Прыбавілі дзякавіцкія жывёлаводы

Першы месяц новага года дзякавіцкія жывёлаводы па вытворчасці малака маюць нядрэнную прыбаўку, прычым не толькі па надоях, але і па продажы.


На дзякавіцкую малочнатаварную ферму Мы трапілі а палове першай дня. У гэты час тут распачалася дзённая дойка.


— Яшчэ ў снежні мы перайшлі на трохразовае даенне, — расказвае загадчык структурнага падраздзялення Лідзія Жураўлевіч. – Гэта дазваляе нам атрымліваць больш малака. На цяперашні час мы доім ад каровы па сем літраў, але гэты паказчык хутка ўзрасце, бо пачнуцца масавыя расцёлы.


Увогуле спецыяліст задаволены, як на ўзначальваемай ёю малочнатаварнай ферме складваюцца справы ў бягучы зімова-стойлавы перыяд. Штодзённа з фермы на малаказавод паступае амаль тры тоны малака, прычым толькі гатункам “экстра”. Рост вытворчасці малака ў параўнанні з мінулагоднім перыядам забяспечаны амаль у два разы.


– Гэта вынік той працы, якую мы прыклалі падчас падрыхтоўкі да зімоўкі, — адзначае Лідзія Іванаўна. – Памяшканні падрыхтавалі добра, уцяплілі, маем дастатковы запас разнастайных кармоў, якія паступаюць у кармушкі жывёле ў якасці кормасумесяў. Для гэтых мэт маецца кормазмяшальнік, які гаспадарка набыла напрыканцы мінулага года. Каровы рэгулярна выганяюцца на прагулкі ў кашары, выконваюцца іншыя тэхналагічныя аперацыі. А яшчэ і жывёлаводы стараюцца, бо ад велічыні надояў напрамую залежаць іх заробкі.


Сапраўды, на ферме цяпер пануе зусім іншы настрой, у чым пераканаліся пагутарыўшы з перадавымі аператарамі машыннага даення Тамарай Купрацэвіч і Антанінай Чэркас. Па выніках мінулага года яны надаілі больш чым па чатыры тысячы кілаграмаў малака ад кожнай каровы сваёй групы.


— Трыццаць гадоў працую на ферме, — расказвае Тамара Мікалаеўна, — а такі надой ад каровы атрымала ўпершыню. Цяпер хочацца яшчэ большага паказчыка дабіцца, тым больш што ёсць для гэтага на ферме ўсе ўмовы: кармоў шмат, на змену ручной працы прыходзіць механізацыя. Адно старанне праяўляй належнае і вынік будзе.


Згодна з Тамарай Купрацэвіч і Антаніна Мікалаеўна Чэркас. Таксама аператар машыннага даення з немалым стажам.


— Радуюць тыя перамены, што адбываюцца на нашай ферме, — гаворыць Антаніна Мікалаеўна. – Спадзяюся, што яшчэ больш важкія надоі атрымаю. Каровы ў маёй групе маладыя, сама іх раздойвала, пры належным доглядзе і кармленні дадуць і адпаведную аддачу. Будзем мець высокія надоі, будзе і пашана адпаведная і нам, і кіраўніцтву гаспадаркі.


Расказалі жанчыны не толькі пра свае планы і працоўныя здабыткі. Адзначылі яны нямала фактаў, якія сведчаць пра пазітыўныя змяненні ў жывёлагадоўчай галіне гаспадаркі. Што на ферму прыходзяць і маладыя кадры, што і заробкі значна павысіліся. Хаця не абміналі і праблем: кіраўніцтву патрэбна яшчэ прыкласці намаганні, каб стварыць добрыя бытавыя ўмовы для жывёлаводаў. Несумненна, гэта вельмі важна.


— Мінулы год па вытворчасці малака для нас склаўся даволі нядрэнна, — гаворыць дырэктар сельгаспрадпрыемства Мікалай Кудзелька. – Надоена ад каровы больш за тры з паловай тоны малака. Прыбаўка склала 395 кілаграмаў. Нямала зроблена па рэканструкцыі ферм, дзе ўстанавілі новае даільнае абсталяванне. Ды і кармоў мы назапасілі вельмі шмат. Бясспрэчна, што ў новым годзе будзем імкнуцца, каб аператараў машыннага даення чатырохтысячніц на нашай ферме пабольшала.


Для гэтага кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства не толькі мацуе і абнаўляе матэрыяльную базу, але і стараецца дадатковымі стымуламі заахвоціць жывёлаводаў. Надбаўкі за якасць атрымліваемай прадукцыі, за яе колькасць – усё гэта пры добрай рабоце дае аператару важкую прыбаўку да асноўнага заробку. Дарэчы, гэта тычыцца не толькі працаўнікоў, якія заняты на вытворчасці малака, але і тых, хто вырошчвае маладнячок. Асабліва спорацца справы ў Святланы Кудзелька і Святланы Рагалевіч, якія заняты на вырошчванні цёлачак. Работніцы яны маладыя, але ўжо зарэкамендавалі сябе, штомесяц атрымліваючы на групах сваіх гадаванцаў найбольшыя прывагі па гаспадарцы. І такіх самаадданых працаўніц кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства гатова падтрымліваць пастаянна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.