Маё жыццё, мая настаўніца, мая ўцеха

Яшчэ з самага дзяцінства дзякуючы маім школьным настаўнікам, асабліва Т. М. Ядранцавай, Г. Ф. Ігнатовіч, у мяне нарадзілася нястрымная цяга да друкаванага слова, якое, здавалася, створана не звычайным чалавекам, а асобай, валодаўшай найвялікшымі здольнасцямі, што мая галава ўцяміць ніяк не магла. Мне здавалася, што яно, друкаванае слова, не што іншае, як божае тварэнне. Вось чаму, пачынаючы з лемантара, я прыкіпеў да кнігі. Дапамагла ў гэтым мая першая настаўніца Ганна Каўбунова, з якой і зараз трымаю сувязь. Яны, кнігі, сталі надзейнымі спадарожнікамі ў маім жыцці. I ў сне я пералістваў іх. Ужо ў сямігадовым узросце я здолеў пазнаёміцца з творамі беларускай паэзіі, прозы, нават драматургіі. А калі стаў вучнем Тураўскай дзесяцігодкі, дарэчы, яна была адзінай у раёне, дачуўся аб страшэнных рэпрэсіях. Былі арыштаваны як «ворагі народа» паэты, празаікі, драматургі, імёнамі іх я ганарыўся, перачытваў па некалькі разоў іх творы, завучваў напамяць, дэкла­маваў са школьнай сцэны, чытаў уголас па дарозе з Турава ў рыбную вёску Малешаў… Не мог я паверыць, што М. Чарот, А. Александровіч, П. Галавач, Ц. Гартны, Т. Кляшторны, С. Баранавых, Р. Кобец, Я. Нёманскі, В. Каваль, А. Вольны, У. Дубоўка, А. Дудар, С. Дарожны, А. Звонак, М. Зарэцкі, С. Грахоўскі — людзі чужыя, не нашы, з варожага лагера. «Не! Не! Не!» — крычала мая ўстрывожаная душа, з няўтаймаванай крыўдай паланіла маё сэрца.


«Босыя на вогнішчы» са зборніка «Лапцюжная Бела­русь» М. Чарота, «Цені на сонцы» А. Александровіча, «Сокі цаліны» Ц. Гартнага, «Сполах на загонах», «Праз гады» П. Галавача, зборнікі вершаў Т. Кляшторнага, А. Вольнага, А. Дудара, У. Дубоўкі, С. Дарожнага, «Сцежкі-дарожкі», «Вязьмо» М. Зарэцкага, «Чужая зямля», «Межы» С. Баранавых, «Кароткія нарысы-гісторыі беларускай літаратуры» М. Гарэцкага — наш гонар, гонар усёй Беларусі, і для мяне гэтыя творы былі вялікім скарбам. I мне нельга было ўтрымацца, гледзячы на макулатурныя ворахі, куды былі выкінуты гэтыя творы кэгэбісцкімі цемрашаламі з усіх бібліятэк: раённых, вясковых хат-чытальняў, школьных.


