і зараз пытаюць, што ім рабіць.


Часу разважаць не прыходзілася.


– Перадай Гарбузу і Каржу, каб сабралі людзей і выйшлі да заўтрашняга вечара ў рыбгас «Белае». Ты ж сама там жывеш?


– Там, таварыш капітан.


– Вось і выдатна. Хай прыйдуць да цябе. За імі з’явяцца нашы партызаны і праводзяць на базу… Зрэшты, можа, табе не дайсці сягоння назад?


Жэня ўстала:


– Дайду, таварыш капітан. Лепш мяне ніхто дарог тут не ведае, заблытаюцца яшчэ, а людзі ж загінуць могуць!


– Ты хоць вячэрала сёння?


– Ды якая там вячэра… Я пайду! Часу шкада. Я загадаў Жэні застацца, павячэраць і выпіць гарачага чаю. Пасля гэтага дзяўчына сышла.


– З мехпункта пойдзеш дадому — глядзі ў абодва! — наказваў я сувязной. – У сваёй хаце днём не заставайся. Сядзі ў суседзяў. З’явяцца падпольшчыкі – убачыш. А немцы прыйдуць – неадкладна сыходзь у лес.


– Ды не турбуйцеся, таварыш капітан. Не ў першы раз! Мне б толькі да мехпункта хутчэй дабрацца!


Яна махнула рукой і закрочыла па лясной дарозе — маленькая, зусім яшчэ дзяўчынка, падобная ў тоўстым кажушку і хустцы на казачны калабок.


Калі б ведаць тады, што нядоўга засталося жыць нашаму дакладнаму, нашаму кранальна-жаноцкаму калабку! Спынілі б, вярнулі, паслалі каго-небудзь іншага!


Але ні я, ні мае таварышы не турбаваліся за Жэню — дасведчаная, знаходлівая, непрыкметная — не прападзе…


Увечар наступнага дня група нашых партызан пад камандаваннем Васіля Гусева накіравалася ў рыбгас «Белае». Да поўначы дабраліся да пасёлка, падышлі да хаты Матвеец. Павел Кірбай, які ўваходзіў у групу, заўважыў чалавека, які прыціснуўся да сцяны. Паклікаў. Яго пазнаў па голасе Корж, які стаяў вартавым.


У хаце Жэні Матвеец чакалі партызан змарнелы, змучаны думамі аб сям’і Іосіф Гарбуз, Сцяпан Татур з жонкай, падпольшчыкі Назаранка, Фяцісаў, Мацюнін, Барабашак і Цыгікалаў, а таксама жонка арыштаванага падпольшчыка Дзяткоўскага і маленькія дзеці, сын і дачка, схопленага паліцаямі Хомчанкі.


А Жэні Матвеец дома не было. Толькі маці яе трэслася ад рыданняў, ізноў і ізноў кідаючыся да людзей, выплакваючы сваю страшную бяду, распавядаючы, як схапілі і па-зверску білі яе дачку.


Аказалася, Жэня, стаміўшыся ад трыццацікіламетровага начнога паходу, з’явілася прама дадому і легла спаць. Яна выканала наш загад — папярэдзіла падпольшчыкаў, якія сабраліся на мехпункце, але падумаць аб самой сабе, паберагчыся злічыла, мабыць, ганебным, непатрэбным.


Збегчы, калі ў хату ўваліліся жандары, было ўжо позна…


Не думалі аб сабе


Так, няма нічога страшней, несправядлівей непатрэбных, нічым не апраўданых ахвяр. Жэня магла б жыць, калі б паслухалася маладога афіцэра Івана Чорнага, які пасля прыме атрад Г.М. Лінькова і выканае загад камандавання, стварыўшы арганізацыю, якая мела на мэце планамерную і своечасовую разведку аб дзеяннях, размяшчэнню праціўніка. Ужо вясной 1943 года ніводзін воінскі эшалон не праходзіў праз раён дзеяння злучэння Чорнага незаўважаным, ніводная перадыслакацыя часцей ворага не заставалася таямніцай для савецкага камандавання…


