Эканоміка на першым плане

Нарэшце здарылася: жывёлаводы КСУПа “Бялёў” пачалі прадаваць перапрацоўшчыкам малако гатункам “экстра”. Менавіта з абмеркавання гэтай з’явы і распачалі сваю работу ўдзельнікі раённага семінара на малочнатаварнай ферме “Возера” названай вышэй гаспадаркі.


— І наколькі павялічылася цяпер дзённая выручка ў параўнанні з тым, калі прадавалі малако вышэйшым гатункам? — задае пытанне старшыня райвыканкама Мікалай Какора выконваючаму абавязкі кіраўніка сельгаспрадпрыемства Уладзіміру Ачапоўскаму.


— Прыкладна на мільён шэсцьсот тысяч рублёў, — адказвае дырэктар.


— Вось, вам, і эканоміка: амаль пяцьдзясят мільёнаў рублёў у месяц выручкі гаспадарка будзе мець толькі на якасці малака, — звярнуўся кіраўнік раёна да прысутных на мерапрыемстве.


Што зноў на парадку дня ўзнікла тэма пра якасць малака, тлумачэнняў не патрабуе. Многім сельгаспрадпрыемствам раёна патрэбна працаваць у гэтым накірунку. Яшчэ два гады назад раён па працэнту малака гатункам “экстра” ў агульным аб’ёме займаў лідыруючыя пазіцыі ў вобласці. Цяпер жа знаходзіцца ў сярэдняках. Але не гэтае галоўнае, важней тое, што чым вышэйшай якасцю прадаецца малако, тым большая выручка паступіць на рахункі сельгасвытворцаў.


Чарговай падставай для размовы па развіцці жывёлагадоўчай вытворчасці стала наведванне месца, дзе ў гаспадарцы ўстаноўлены домікі для вырошчвання цялят па халоднаму метаду. Скажам так, гэтай рабоце зараз надаецца вельмі важнае значэнне. І ў КСУПе “Бялёў” з гэтай задачай справіліся. Бадай, адзіная гаспадарка ў раёне, дзе здолелі за параўнальна кароткі тэрмін вырабіць і ўстанавіць неабходную колькасць домікаў для цялят. Прычым без дапамогі збоку. Усе ўдзельнікі семінара пераканаліся наколькі добра адчувае маладнячок у новым жыллі. Спрыяе гэтаму і тое, што змяніўся і падыход да ўтрымання цялят. Цяпер іх даглядае асобны жывёлавод, а не як было раней, калі гэтая работа была ўскладзена на аператараў машыннага даення. І вынік ад такіх падыходаў не стаў сябе чакаць: зменшыўся падзеж, павялічыліся прывагі, а працаўніку налічваецца даволі нядрэнны заробак. Па студзеню ён склаў, па словах эканаміста гаспадаркі, больш двух мільёнаў рублёў. Тут яшчэ адзін “плюс”, што з самага нараджэння закладваецца аснова, каб вырасціць здаровую і прадуктыўную жывёліну.


Абмеркаванне гэтай тэмы ўдзельнікі семінара прадоўжылі падчас наведвання іншых жывёлагадоўчых ферм сельгаспрадпрыемства. Напрыклад, на ферме “Птушнік”, дзе ўтрымліваецца маладняк больш старэйшага ўзросту, размова зайшла аб правядзенні рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў. Усе змаглі пераканацца, што пры правільным падыходзе можна ў непрыстасаваных будынках, прыклаўшы адпаведныя намаганні, вырошчваць жывёлу. За мінулы месяц на гэтым вытворчым аб’екце атрымалі сярэднесутачныя прывагі больш шасцісот грамаў. А ўсё чаму? Рэканструкцыя, якая праведзена ў памяшканнях, дазволіла на асноўных вытворчых працэсах шырока прымяняць механізацыю. Палепшылася не толькі кармленне гадаванцаў, але і ўмовы іх утрымання, бо атрымліваць бычкі пачалі паўнацэнныя сумесі з сіласу, сенажу і канцэнтратаў, своечасова наладзілася гноевыдаленне. Напалову зменшылася і колькасць работнікаў. Дарэчы, кіраўніцтва гаспадаркі калектыву гэтага вытворчага падраздзялення першаму прапанавала працаваць брыгадным падрадам. Яго сутнасць у тым, што працаўнікі пры ўмове выканання ўсіх тэхналагічных патрабаванняў, належнай самааддачы, дысцыплінаванасці, а таксама пры атрыманні запланаваных паказчыкаў будуць штомесяц мець дататковы матэрыяльны стымул у выглядзе натуральнай аплаты. Эканамічнай службай КСУПа на цяперашні час сума гэтага стымулу вызначана ў памеры больш ста тысяч рублёў. Такі метад дазволіць не толькі павялічыць вытворчыя паказчыкі, але станоўча адаб’ецца на дысцыпліне, адказнасці, узаемавыручцы, бо працаваць усім патрэбна як адна каманда. За любое парушэнне хаця б адным яе членам дысцыпліны, ці не выкананне сваіх прамых абавязкаў адказнасць будуць несці ўсе работнікі калектыву. А гэта змяншэнне матэрыяльнай надбаўкі, або пазбаўленне яе зусім. Таксама прыклад для пераймання іншым.


Не абышлі ўвагай удзельнікі семінара і такое важнае пытанне ў дзейнасці сельгасвытворцаў, як падрыхтоўка тэхнікі да веснавых палявых работ. На жаль, умовы ў КСУПе “Бялёў” для гэтай працы яшчэ вельмі недасканалыя. У майстэрні няма цяпла. Не маецца яго і ў пункце тэхнічнага абслугоўвання. Дарэчы, мясцовай інжынернай службе патрэбна паклапаціцца і пра яго абсталяванне, як і пра стварэнне ў гаражы добрай лазні. Ды і добраўпарадкаванне таксама яшчэ падцягнуць неабходна. Папрацаваць аграрыям раёна патрэбна і ў плане землекарыстання, імкнуцца ўвесці ў севазварот як мага больш пустуючай зямлі.


Шырокі аспект пытанняў і праблем быў абмеркаваны і на пленарным пасяджэнні. Галоўны ветэрынарны ўрач раёна Мікалай Сяргейчык і начальнік райплемстанцыі Адам Аліфяровіч засяродзілі ўвагу кіраўнікоў і спецыялістаў аграрнай галіны раёна на выніках работы за студзень па зніжэнню невытворчага выбыцця жывёлы і падзяжу, а таксама па ўзнаўленню статка. Прыведзеныя спецыялістамі раёна паказчыкі яскрава сведчаць, што ў многіх гаспадарках па гэтых пазіцыях маюцца сур’ёзныя ўпушчэнні, якія патрэбна выправіць спецыялістам у бліжэйшы час. Галоўная задача ў дзейнасці аграрыяў раёна гэта не толькі павелічэнне вытворчасці прадукцыі, а, найперш, яе эканамічная састаўная, пралічыць крокі сваёй дзейнасці такім чынам, каб яна прыносіла прыбытак.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.