Новы фармат: з карысцю для людзей

Пашыраны фармат апаратнай нарады з бягучага панядзелка ўвайшоў у практыку працы раённага выканаўчага камітэта — у ёй цяпер прымаюць удзел кіраўнікі гарадскога і сельскіх выканкамаў, галоўныя спецыялісты служб раёна, якія адказваюць за найбольш адчувальныя для насельніцтва пытанні па розных накірунках жыцця. Мэта такіх нарад — аператыўнае вырашэнне актуальных праблемных пытанняў, рэагаванне на звароты грамадзян, канкрэтызаваў старшыня райвыканкама Мікалай Какора.


Вучыцца ніколі не позна. Так можна назваць першы блок разгледжаных пытанняў, накіраваных на паляпшэнне працы камунальнай службы, структурных падраздзяленняў КУП «Жыткавіцкі камунальнік». Як вядома, самая вялікая колькасць скарг насельніцтва якраз падаецца на стан камунальнага абслугоўвання.


Уладзімір Быстрэнка, намеснік старшыні райвыканкама, днямі вывучаў вопыт працы ў Мазырскім раёне і праінфармаваў прысутных аб убачаным. Многае дастойна пераймання. М. Какора канкрэтызаваў задачы для адпаведных служб і кіраўнікоў сельвыканкамаў, якія накіраваны на рэагаванне і вырашэнне існуючых праблемных пытанняў.


Аб надзвычайных сітуацыях, якія адбыліся на тэрыторыі горада і раёна за мінулы тыдзень паведаміў начальнік РАНС У. Кулеш. Адзначана, што ў в. Бялёў згарэў дом, дзе пражывала мнагадзетная сям’я. Папярэдняя версія — неасцярожнасць з агнём. 493 сантыметры — такі ўзровень вады ў р. Прыпяць, штодня яна прыбывае на 1 см. Эпідэміялагічная сітуацыя стабільная. Адпаведныя службы праводзяць падворныя абходы. Выконваюцца розныя мерапрыемствы па папярэджванню і мінімізацыі наступстваў паводкі.


Кіраўнік раёна, звяртаючыся да адказных асоб, абавязаў іх прыняць належныя меры, каб людзі маглі своечасова набыць гумавыя боты, будаўнічыя матэрыялы і іншае. У цэнтры ўвагі павінны быць усе населеныя пункты, якія падтапліваюцца ў басейне ракі Прыпяць і Случ.


Намеснік начальніка РАУС Я. Купрацэвіч адзначыў, што за тыдзень зарэгістравана 52 звароты, узбуджаны 4 крымінальныя справы, 23 парушэнні правілаў дарожнага руху.


Старшыня райсавета Н. Рамановіч агучыла пытанне аб працы ўчастковых інспектараў на адміністрацыйных тэрыторыях: на яе думку, яны працуюць на месцы недастаткова. Раённаму адзелу ўнутраных спраў рэкамендавана перагледзець графікі працы гэтай катэгорыі работнікаў, з перанясеннем асноўнай увагі праваахоўнікаў на ўчасткі.


Стан захворванняў, у тым ліку рэспіраторных, прафілактычнай работы па папярэджванню захворванняў агучылі галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Л. Белка і галоўны ўрач ЦРБ М. Бабенка. У сувязі з магчымай паводкай, канстатавалі яны, звяртаецца ўвага на недапушчэнне росту кішачных захворванняў. Ва ўстановах аховы здароўя створаны месячны запас медыкаментаў.


Аб працы і праблемах камунальнай гаспадаркі па выніках мінулага тыдня на нарадзе праінфармаваў А. Савосценка, дырэктар КУП «Жыткавіцкі камунальнік». Бесперапынная праца сістэм цеплазабеспячэння сёння наладжана, аднак часам узнікаюць праблемы з чалавечым фактарам. А. Савосценка, распавёўшы аб унутрыведамасным кантролі, звярнуўся за дапамогай да старшынь сельвыканкамаў і дырэктароў сельскіх школ аб дадатковым кантролі за дзейнасцю кацельняў, якія з’яўляюцца крыніцай павышанай бяспекі.


На апаратнай нарадзе разгледжаны пытанні, узнікшыя на тэрыторыі сельскіх Саветаў. Размова ішла аб рабоце наглядальных камісій, аб барацьбе з брадзяжнымі жывёламі, асвятленні населеных пунктаў.


Аб працы індывідуальных прадпрымальнікаў, якія вядуць закуп лішкаў сельгаспрадукцыі ў прыватным сектары, функцыянаванні АПК праінфармаваў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А. Наўныка.


Намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтву У. Быстрэнка праінфармаваў аб перадачы на баланс КУП «Жыткавіцкі камунальнік» інтэрната ДПТВ-182 з абласной камунальнай уласнасці, а таксама аб выдзяленні пляцоўкі для будаўніцтва палігона цвёрдых бытавых адходаў г.Тураў. С.Таболіч, намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы, вёў размову па рэалізацыі ў раёне інвестыцыйных праектаў і прыцягненні інвестыцый, а таксама аб зносе невыкарыстоўваемых доўгі час КСУПам «Людзяневічы» будынкаў, што прыйшлі ў нягоднасць.


Аб выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях» праінфармаваў В. Рагалевіч, намеснік старшыні райвыканкама. У сацыяльны прытулак днямі змешчаны трое дзяцей з нядобранадзейнай сям’і з в. Дзякавічы.


На нарадзе заслуханы шэраг справаздач па выкананню дадзеных старшынёй райвыканкама даручэнняў.


Кіраўнік райвыканкама звярнуў увагу на павышэнне статуса органаў мясцовага кіравання і самакіравання. На сённяшні дзень старшыні гарсельвыканкамаў нясуць персанальную адказнасць за выкананне ўскладзеных на выканкам задач і функцый, стан спраў на падведамаснай тэрыторыі, ажыццяўляюць каардынацыю дзейнасці арганізацый, якія знаходзяцца на падведамаснай тэрыторыі, узгадняюць ўсе пытанні, звязаныя з улікам рабочага часу работнікаў усіх устаноў на тэрыторыі Савета. У мэтах сваёй кампетэнцыі могуць уносіць прапановы аб вызваленні ад займаемай пасады кіраўнікоў арганізацый пры невыкананні імі рашэнняў мясцовага органа ўлады. М. Какора адзначыў, што павышэнне статуса органаў мясцовага кіравання і самакіравання таксама накіравана на паляпшэнне працы з насельніцтвам, аператыўнае рэагаванне на іх звароты і вырашэнне існуючых праблем.


Разгледжана шырокае кола праблем камунальнага характару, у тым ліку абслугоўвання і ачысткі дарог ад снегу, арганізацыі вывазкі бытавога смецця з прыватных падворкаў у сельскай мясцовасці. Кіраўнік раёна заклікаў да паўсядзённай дзейнасці па навядзенню парадку на зямлі.


М. Какора зрабіў некалькі даручэнняў па паляпшэнню дзейнасці апарата райвыканкама.


У. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.