Лёс групы Горава незайздросны. Нягледзячы на тое, што яна ў апошні час, падпарадкоўваючыся патрабаванням штаба атрада, група стала дзейнічаць больш утойліва, аднак контрразведка магла, вядома, заўважыць частыя сустрэчы падпольшчыкаў, нават не ведаючы нічога значнага аб іх праўдзівай працы, і ўсё роўна правяла б арышты. Камандаванне прыйшло да высновы, што самым правільным было б ў гэтай складанай сітуацыі неадкладна вывесці групу Горава ў лес, а ў Жыткавічах знайсці іншых, меней прыкметных людзей. Аднак не паспелі гэта зрабіць. У межах гэтых падзей і была арыштавана сувязная Жэня Матвеец: нехта з мясцовых прадажнікаў падказаў паліцыі, што дзяўчына звязана з партызанамі і падпольшчыкамі.


Жэню паліцаі павезлі на санях у Жыткавічы. Чорны вельмі шкадаваў, што не змог адмовіць у просьбе Жэні і дазволіў у тую ноч ёй схадзіць дадому пабачыцца з мамай, сястрычкай і брацікам. Яна з імі пабачылася і… развіталася назаўжды. Але ж што зробіш.


Аб тым, што Жэню з Жыткавіч завезлі ў студзені 1943 года ў г. Мазыр, у той час ніхто не ведаў. Ніхто дагэтуль дакладна не ведае, дзе яна знайшла супакаенне.


“Здрадзіць сваім людзям не магу…”


(З успамінаў Соні Сцяпук)


Яшчэ адну вестачку аб Жэні я пачула ад жанчыны, якая ў гады вайны пякла партызанам хлеб у вёсцы Хуснае Пцічскага сельсавета былога Капаткевіцкага раёна. За гэта яе арыштавалі немцы, і яна сядзела ў турме ў горадзе Мазыры.


Прыблізна ў 1954 годзе я прыехала ў вёску Хуснае са сваім маленькім сынам у госці да сваякоў і пайшла з ім у канец вёскі. На ўзлеску мы збіралі па ягадцы буякі. Там я сустрэлася з пажылой жанчынай. Разгаварыліся. Яна ў мяне пытае: «Чыя ты будзеш?»


Аказалася, кабета добра ведала маіх бацькоў і мяне па бацьку. Я ж яе не магла памятаць. Мы да вайны жылі не ў Капаткевіцкім раёне, а ў Жыткавіцкім. Мяне бацькі не прывозілі ў месцы, дзе я нарадзілася. Бацька не хацеў, каб я сустрэлася са сваёй мамай. Я жыла з бацькам і яго новай сям’ёй. Бацька ўгаварыў маці, што ён зможа мне даць адукацыю, а мама гэтага не зможа зрабіць для мяне, таму што школа была далёка і мама жыла ў беднаце.


Потым гэтая пажылая жанчына спытала: ці памятаю я Жэню з рыбгаса «Белае»? Я здзівілася: «Адкуль вы яе ведаеце?»


– Я сядзела з ёй у адной камеры некалькі дзён у Мазыры. Пазнаёмілася з Жэняй бліжэй з-за твайго бацькі. Я ведала, што твой бацька павёз цябе далей ад мамы, і вы жылі ў рыбгасе. Я цікавілася тваім жыццём і жыццём твайго бацькі з іншай жонкай. Яна асабліва шмат распавядала пра цябе.


Мяне цікавіла Жэнька, і я папрасіла распавесці пра яе.


– Жэню моцна збівалі, катавалі. Калі яе пасля допытаў прыводзілі ў камеру, яна амаль заўсёды губляла прытомнасць і падала адразу поруч дзвярэй. Я спяшалася да яе і дапамагала прывесці яе ў прытомнасць, імкнулася прыхаваць для яе хоць трохі вады. Памятаю, Жэня казала: «Я ведаю, што мне ўжо не жыць. Здрадзіць сваім людзям я не магу. Мне не страшна ў такія гады паміраць. Шкадую толькі аб тым, што так мала паспела зрабіць для перамогі свайго народа. Шкада мамы, сястрычкі і браціка, мы ўжо не ўбачымся».


Аднойчы раніцай яна сказала: «Давайце сёння развітаемся. Я, мусіць, ужо не вярнуся».


Мы развіталіся, але я ўсё ж чакала і чакала Жэньку. Яна не вярнулася. Я зразумела, яе няма ў жывых».


– А што вас выратавала ад смерці? – спытала я ў гэтай жанчыны.


