Прыгажуня-гасцініца расчыніла дзверы

Напрыканцы Новага года ў Жыткавічах надарылася падзея, якую чакалі шмат гадоў. Завершана будаўніцтва гарадской гасцініцы, якая стала сёння самым прывабным аб’ектам у цэнтры горада.


Ва ўрачыстай атмасферы адбылося адкрыццё новабудоўлі. Са словамі прывітання да жыткаўчан і гасцей горада звярнуўся старшыня райвыканкама Мікалай Какора, які адзначыў, што фактычна за паўгода намаганнямі будаўнікоў асвоена на будаўніцтве ажно 4 мільярды рублёў. Гэты аб’ект, які распачаты быў чвэрць стагоддзя таму, уведзены ў строй дзякуючы напружанай працы ПМК-76 і зацікаўленасці раённай улады. Сучасны гасцінічны комплекс як паветра неабходны Жыткавічам, таму што наш раён вельмі прыцягальны для турыстаў, мае цікавую гістарычную мінуўшчыну, уваходзіць у “Залатое кальцо Гомельшчыны” і ў перспектыве, пасля рэалізацыі мерапрыемстваў па дзяржаўнай праграме развіцця Прыпяцкага Палесся ўвойдзе ў “Залатое кальцо Беларусі”. Кіраўнік райвыканкама падзякаваў будаўнікам ПМК-76 (начальнік Бабранок С.Я.) за высокую якасць работ, павіншаваў усіх, хто прыйшоў на ўрачыстасць з такім важным падарункам гораду напрыканцы новагоддзя.


Да жыткаўчан са словамі віншавання звярнуўся і дырэктар ААТ “Гомельсаўгасбуд” Аляксандр Дзяругін, які ўручыў дырэктару КУП “Жыткавіцкі камунальнік” А.І. Савосценку сімвалічны ключ ад новай гасцініцы. Яшчэ адна традыцыя была захавана: старшыня райвыканкама М. Какора, старшыня райсавета дэпутатаў Н. Рамановіч і кіраўнік “Гомельсаўгасбуда” А. Дзяругін перарэзалі чырвоную стужку, сімвалізуючую пачатак эксплуатацыі доўгачаканага аб’екта.


Як пераканаліся госці, якія пасля ўрачыстага адкрыцця наведалі гасцінічны комплекс, на пяці паверхах створаны выдатныя нумары для адпачынку турыстаў. Каля 50 чалавек можа адразу пражываць у гасцініцы. Да іх паслуг – бар, сауна з басейнам, більярд. І, галоўнае, камфармабельныя нумары, у якіх ёсць усё неабходнае для пражывання. Створана некалькі нумароў класа люкс. У кожным нумары маецца тэлевізар і халадзільнік, новая сучасная мэбля, выдатна абсталяваны санітарны пакой. Для работнікаў гасцініцы, а штат яе ўжо ўкамплектаваны, таксама створаны выдатныя ўмовы для працы.


У. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.