Сельскі фельчар у пашане

Проста немагчыма ўявіць паўнакроўнае жыццё такой вялікай вёскі як Мілевічы без мясцовага фельчарска-акушэрскага пункта. А пра яго тут даўно і далёка ідзе добрая слава, бо гаспадыня ФАПа Любоў Кочка – чалавек на сваім месцы, высокі прафесіянал сваёй справы, чулы, спагадлівы чалавек.


— Чаму я выбрала менавіта медыцыну? – Любоў Мікалаеўна нібы гартае ў памяці першыя старонкі свайго жыцця. — Ведаеце, у дзяцінстве я часта хварэла, таму сама вельмі спачувала хворым людзям, шкадавала іх. Вось і выспяла тады цвёрдая думка стаць медыцынскім работнікам, калі падрасту, быць заўсёды на варце здароўя людзей.


Яна нарадзілася ў вялікай, прыгожай і спеўнай вёсцы Верасніца, дзе закончыла мясцовую школу. А потым, калі пераехалі ва Украіну, вучылася ў Нежынскім медыцынскім вучылішчы. Выйшла замуж за юнака са сваёй Верасніцы, якога даўно і добра ведала, нарадзілі трох сыноў. Яна ўжо бабуля – мае ўнучку.


У красавіку бягучага года споўніцца дваццаць тры гады, як Любоў Мікалаеўна працуе ў нялёгкай, адказнай галіне медыцыны. У Мілевічах яны з мужам моцна пусцілі ў тутэйшую глебу свае карані – ужо не вырваць. Далі ім дом, разжыліся і па сённяшні дзень трымаюць уласную гаспадарку.


Любоў Мікалаеўна абслугоўвае жыхароў вёсак Мілевічы і Грабава, а гэта 635 чалавек. З 9 да 13 гадзін ажыццяўляе амбулаторны прыём наведвальнікаў, а з 14 да 16.30 абслугоўвае выклікі, вядзе прафілактычную работу на даму. Лекаў, медыцынскіх прэпаратаў, па яе словах, хапае. Як для аказання хуткай дапамогі, так і для папаўнення аптэчнага фонду. Зімою, як правіла, у людзей абвастраюцца хранічныя захворванні…


Стомленая, але з пачуццём выкананага абавязку вечарам яна зноў у кругу роднай сям’і. А затым сон, які можа перарвацца ў любую хвіліну, бо не хварэюць людзі па нейкаму раскладу. А рабочы графік вясковага фельчара – даволі ўмоўны…


Цікаўлюся, як, на яе думку, становяцца работнікамі медыцыны? Што для гэтага трэба?


— Схільнасць душы, трывалыя веды і вялікае жаданне дапамагчы хвораму, — лічыць яна. – Трэба любіць жыццё – не толькі сваё, але і іншых людзей. Фельчарам не можа стаць абыякавы чалавек.


Любоў Мікалаеўна памятае свайго першага пацыента ў самастойнай ужо медыцынскай практыцы. Ёй даводзілася прымаць роды і для аднаго з такіх дзіцёнкаў яна пазней стала хроснай маці.


…Нашу гутарку перарваў нечаканы прыезд машыны з Грабава – спатрэбілася аператыўная дапамога загадчыцы ФАПа, паглядзець і дапамагчы там чалавеку. І мы развіталіся, а Любоў Мікалаеўна Кочка паімчала на дапамогу, бо чужы боль – гэта і яе боль.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.