Брыльянт сумеснага жыцця

Шэсцьдзясят гадоў у каханні і шчасці пражылі муж і жонка Крукоўскія з вёскі Вятчынская Рудня. Нядаўна гэтая сямейная пара прымала шчырыя віншаванні з брыльянтавым вяселлем (60 гадоў сумеснага жыцця) ад прадстаўнікоў мясцовай улады, прадпрыемстваў, дзе працавалі віноўнікі ўрачыстасці.


У невялікай хаце Крукоўскіх ад гасцей стала цеснавата. Гаспадар і гаспадыня нават крыху разгубіліся ад гэтага. Але толькі імгненна, бо калі старшыня Марохараўскага сельвыканкама Генадзь Лесько паведаміў, чаго гэтыя людзі прыйшлі, усё стала на свае месцы. Урачыстасць адкрыла сакратар сельсавета Раіса Сцяпанава, якая выказала юбілярам шмат добрых і шчырых пажаданняў. Пасля папрасіла распісацца ў кнізе ганаровых сямейных пар-юбіляраў Савета. Калі Іван Данілавіч на правах галавы сям’і паставіў у ёй подпіс, сакратар прапанавала замацаваць гэты акт пацалункам. Гэта аж расчуліла Леанарду Вячаславаўну, на яе вачах паказаліся слёзы радасці. Пажылыя людзі, нібы ў маладосці, пяшчотна пацалавалі адзін другога.


У адрас юбіляраў зноў гучаць словы віншаванняў, ім уручаюцца падарункі. Гэта зрабілі старшыня Марохараўскага сельсавета Генадзь Лесько, дырэктар КСУПа “Марохараўскі” Іван Алесіч, намеснік дырэктара ААТ “Жыткавічлес” Васіль Семяняк і былы кіраўнік гэтай арганізацыі, цяпер член ветэранскай арганізацыі таварыства Аляксандр Лапко. На гэтым прыемнасці для юбіляраў не скончыліся. Музычныя нумары для іх выканалі самадзейныя артысты Дуброўскага цэнтра культуры. А калі ў выкананні старшыні Савета Генадзя Лесько загучала песня пра ліхога казака, гаспадар адразу палез у кішэню за хусцінкай, каб выцерці вочы. Нахлынулі ўспаміны маладосці.


Пазнаёміліся Крукоўскія ў гады ваеннага ліхалецця, амаль перад самым вызваленнем Беларусі. Было гэта ў Найдзе, куды фашысты зганялі жыхароў навакольных вёсак. Каб адправіць у Германію.


— Як убачыў яе, так адразу закахаўся, з першага погляду, — расказвае Іван Данілавіч пра першую сустрэчу. — Такая прыгожанькая была, вачэй не адвесці. Так і зблізіліся, хаця кругом было небяспечна.


Леанардзе Вячаславаўне тады пашанцавала, яна разам з іншымі ўцякла ў лес, а вось Івана Данілавіча гітлераўцы прымусілі гнаць коней. Так ён стаў ваеннапалонным. Іх каханню, не паспеўшы разгарэцца, выпала першае выпрабаванне. Іх было нямала. Івана Данілавіча вызвалілі з канцлагера толькі ў 1945 годзе. Вяртанне дадому было нялёгкім, ішлі пешшу. А ў 1947 годзе яго прызвалі ў армію. Так і не ўдалося ім сустрэцца. Леанарда Вячаславаўна на той час знаходзілася ў Магнітагорску, дзе вучылася ў фабрычна-завадской школе, пасля заканчэння якой працавала на ваенным заводзе. Лёс таксама не песціў яе – страшная аварыя моцна падарвала здароўе дзяўчына. Урачы ледзьве выратавалі. Падлячыўшыся, яна прыязджае ў родную вёску Палянка.


У 1950 годзе ў водпуск прыехаў Іван Данілавіч. Ён памятаў пра дзяўчыну, але клопаты па бацькоўскай гаспадарцы так і не далі ім магчымасці сустрэцца, хаця ведаў, што яна дома. Пасля прыезду ў часць ён піша ёй ліст. Перапіска доўжылася цэлы год. Колькі пяшчоты і ласкі было ў тых лістах, мараў пра сумесную будучыню. Пасля службы Іван Данілавіч адразу па прыездзе дадому накіраваўся ў Палянку да каханай прасіць яе рукі. Леанарда Вячаславаўна не адмовіла. Пышнага вяселля ў іх не было, бо кругом голад і нястача панавалі. Пераехалі жыць у Вятчынскую Рудню. Іван пайшоў працаваць у леспрамгас (больш за сорак гадоў аддаў гэтай арганізацыі), а Леанарда Вячаславаўна — у мясцовую гаспадарку даяркай. Працавалі многа і старанна, не толькі на асноўнай рабоце, але і на ўласнай гаспадарцы. Хацелася мець свой куток, трэба было ўзнімаць на ногі дзетак, якіх у сям’і Крукоўскіх нарадзілася чацвёра. Усяго яны дамагліся сваімі мазолістымі рукамі. І дзецьмі цяпер ганарацца, што вырасцілі іх сумленнымі і працавітымі.


— Працавалі шмат, вось і сем’і былі моцныя, бо іншых спакусаў не было, як цяпер у моладзі, — расказвае Іван Данілавіч. – Я з работы прыйду, і хутчэй да жонкі на ферму бягу дапамагаць, або на поплаў, каб бабоўніку парсюкам прынесці. Разам і па ягады, і па грыбы хадзілі. Яна назбірае, а я вечарам забіраю.


— Ён мяне на руках насіў, акрамя слоў “міленькая” і “каханенькая” іншых ад яго не чула, — адзначае Леанарда Вячаславаўна. — Усюды аберагаў мяне, нават і не пасварыліся за ўсе гады сумеснага жыцця.


І цяпер Іван Данілавіч гэтак жа паважліва адносіцца да жонкі. Бракуе здароўя жанчыне. Вось муж і клапоціцца: і ежу прыгатуе, і ў хаце прыбярэ, і дагледзіць за каханай.


Немалы жыццёвы шлях прайшлі Крукоўскія разам. Абоім ужо за восемдзесят. Але так і не разгубілі свайго кахання на гэтай нялёгкай дарозе. Таму і пачынаецца ў іх хаце кожны новы дзень са слоў:


— Добрай раніцы, міленькая.


— Добрай, каханы мой.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.