ПАРА ЗАВОДЗІЦЬ НОВЫ БЫТ…

На машынным двары КСУПа “ Дзякавічы” нават і ў гэтыя марозныя дні не спыняюцца работы па падрыхтоўцы тэхнікі да веснавой сяўбы. Па словах кіраўніка гаспадаркі Мікалая Кудзелькі, перад механізатарамі пастаўлена канкрэтная задача: тэхніка павінна быць гатова поўнасцю да першага сакавіка.


Ці паспеюць мясцовыя рамонтнікі да гэтай даты, спыталіся непасрэдна ў іх.


— За мной замацаваны трактар МТЗ 1221, культыватар АКШ і дыскі, — гаворыць механізатар Іван Жураўлевіч. — Трактар адрамантаваны, дыскі таксама, засталося толькі АКШ падварыць, бо ён эксплуатуецца ўжо некалькі гадоў. Спраўлюся і з гэтай работай, зварачны апарат у гаспадарцы маецца, спецыяліст таксама. У бліжэйшыя дні і гэты агрэгат будзе стаяць на лінейцы гатоўнасці.


Падчас наведвання гаспадарчай майстэрні, там ля замацаваных за імі машынамі рупіліся і іншыя механізатары. Раскідваючы ва ўсе бакі іскры, працаваў зварачны апарат.


— У нас так вядзецца, што кожны механізатар рамантуе тую тэхніку, на якой будзе працаваць у полі вясной, — расказвае пра арганізацыю рамонтных работ Мікалай Яфімавіч. — Асновай для аплаты служаць дзве ўмовы: якасць і тэрміны выкананых работ, якія кантралююцца інжынернай і агранамічнай службамі.


Канечне, вядзенне падрыхтоўкі тэхнікі патрабуе належнага забеспячэння запаснымі часткамі. Хаця і з праблемамі, але дзякуючы раённаму агратэхсервісу і гэтае пытанне вырашаецца. Маецца ў гаспадарцы і добрая майстэрня. Вось толькі ўмовы для рамонтнікаў тут жадаюць быць намнога лепшымі. І ў першую чаргу, кіраўніцтву патрэбна пастарацца, каб вырашыць пытанне з ацяпленнем. Той печы-буржуйкі яўна недастаткова, на ёй толькі рукі і сагрэць можна, не болей. Увогуле, папрацаваць над стварэннем умоў у гаражы для механізатараў кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства яшчэ патрэбна нямала. Самае галоўнае, для гэтага маецца добрая база, якую патрэбна толькі падрамантаваць.


— Машынны двор у нашай гаспадарцы не самы горшы, яшчэ ў савецкія часы тут зроблена ўсё грунтоўна і для працы, і для быту работнікаў, — разважае дырэктар. — Быў і добры пакой для адпачынку механізатараў, нават цяпер там яшчэ більярд застаўся. І душавыя ў гаражы меліся, і майстэрня ацяплялася, але многае з таго перыяду страцілі, і зараз патрэбна аднаўляць. Праўда, пакуль не даходзяць як след рукі да гэтай справы, але клапаціцца пра ўмовы патрэбна.


Наводзіць парадак у гаражы пачалі яшчэ летась. Па ўсяму яго перыметру прыбралі і спланавалі тэрыторыю, часткова паставілі новую агароджу, вывезлі залежы металалому. Гэтай зімой выразалі хмызняк да склада гаруча-змазачных матэрыялаў і цяпер шукаюць магчымасць, каб устанавіць там агароджу. Плануе кіраўніцтва ўзнавіць і шэраг вытворчых памяшканняў. На жаль, стварэнню бытавых ўмоў для механізатараў адводзіцца ў гэтым спісе апошняе месца. Зразумела, клопат пра вытворчасць — гэта вельмі важна, але ж яна ствараецца рукамі людзей. І колькі ім стойка пераносіць складанасці сваёй, так бы мовіць, службы, пакуль невядома. Можа зыходзячы з такіх адносін у гаспадарцы, адзінай у раёне, падчас сельскагаспадарчых кампаній не ўдаецца забяспечваць працаўнікоў гарачымі абедамі. Але відаць, такія цяжкасці толькі загартоўваюць мясцовых механізатараў, звыкліся з такім становішчам. Толькі да якой мяжы хопіць гэтага цярпення. На малочнатаварнай ферме сельгаспрадпрыемства, напрыклад, ужо мірыцца з такім становішчам не хочуць. Патрабуюць аператары машыннага даення для сябе і утульнага пакойчыка для адпачынку, і душавую.


— Хопіць туліцца ля закопчанага катла ўвесь час, каб адпачыць у цяпле!, — прама выказвалі яны сваё незадавальненне дырэктару гаспадаркі.


— Памяшканні для гэтага на ферме ёсць, —парыруе выпады працаўніц Мікалай Яфімавіч. — Летась у доме жывёлавода распачалі рамонт, наступіць цяпло — работы працягнем. Часткова і матэрыялы для гэтага прыдбалі. Будзе там і цяпло, установім грубку. І каб душавая была паклапоцімся.


Зноў жа планы, толькі хуткасць іх выканання выклікае сумненне. Прыклад пункт штучнага асемянення. Рамонт там правялі, а вось пытанне ацяплення не вырашана і дагэтуль. Хаця, кіраўнік запэўніваў яшчэ паўгода назад, прычым на раённым семінары, што ўстаноўка грубкі ў гэтым пакойчыку, справа некалькіх тыдняў. Але расцягнулася ўсё на месяцы. Ці не будзе так і з домам жывёлавода, пра абнаўленне якога паклапоцяцца толькі пасля вырашэння вытворчых задач.? Зноў жа на ферме на бягучы год запланавана правесці вялікую рэканструкцыю аднаго памяшкання і яшчэ адно збудаваць нанава.


Магчыма, тое, што на дзякавіцкай ферме няма належных бытавых умоў, адбіваецца і на вытворчасці. Не ў плане выканання запланаваных паказчыкаў. Рост маецца і па надоях, і па прывагах. У плане іншым.Усё ж добрыя ўмовы для працы і адпачынку дысцыплінуюць, натхняюць чалавека, зрабіць яшчэ лепш. Былі б яны, можа тады аператар даення і жывёлавод падмялі б лішні раз праход пасля раздачы кармоў, пастараліся навесці парадак на тэрыторыі свайго вытворчага падраздзялення. Можа б? Але пакуль няма гэтага на дзякавіцкай ферме. Вось зусім свежы прыклад. Устанавілі домікі для цялят, а пра старыя забыліся. Згрэблі іх у кучкі і пакінулі на тэрыторыі фермы. Упрыгожаць яны дваровую тэрыторыю? Адказ навідавоку. Напэўна, з такіх недапрацовак і гінуць усе тыя станоўчыя напрацоўкі на вытворчых аб’ектах КСУПа “Дзякавічы”. Цяпер іншы час, які патрабуе і новых падыходаў, а яны фарміруюцца непасрэдна праз свядомасць людзей.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.