Каляды ў Сяменчы

Перыяду зімовага сонцастаяння надаецца значэнне як часу, калі пачынае адраджацца на новы віток жыццё. Дзень павялічваецца, сонейка з кожным днём усё вышэй падымаецца над гарызонтам, набліжаецца вясенняе цяпло і адраджэнне зямной прыроды, чаго з вялікай надзеяй чакаюць славяне-язычнікі. Надыходзяць святы – Каляды.


Вельмі прыемна, што калядныя святкаванні захаваліся да нашага часу і традыцыйна адзначаюцца ў многіх беларускіх вёсках і гарадах.


Святочна і радасна сустракалі Каляду жыхары вёскі Сяменча: “Адчыняйце шчыра дзверы – у хату едзе Каляда!”


“Добры вечар, Шчодры вечар, Усім людзям На ўвесь вечар!”


Апранутыя вучні Чырванаборскай сярэдняй школы разам з “казой”, “мядзведзем”, Зоркай, Месяцам і Сонейкам рухаліся па вёсцы з хаты ў хату, выконвалі калядныя і шчадроўскія песні. Іх шчыра віталі і ўзнагароджвалі “Чым Бог паслаў”.


Асабліва вызначалася Каза, у ролі якой была вучаніца 7 класа Хрысціна Прыкота, яна выконвала ўсе просьбы гаспадароў, калядоўшчыкаў: то падала на падлогу, біла нагамі жыта, то лезла ў кут і паказвала хамут, то рогам, то хвастом, каб жыта ўрадзіла кругом. У ролі Мядзведзя быў вучань 6 класа Дзяніс Какора, вясёлымі цыганкамі, якія так умела варажбілі гаспадарам пра іх шчаслівае будучае, былі Сняжана Макарэвіч (9 клас), Юлія Рагалевіч (6 клас), Марына Баранік (6 клас).


Спачатку вучні завіталі ў кантору КСУП “Чырвоны Бор”. Іх прыемна сустрэлі працаўнікі бухгалтэрыі, якія з удзячнасцю ўзнагародзілі вучняў прысмакамі. Наведалі калядоўшчыкі і былых настаўнікаў Л.П.Іварбееву, Л.П.Лаўрусенка, Т.Д. Чорную, Г.К. Масла, якія пачаставалі арэхамі, цукеркамі ды яшчэ і грошай далі. А як весела было ў гаспадароў Святланы Фёдараўны Страхі і Генадзя Пятровіча, якія разам з калядоўшчыкамі прытанцоўвалі і спявалі.


Ніна Гаўрылаўна Агіевіч разам з дзецьмі спявала песні, адгадвала загадкі і пачаставала ўсіх духмянай гарбатай з мёдам.


Дадому ўсе вярталіся ўзбуджаныя, вясёлыя, радасныя ды яшчэ з пачастункамі і падарункамі. А дапамагалі адзначыць свята Каляды настаўнікі А.Л. Мулюк, Г.У. Дабжанская. Менавіта яны знаёмяць усіх з даўнімі традыцыямі, садзейнічаюць выхаванню павагі і любові да народнай спадчыны, мовы, спрадвечных традыцый беларусаў. Вялікі ім дзякуй!


Калядныя святы – гэта традыцыя вёскі Сяменча. Да гэтага свята рыхтаваліся ўсе семянчане загадзя: закуплялі цукеркі і розныя прысмакі.


І ў заканчэнне хачу сказаць: “Добрыя людзі жывуць у вёсцы Сяменча. Дык будзьце здаровы, жывіце багата, дарагія аднавяскоўцы!”


Г. ДАБЖАНСКАЯ, вёска Сяменча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.