ГЕРОЙ. АСОБА, ЯКОЙ НЕЛЬГА НЕ ГАНАРЫЦЦА

— Якую цікавую газету вы выпускаеце! Насычаную, багатую на розныя матэрыялы з розных сфер нашага жыцця. Дзякуй, што і ветэранам, старэйшаму пакаленню ўдзяляеце годную ўвагу! — гэтыя шчырыя словы сказаны некалькі месяцаў таму чалавекам легендарнага лёсу, лётчыкам, палкоўнікам ў адстаўцы, Героем Савецкага Саюза Рыгорам Кірылавічам Дзенісенка, ганаровым грамадзянінам горада Гомеля і Гомельскай вобласці. Тады Рыгор Кірылавіч вывучаў працу мясцовай ветэранскай арганізацыі з падрастаючым пакаленнем.


Украінскі хлопец Рыгор Дзенісенка пачынаў шлях у авіяцыю з аэраклуба ў горадзе Славянску. Жаданне лётаць, пакараць неба зацямніла ўсё астатняе, бо, як спяваецца ў некалі папулярнай песні: «Перш за ўсё, перш за ўсё — самалёты. Ну а дзяўчаты? А дзяўчаты потым». У 1940 годзе, адгукнуўшыся на заклік камсамола «Дадзім краіне 100 тысяч лётчыкаў!», юнак паступіў у Луганскую ваенную авіяцыйную школу, вучобу ў якой завяршыў у тылавым уральскім горадзе.


Маладосць выпрабавала яго на трываласць ужо ў навальнічным небе. Лётчык-штурмавік малодшы лейтэнант прыбыў на фронт у кастрычніку 1943 года, а праз месяц адбылося яго «баявое хрышчэнне». Штурмавікоў звалі «паветранай пяхотай», бо яны, як і пехацінцы на полі бою неслі самыя вялікія страты сярод лётчыкаў. Гітлераўцы шэсць разоў збівалі ў баі самалёт ІЛ-2, якім кіраваў Дзенісенка, двойчы яму даводзілася скакаць з парашутам з агорнутай полымем машыны, але ўсё абышлося — пілот застаўся жывы і працягваў ваяваць.


Ды яшчэ як! За паўтара года ён здзейсніў 197 вылетаў, знішчыў на зямлі 20 варожых самалётаў, 47 танкаў, велізарную колькасць іншай тэхнікі, тры чыгуначных эшалоны. Якія ж каласальныя страты прынёс вермахту ўсяго адзін савецкі лётчык-ас! Я ведаю многіх удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — і тых, хто вярнуўся з фронту пакалечаным са сціплымі ўзнагародамі на гімнасцёрцы, і тых, хто за ратную працу адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Але ўпершыню сустрэў чалавека, у ордэнскай кніжцы якога ўпісана толькі чатырнаццаць ордэнаў, не лічачы медаляў. Вышэйшыя ўзнагароды Дзенісенкі — ордэн Леніна і медаль «Залатая Зорка». Яму выпаў гонар быць удзельнікам гістарычнага Параду Перамогі ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года і астатніх юбілейных парадаў. На апошні ён ездзіў са сваёй унучкай.


Дзейны па натуры, ва ўсіх сэнсах герой, ён усюды працаваў з поўнай аддачай сіл, рыхтуючы папаўненне для Узброеных Сіл краіны. У сярэдзіне 50-х гадоў у Саратаўскім аэраклубе ў адной з груп займаўся навучэнец індустрыяльнага тэхнікума Ю. Гагарын. Начальнік аэраклуба Р.К. Дзенісенка і інструктар Д.П. Марцьянаў вучылі здольнага курсанта лётнай справе на манеўраным самалёце ЯК-18, не ўяўляючы нават, якая сусветная слава чакае іх выхаванца. Пазней у кнізе ўспамінаў першага касманаўта планеты Юрый Аляксеевіч Гагарын з падзякай назваў імёны сваіх першых настаўнікаў у авіяцыі.


Рыгор Кірылавіч двойчы абіраўся дэпутатам Усебеларускага народнага сходу. Гэта вельмі вядомы на Гомельшчыне чалавек, якому Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка асабіста ўручыў ордэн «За службу Радзіме» і ордэн Пашаны.


Рыгор Кірылавіч некалькі разоў наведваў Жыткаўшчыну і не хаваў, што вельмі ўлюбёны ў наш прыгожы непаўторны край. Прыемна, што высока ацаніў і нашу журналісцкую працу, нашу газету, якая сёлета адзначае сваё 80-годдзе. У гэтыя дні Герой Савецкага Саюза, як і ўсе воіны-абаронцы краіны, адзначае Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Ад калектыва рэдакцыі «НП» мы не можам не павіншаваць гэтага легендарнага чалавека са святам. Мы ведаем, што Рыгор Дзенісенка вельмі хварэе, таму жадаем яму хутчэйшага выздараўлення і яшчэ неаднаразова прыехаць на ўпадабаную яму палескую зямлю. А ў яго асобе віншуем усіх сапраўдных абаронцаў нашай Айчыны.


Са святам, дарагія абаронцы Айчыны!


У. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.