ЖЫЦЬ ІНТАРЭСАМІ ПРАЦОЎНЫХ

Аб дзейнасці раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ў сучасных умовах вялася канструктыўная размова на нядаўнім пленуме, які адбыўся ў малой зале гарадскога цэнтра культуры. Праблемы, тэндэнцыі і перспектывы ў рабоце прафсаюза аграрнікаў прысутным на мерапрыемстве агучыў старшыня райкама арганізацыі Віктар Сцяпанавіч Дашкевіч. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі старшыня абкама прафсаюза АПК Васіль Яцэвіч і старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора.


Аналізуючы дзейнасць прафсаюза за мінулы год яго лідар падкрэсліў, што дзейнасць раённага камітэта прафсаюза, пярвічных арганізацый была накіравана на выкананне рашэнняў пятага з’езда Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, шостага з’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005- 2010 гады, а таксама на ўмацаванне аўтарытэта прафсаюзных органаў, павышэнне сацыяльнай абароненасці членаў прафсаюза.


За прайшоўшы год аграпрамысловы комплекс раёна развіваўся даволі нядрэнна. Выраслі паказчыкі па вытворчасці малака і мяса, у сельскай мясцовасці пабудавана трыццаць дамоў. Але перад аграрыямі стаяць яшчэ больш вялікія задачы. Яны пастаўлены Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнка на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе. Рэнтабельнасць сельскагаспадарчай вытворчасці павінна скласці 25-30 працэнтаў, даходы вяскоўцаў плануецца ў гэтай пяцігодцы павялічыць да сярэднерэспубліканскіх паказчыкаў. На бягучую пяцігодку ў вобласці прынята 19 праграм па сельскай гаспадарцы. І гэтыя планы патрэбна ператварыць у рэальнасць. Галоўнае, адзначалася Віктарам Сцяпанавічам, у сельгаспрадпрыемствах раёна ёсць дзеяздольны кадравы патэнцыял, якому гэта па плячу. Старшыня райкама ў сваім выступленні назваў прозвішчы найбольш увішных працаўнікоў і спецыялістаў гаспадарак, якія ў мінулым годзе дабіліся добрых вытворчых паказчыкаў, і на якіх патрэбна раўняцца іншым.


Удасканальваецца і сістэма сацыяльнага партнёрства. Райкам прафсаюза і яго арганізацыйныя структуры праводзяць мэтанакіраваную работу па развіццю працоўнага саперніцтва, матэрыяльнага і маральнага стымулявання, стварэнню добрых умоў працы і адпачынку для працаўнікоў галіны. Пастаянна вядзецца і работа па грамадскаму кантролю за захаваннем заканадаўства аб працы, па абароне правоў членаў прафсаюза. Гэтая дзейнасць арыентавана на аказанне пярвічным прафсаюзным арганізацыям практычнай, метадычнай, інфармацыйнай падтрымкі і іншай дапамогі, што садзейнічае павышэнню эфектыўнасці іх работы. Умацавалася і тэхнічная база райкама і прафкамаў пярвічак прадпрыемстваў і арганізацый. Значная работа праводзіцца і па абароне сацыяльна-эканамічных інтарэсаў і правоў маладых спецыялістаў, што працуюць у арганізацыях аграпрамысловага комплексу раёна. Актывізавалася і спартыўна-аздараўленчая, і культурна-масавая работа, стала значна больш праводзіцца прафесійных конкурсаў.


