Маці заменіць дачка

Магазін №42 Жыткавіцкага райпа знаходзіцца ў цэнтры вёскі Мілевічы, цераз дарогу ад будынка мясцовага сельсавета. І як з надзеяй і даверам ідуць людзі ў Мілевіцкі сельсавет, ведаючы, што там ім дапамагаюць,так з бадзёрым настроем крочаць пакупнікі ў магазін “Прадукты”, упэўненыя ў тым, што попыт іх будзе задаволены, і яны не вернуцца адтуль з пустымі рукамі.


А сакрэт такой шырокай і заслужанай рэпутацыі тутэйшай крамы просты – загадчыцай тут працуе вопытны, добрасумленны работнік прылаўка Тамара Мацкевіч. Свае першыя крокі ў гандлі яна зрабіла на пачатку 70-х гадоў, калі працавала на падмене водпускаў. А з 1984 года шчыруе ў галіне гандлю на пастаяннай аснове.


— Дзе Тамара Арцёмаўна, там і поспех, —дае станоўчую ацэнку яе работы старшыня Мілевіцкага сельсавета Міхаіл Прышчык. – Бо гэта чалавек на сваім месцы, працуе з душою, таму і цягнуцца да яе людзі.


Загадчыца да кожнага пакупніка адносіцца ўважліва, стараецца хутка і ветліва яго абслужыць. Адсюль людзі без пакупак не вяртаюцца, бо тут не проста прадаюць, а параяць, пераканаюць у неабходнасці набыць той ці іншы тавар. У магазіне чысціня, парадак, эфектыўна выкарыстоўваецца кожны квадратны метр гандлёвай плошчы. Тавары, асартымент якіх даволі шырокі, заўсёды на відным месцы. Своечасова выконваюцца заяўкі. Добра наладжаны закуп такіх відаў нарыхтовак як лом. Макулатура, бульба, дзікарастучыя лекі. Тут кожны дзень клапоцяцца пра пакупніка, таму і задаволены людзі.


На дзень жанчын – 8 сакавіка – Тамара Арцёмаўна адзначыла 55-годдзе з дня свайго нараджэння. І сваё месца яна разлічвае саступіць дачцэ Таццяне Іванаўне, якой зараз перадае свой багаты вопыт. Пакупнікі ні на хвіліну не сумняваюцца ў тым, што эстафета трапіць у надзейныя рукі.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.