МАЛАДЗЕЮЦЬ ДУШЫ Ў БАБУЛЕК

Не даводзіцца сумаваць доўгімі зімовымі вечарамі цяпер пацыентам бальніцы сястрынскага догляду Жыткавіцкай ЦРБ. Многія з іх асвоілі майстэрства вязання кручком, і зараз з рук бабулек выходзяць надзвычай прыгожыя рэчы: палавікі, сурвэткі, накідкі для канап, сталоў і іншыя.


Натхніла на гэтую справу пажылых людзей гаспадыня ўстановы Ніна Махнач.


— Мне вельмі хочацца, каб у нашай установе было хораша і ўтульна, каб тут усе адчувалі сябе, нібы дома, — расказвае Ніна Іванаўна. — Ды і пацыенткі зімовымі вечарамі вельмі маркоціліся, чым бы сябе заняць. Гэтыя два жаданні і паслужылі для нас сігналам да дзеяння.


Прыдумляць новага нічога не сталі: успомнілі бабулькі, як некалі ў маладосці збіраліся яны на вячоркі, і каб не бавіць марна часу, бралі з сабою на гэтыя пасядзелкі нейкае рукадзелле. Спыніліся на вязанні кручком, тым больш што ў бальніцы пражывае некалькі сапраўдных майстрых гэтага рамяства. Ніна Махнач знайшла патрэбную колькасць неабходнай тканіны – і справа закіпела. Пачынаючы з лістапада бабулькі збіраліся ў найбольшым пакоі бальніцы і дружна разбіралі тканіну на ніткі, скручвалі іх у клубкі. Падчас гэтай працы, каб весялей было, і песенькі паспяваюць, паўспамінаюць. І так на душы хораша станавілася ад гэтых вечарынак, ды і работа на месцы не стаяла. Столькі клубкоў з ніткамі назматвалі, што для іх захоўвання нават цэлы пакойчык адвялі. Прымалі актыўны ўдзел усе, хто меў здароўе, нават такія, як і Валянціна Мікалаеўна Цалуйка. Яна перанесла інсульт, але і адной рукой налаўчылася працаваць. Яшчэ актывістамі вячорак сталі Ганна Іванаўна Саўчыц, Ала Уладзіміраўна Кірбай, Паліна Андрэеўна Кот, Алена Сяргееўна Мірановіч і іншыя. Дапамагалі і супрацоўніцы персаналу. Гэта і Галіна Іванаўна Волк, Наталля Сяргееўна Рубіс, Ірына Аркадзьеўна Данюк, Ала Міхайлаўна Гулюта, Святлана Станіславаўна Кажамякіна, Святлана Аляксееўна Нікіценка, Любоў Іванаўна Пяшэвіч, Наталля Мікалаеўна Чарнагалова, Людміла Аляксееўна Некрашэвіч, Марыя Віктараўна Юхневіч і іншыя. Дарэчы, як высветлілася пасля, некаторыя з іх вельмі добра могуць вязаць кручком і іх вопыт вельмі спатрэбіўся. А для маладых санітарак і медсясцёр гэта стала школай для асваення такім промыслам. І, думаецца, ім вельмі пашанцавала пачынаць пад апекай такіх выдатных майстрых, як, напрыклад, Маргарыта Іосіфаўна Вазнюк, якая яшчэ ў маладосці дасканала асвоіла майстэрства вязання кручком. Яна дапамагала асвойваць гэтую нялёгкую навуку сваім новым сяброўкам. І звычайныя клубочкі нітак пачалі ператварацца ў прыгожыя рэчы. Цяпер іх вельмі многа, бо бабулек ад справы было не адарваць, нават пачалі забывацца, што і пад’есці час настаў, ці адпачынку. Кожнай хацелася найхутчэй завяршыць нейкую рэч, каб парадаваць ёю сябровак. Дзякуючы гэтым намаганням цяпер у бальніцы сястрынскага догляду намнога стала па-дамашняму. На сталах і стулах замест казённых кляёнак, ляжаць прыгожыя ўзорчатыя абрусы і накідкі. Ёсць яны і ў палатах. І бабулькі з нейкім асобым хваляваннем адносяцца да гэтых рэчаў, бо ад іх сыходзіць цяпло тых рук, што выраблялі. Дарэчы, прыходзілі на дапамогу і валанцёры з аматарскага аб’яднання “Вдохновение”. Асабліва актыўна гэта рабіла Вольга Адамаўна Рудзянкова.


Працы ў майстрых з бальніцы сястрынскага догляду яшчэ не на адзін вечар, бо нітак назапашана вельмі многа. Цяпер яны стараюцца не толькі для сваёй установы. Ужо рыхтуецца падарунак з некалькіх дываноў для мясцовай царквы. І маладзеюць душы ў бабулек за вязаннем, і здаецца, спрытней і дакладней іх рухі. Усё, як у маладыя гады.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.