Не стаяць на месцы

Апаратную нараду правёў у панядзелак старшыня райвыканкама Мікалай Какора. Разгледжана шырокае кола актуальных пытанняў жыццядзейнасці раёна.


Напачатку нарады з інфармацыяй аб адміністрацыйнай практыцы аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, раённых службаў па пытаннях добраўпарадкавання і навядзення належнага санітарнага парадку на тэрыторыі раёна выканкам праінфармаваў кіраўнік справамі райвыканкама А. Палтаран. Згодна яго інфармацыі, за прайшоўшы тыдзень за парушэнні правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў складзена 7 адміністрацыйных пратаколаў і ўручана 9 папярэджанняў. Кіраўнік райвыканкама звярнуў увагу на актуальнасць праблематыкі ў гэтым накірунку, адказнасць службовых асоб за паляпшэнне стану добраўпарадкавання на тэрыторыі раёна. У гэтай справе, як і ў любой другой, сёння не трэба стаяць на месцы, адзначыў М. Какора.


Аб надзвычайных сітуацыях на тэрыторыі раёна праінфармаваў начальнік РАНС У.Кулеш. Найпершая ўвага — магчымай паводцы. Па стане на раніцу панядзелка ўзровень вады ў р. Прыпяць складае 507 см, штодзённа прыбывае 2 см вады. У трох населеных пунктах (Верасніца, Запясочча, Азяраны) да адзінкавых сядзіб вада падышла да агародаў. Сітуацыя знаходзіцца пад кантролем адпаведных службаў, канстатаваў начальнік РАНС.


Кіраўнік райвыканкама звярнуў увагу гандлёвых структур аб забеспячэнні неабходнымі таварамі насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыях, якія традыцыйна падтапліваюцца. Згодна інфармацыі старшыні Верасніцкага сельвыканкама Р. Русага, вядзецца падворны абход з вызначэннем, ці патрэбна людзям дапамога ў плане забеспячэння будаўнічымі матэрыяламі.


Згодна інфармацыі Я. Купрацэвіча, намесніка начальніка РАУС, за мінулы тыдзень узбуджана 7 крымінальных спраў, складзена 184 пратаколы па лініі ДАІ, затрыманы 4 вадзіцелі, якія знаходзіліся ў нецвярозым стане за рулём. З 25 студзеня па 6 лютага ў раёне праходзіць аперацыя «Пешаход», асаблівая ўвага ўдзяляецца бяспецы руху пешаходаў.


Мінулы тыдзень сведчыць аб росце на 20 працэнтаў рэспіраторных захворванняў. Асноўны кантынгент захварэўшых — дзеці, адзначыў галоўны ўрач ЦРБ М. Бабенка. Наладжаны штодзённы эпідэміялагічны кантроль у раёне, а таксама за станам якасці пітной вады, паведаміў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Л. Белка.


Кіраўнік раёна запатрабаваў ад раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і іншых службаў больш дзейснай работы па навядзенню і падтрыманню парадку на вытворчых аб’ектах, на прадпрыемствах і арганізацыях.


Аб працы і праблемах камунальнай гаспадаркі па выніках мінулага тыдня праінфармаваў А. Савосценка. Звернута ўвага на недастатковасць працы па барацьбе з бадзяжнымі сабакамі. Як адзначалася, уладальнікі, якія выпускаюць на вуліцу сабак, будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці, а жывёлы будуць ліквідаваны.


У цэнтры ўвагі былі таксама звароты гараджан аб правільнасці налічэння камунальнай службай аплаты за пастаўленае цяпло.


Аб бягучых пытаннях у АПК, будаўніцтве, эканоміцы выканкам праінфармавалі намеснікі старшыні райвыканкама А. Наўныка, У. Быстрэнка, С. Таболіч. Аб выкананні патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях» праінфармаваў намеснік старшыні райвыканкама В. Рагалевіч.


На мінулым тыдні атабраны і накіраваны ў сацыяльны прытулак чацвёра непаўналетніх дзяцей. Кіраўнік раёна звярнуў увагу на недастатковасць прафілактычнай працы з нядобранадзейнымі сем’ямі, што злоўжываюць алкаголем.


Узнята актуальнае пытанне аб актывізацыі працы наглядальных камісій — іх дзейнасць павінна быць паўсядзённай. На апаратнай нарадзе зроблены аналіз выканання даручэнняў старшыні райвыканкама, а таксама разгледжаны праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць у сельскіх Саветаў.


Старшыня Дзякавіцкага сельвыканкама У. Неўмяржыцкі адзначыў, што ў вясковыя крамы неабходна завезці пажарныя апавяшчальнікі, а таксама металічныя лісты, якія неабходна размяшчаць перад топкамі з мэтай супрацьпажарнай бяспекі, іншыя электратавары — на іх адсутнасць звяртае ўвагу насельніцтва. Старшыня Руднянскага сельвыканкама В. Бойка адзначыла, што маршрутныя аўтобусы не заходзяць у в. Кольна, кепска ажыццяўляецца дастаўка дзяцей і дарослых на вучобу і працу з рыбгаса ў Жыткавічы. Старшыня Юркевіцкага сельвыканкама А. Шпакевіч акцэнтавала ўвагу на недастатковасці прынятых мер па адкрыцці дзіцячага садка на базе Юркевіцкай САШ.


Старшыня райвыканкама даручыў адпаведным службам станоўча вырашаць усе ўзнятыя праблемы. На апаратнай нарадзе разгледжаны актуальныя пытанні функцыянавання сацыяльнай сферы.


У. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.