– На допытах я казала заўсёды адно і тое ж: «Я хацела выратаваць сваіх дзяцей ад галоднай смерці, таму пякла хлеб партызанам і заўсёды пакідала сваім дзецям хлеб. Партызаны па рацэ Пціч на лодцы прывозілі мне муку, а ад мяне везлі хлеб. Куды везлі, яны мне не казалі. А я ў іх і не пытала».


Таму мяне, мусіць, і выпусцілі з турмы дадому да дзяцей.


У належны год я пайшла на пенсію. З’явіўся вольны час. Мне захацелася напісаць у рыбгас «Белае» і ў школу, дзе вучылася Жэня. Нават падумала, а раптам адбыўся цуд, усякае ў жыцці здараецца, і Жэнька жывая.


На мой ліст са школы ніхто не адпісаў. З рыбгаса адказаў У. Макарэвіч, былы камандзір партызанскага ўзвода атрада №105. Ён пісаў:


— У рыбгасе ўсе ведаюць, што Жэня была сувязной партызанскай, што яе фашысты расстралялі, але дзе — не ведаюць…


Памятаць, каб жыць


Пасля вайны Соф’і Сцяпук* давялося быць у Калінкавічах. Там ёй расказалі, як судзілі аднаго паліцая. Быў такі выпадак, пасля вайны ў газетах пісалі. Як маладзенькая дзяўчына з рыбгаса “Белае” адна супрацьстаяла ворагам, сваёй стойкасцю прыводзіла фашыстаў у шаленства. Прымусіла здрадніка нашага народа не спаць, думаць і каяцца. Сцяпук напісала з Буда-Кашалёва, дзе працавала настаўніцай, пра гэта сям’і брата Жэні Матвеец Рыгора і прызналася, што ўсё жыццё памятала сваю дарагую сяброўку…


Рыхтуючы матэрыял да друку, я думаў: няўжо вясковая ўлада нешта не дагледзела? Чаму няма імя і прозвішча на новым помніку ў Баравой?


Мае сумненні, аднак, не мелі пад сабой ніякай падставы. Памяць пра сувязную ўвекавечана: прозвішча Жэні Матвеец нанесена на памятную пліту загінуўшых у Юркевічах, паведаміла старшыня сельвыканкама Алена Шпакевіч. І зроблена гэта было правільна, таму што Матвеец нарадзілася, жыла да Вялікай Айчыннай вайны ў Юркевічах.


Словы старшыні пацвердзіла аўтару радкоў старэйшая жыхарка Юркевічаў Ульяна Андрэеўна Лісовіч, якая на год старэйшая за гераіню майго аповяду, але добра памятае Жэню Матвеец.


Усё гэта, зразумела, Яўгенія Рыгораўна, пляменніца патрыёткі, не магла ведаць. Цяпер, дзякуючы звароту ў газету, ведае, што яе карані ў вёсцы Юркевічы. Там браў пачатак яе род, а прадоўжыўся ў Баравой.


Для мяне ж асабіста важная тут такая дэталь: і сам даведаўся пра сапраўдную патрыётку і людзям, як мог, расказаў. Не шкадую пра патрачаны час: трэба, каб мы заўсёды памяталі і паважалі памяць аб тых, хто не шкадаваў сябе і аддаў сваё жыццё за незалежнасць і волю нашага народа. Гэта самае галоўнае.


У. ГАЎРЫЛОВІЧ.


Пры падрыхтоўцы матэрыяла выкарыстаны крыніцы і ўспаміны, звесткі:


*И.Н.Черный. Данные достоверны. Военные мемуары. Военное издательство Министерства обороны СССР. Москва, 1968г.


*С.М. Сцяпук – дачкі даваеннага старшыні Юркевіцкага сельсавета М. Сцяпука, у пасляваенныя гады – настаўніцы, працавала ў Буда-Кашалёве, жыла ў Гомелі (занатаваныя ўспаміны).


*Я.Р. Матвеец, пляменніцы Жэні Матвеец, пенсіянеркі, працавала тэхнікам-тэхнолагам грамадскага харчавання ў г. Мінску. Цяпер жыве ў п. Азёрны.


* У.А. Лісовіч, жыхарка в. Юркевічы, 1922 года нараджэння.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.