Калі працуе прафесіянал

Распарадак дня ў Тамілы Беражной даволі строгі, непасрэдна ён звязаны з яе асноўнай дзейнасцю.


Працуе Таміла Дзмітрыеўна на малочнатаварным комплексе “Пасека” камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Коленскае” аператарам машыннага даення. Ужо амаль пятнаццаць гадоў аддадзена гэтай справе. У жанчыны, якая столькі адпрацавала ў жывёлагадоўлі, адчуванне часу іншае, чым у тых, хто заняты ў другіх сферах дзейнасці. Вымушаюць прафесійныя абавязкі. Напрыклад, зараз, калі на грамадскай ферме поўным ходам ідзе зімоўка. Выбірацца жанчыне на працу патрэбна яшчэ зацемна, хаця і пачынаецца рабочы дзень з ранішняй дойкі. Малочнатаварны комплекс не за ваколіцай цяперашняга аграгарадка Кольна размяшчаецца, а ў некалькіх кіламетрах ад яго. На ферме патрэбна быць а палове шостай раніцы. Але выходзіць з дому значна раней, каб трапіць на аўтамашыну, якая падвозіць да месца працы.


Да пачатку даення патрэбна жанчыне перарабіць яшчэ мноства розных спраў. Праверыць абсталяванне, кармоў падкінуць, пачысціць стойлы і іншае. Усё гэта неабходна выканаць пакуль не ўключацца вакуумныя помпы, гук якіх абвесціць, што пара распачынаць даенне. Выконвае Беражная гэты працэс бездакорна, спрактыкавана. Ніводнай аперацыі не прапускае: пакуль адна карова доіцца, другой апрацоўвае вымя, падключыла апарат — і зноў да першай, каб праверыць, як усё ідзе. Абслугоўвае аператар не менш паўсотні галоў. За клопатамі не забывае абавязкова пагладзіць каровак, бо любяць яны ласку. І жанчына на яе не скупіцца, таму нават самая наравістая жывёла пад яе чулымі рукамі спакайнее. Усё гэта ўплывае на малакааддачу. Радуюць Беражную рагулі з яе групы. За мінулы год больш пяці тысяч кілаграмаў ад кожнай надаіла аператар машыннага даення.


Дойка завершана, але клопатаў у працаўніцы не змяншаецца. Патрэбна навесці парадак на рабочым месцы, памыць чыста абсталяванне. За гэтым на малочнатаварным комплексе жывёлаводы і спецыялісты сочаць вельмі пільна, бо ставяць перад сабой мэту атрымліваць і прадаваць перапрацоўшчыкам малако толькі самым высокім гатункам. А добра не памыты даільны апарат можа сапсаваць усе намаганні.


Пасля ранішняй дойкі ў аператара невялікі перапынак. За гэты час яна паспявае перарабіць мноства хатніх спраў, а там зноў на працу, якая закончыцца позна ўвечары.


І так дзень у дзень, незважаючы на надвор’е і пару года прыходзіцца працаваць жывёлаводу, бо вытворчасць малака з’яўляецца працэсам бесперапынным.


Ёсць разуменне важнасці працы аператараў машыннага даення ў кіраўніцтва гаспадаркі. Яно стараецца аблегчыць іх работу, таму на грамадскія фермы замест ручной працы прыходзіць механізацыя, паляпшаюцца бытавыя ўмовы. Таміла Дзмітрыеўна добра памятае, як даілі ў бачкі і раздавалі кармы рукамі. За дзень дзясяткі тон іх пераносілі. Цяпер іншая справа, робіцца ўсё, каб аператар машыннага даення толькі правільна даіў кароў, павышаў сваё майстэрства. Гэта на першы погляд здаецца, што ўсё проста, а на самай справе — цэлая навука. І Беражная яе асвойвае старанна. І поспехі ў гэтым відавочныя. На комплекс ”Пасека” яна прыйшла простай падменнай даяркай, і за прайшоўшы тэрмін стала адным з лепшых спецыялістаў малочнай галіны гаспадаркі. Нездарма пра такіх кажуць, прафесіянал сваёй справы.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.