Не абмінуў выступоўца і тых праблем, якія яшчэ не поўнасцю ўдалося станоўча вырашыць. Аналізуючы гэты аспект дзейнасці старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК адзначыў, што райкам і пярвічкі не ў поўным аб’ёме выкарысталі прадастаўленыя ім правы і магчымасці пры ажыццяўленні абаронча-прававых функцый па пытаннях працоўнага заканадаўства, аховы працы і тэхнікі бяспекі, умацавання працоўнай і вытворчай дысцыпліны. На цяперашні час яшчэ высокім застаецца ўзровень траўматызму. Патрабуе пераасэнсоўвання і іншых падыходаў культурна-масавая і спартыўная работа. Пара мяняць і форму падвядзення вынікаў работы ў жывёлагадоўлі – уся яна павінна быць перанесена ў структурныя падраздзяленні калектываў. Патрабуе паляпшэння і стан падрыхтоўкі прафсаюзных сходаў, пасяджэнняў калегіяльных органаў, навучанне прафсаюзных кадраў і актыва. Менавіта зыходзячы з гэтага пленум акрэсліў, што важнейшай задачай у будучай дзейнасці для раённага камітэта, пярвічных прафсаюзных арганізацый павінна стаць абарона сацыяльна-эканамічных і працоўных інтарэсаў работнікаў арганізацый аграпрамысловага комплексу. Намечаны і шляхі па выкананню пастаўленай мэты. Гэта і сумесная работа прафсаюза з органамі дзяржаўнага кіравання, кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў па стабілізацыі эканомікі аграрнага сектара, забеспячэнню росту заработнай платы згодна ўзроўню, прадугледжанага тарыфным пагадненнем. Будзе працягнута і праца па ўзмацненню ролі калектыўных дагавораў па пытаннях сацыяльнай абароны работнікаў, удасканаленню калектыўна–дагаварнога рэгулявання працоўных адносін, аказанню практычнай дапамогі прафсаюзным арганізацыям пры распрацоўцы і заключэнні дзейсных калектыўных дагавораў. Дарэчы, прагучала прапанова ўвесці ў практыку работы штогадовае правядзенне конкурса на лепшы калектыўны дагавор. Будуць удасканальвацца стыль, формы і метады па кіраўніцтве пярвічнымі арганізацыямі, узмацненні ўплыву прафсаюзных камітэтаў на становішча спраў у працоўных калектывах.. Неабходна ўдасканальваць і сістэму навучання кадраў і актыва на аснове сучасных інфармацыйных і камп’ютарных тэхналогій, пашыраць практыку кансультавання работнікаў галіны па прававых, сацыяльна-эканамічных пытаннях спецыялістамі райкама прафсаюза, а таксама павышаць эфектыўнасць выкарыстання сродкаў прафсаюзнага бюджэту пры рэалізацыі пастаўленых мэт і задач, а таксама абарончых функцый прафсаюза. Сярод іншых прыярытэтаў, якія стаяць перад прафсаюзам і работа з моладдзю, і дзейнасць па прыцягненню членаў прафсаюза і іх сем’яў да здаровага ладу жыцця, заняткаў фізкультурай і спортам, да ўдзелу ў розных мерапрыемствах.


Вялікая ўвага на пленуме была нададзена тэме калектыўных дагавораў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Па найбольш важных палажэннях гэтых дакументаў карысныя рэкамендацыі далі галоўны эканаміст па працы і фінансах упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ірына Вячаславаўна Туравец і вядучы спецыяліст па ахове працы ўпраўлення па працы, сацыяльнай абароне і занятасці Алена Мікалаеўна Тукіна. Даволі цікавымі былі і выступленні падчас абмеркавання вынесеных на парадак пленума пытанняў. Валянцін Мікалаевіч Карпаў, дырэктар КСУП “Коленскае” і Ніна Сяргееўна Салко, інспектар па кадрах і адначасова старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства меліярацыйных сістэм падзяліліся вопытам, як у іх прадпрыемствах пастаўлена работа па абароне сацыяльна-эканамічных і іншых правоў працаўнікоў, што зроблена і яшчэ будзе па паляпшэнню дзейнасці, як развіваецца сацыяльнае партнёрства паміж прафкамам і наймальнікам. Шэраг канструктыўных парад па ўдасканаленню работы прафсаюза на пленуме выказалі і Васіль Іванавіч Яцэвіч, старшыня абкама прафсаюза аграрнікаў і старшыня Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Міхайлавіч Какора.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.