Акрамя кніг, найлепшай сяброўкай для мяне была газета. Спачатку «Піянер Беларусі», а пазней раёнкі — «Чырвоная Тураўшчына» і «Прымежны камунар». Памятаю, як пераступіў упершыню парог «Чырвонай Тураўшчыны». У пакой адказнага рэдактара дзверы былі прыадчынены. Рэдактар заўважыў мяне, ветліва запрасіў: «Заходзьце, заходзьце, калі ласка». Я няўпэўненымі крокамі ўвайшоў у рэдактарскі пакой, з вокан яго відаць была вуліца. Ён прапанаваў прысесці. Спытаў хто я, чаго завітаў у рэдакцыю. Сполах мой імгненна сышоў, і калі ён загаварыў, мне здавалася, што з гэтым чалавекам я ўжо даўно знаёмы. Голас яго ўважны, добразычлівы і я, пасмялеўшы, дастаў з кішэні сшытак і аддаў яму. Рэдактар разгарнуў мой сшытак з вершамі, пералістаўшы, прачытаў некалькі. Заўважыў, што многія вершы напісаны наспех, што над імі трэба яшчэ папрацаваць, а затым прамовіў: «А вось «Калгасную восень» надрукуем». Колькі было ра­дасці, калі ў руках я трымаў свежы нумар «Чырвонай Тураўшчыны», на другой старонцы якой быў надрукаваны мой верш! Я не ішоў, а бег у суботу дадому, каб пахваліцца сябрам. 3 той пары і сам рэдактар Мірановіч стаў маім дарадцам і настаўнікам, другім бацькам, а супрацоўнікі рэдакцыі добрымі і шчырымі сябрамі. I ўжо час ад часу змяшчаліся мае вершы ў «Чырвонай Тураўшчыне», аж пакуль, закончыўшы дзесяцігодку, паступіў на кароткатэрміновыя педкурсы ў г. Мазыры. Гэта быў верасень 1939 года. Чырвоная армія перайшла дзяржаўную мяжу і вызваліла Заходнюю Беларусь, якую ў панскай Польшчы паны называлі «усходнімі крэсамі». 17 верасня я бачыў, як праз маю вёску праходзілі калоны чырвонаармейцаў, а за імі танкеткі, артылерыя. Уперадзе калоны крочыў мой паважаны рэдактар Мірановіч, камандзір, увесь у рамянях, а з боку вісеў агромністы маўзер. На галаве, як і ва ўсіх чырвонаармейцаў, — каска з чырвонай зоркай. Я не ўстрымаўся, падбег да калоны, павітаўся, пажадаўшы шчаслівага звароту.


А ў кастрычніку 1939 года я, малады курсант-выпускнік, з’явіўся ў Жыткавіцкі аддзел народнай асветы з накіраваннем аблана, у якім прапанавалася скарыстаць мяне ў якасці загадчыка пачатковай школы. Так я трапіў у Боркаўскую пачатковую школу, стаў настаўнікам і яе загадчыкам. I вось тут пачалося маё актыўнае супрацоўніцтва з «Прымежным камунарам» — Жыткавіцкай раёнкай. На яе старонках ахвотна змяшчаліся мае нарысы, героямі якіх былі баркаўчане — паляводы, жнеі, даяркі, пастухі, настаўнікі і школьная дзятва. Акрамя нарысаў — апавяданні, вершы, частушкі, звычайныя допісы з калгаснага жыцця. Нават і сёння памятаю частушку.


Ой, у полі тры таполі,


Пад гарою верасок.


У калгасніцы Аўдолі


Варашылаўскі значок.


Я цікавіўся мінулым вёскі, удзелам баркаўчан у грамадзянскай вайне, партызаншчыне і г.д. Аб усім гэтым знаёміў чытачоў раёнкі амаль у кожным нумары.


Я часта пехам дабіраўся ў Жыткавічы ў рэдакцыю газеты, што знаходзілася па вуліцы Фрунзе. Ні снег, ні завіруха, ні восеньскія дажджы — не перашкода для маладога настаўніка з паэтычнай узнёсласцю і імпэтам. Там, у рэдакцыі, мяне чакалі нават сам рэдактар Ястрэмскі і супрацоўнікі рэдакцыі, бо ведалі, што я прынясу нешта цікавае, патрэбнае. Рэдактар Ястрэмскі (не памятаю, на жаль, ініцыялаў) — чалавек сталага ўзросту, з сівізной на скронях. Відаць, шмат бачыў на сваім вяку. Надзвычай добры чалавек, разумны, разважлівы, эрудыраваны. Калі слова скажа — яно заўсёды трапнае, да месца. Палюбіў я яго сыноўняй любоўю. I вельмі шкада было, калі ён быў накіраваны потым у адзін з раёнаў Брэстчыны.Тады быў наведзены кантакт і з новым рэдактарам — ім стаў Целепень.


Раёнку я чакаў. Без яе мне чагосьці не ставала. На яе старонках — жыццё раёна. Падзеі ў вёсках, цікавыя здарэнні, працоўныя будні ў калгасах і саўгасах, лясных гаспадарках, прамысловых прадпрыемствах, школьнае, культурнае жыццё. Канферэнцыі, і ў тым ліку настаўніцкія, спартыўныя спаборніцтвы, паляўнічыя здарэнні, цікавыя выпадкі і г. д.


Асабліва актыўна я супрацоўнічаў з раёнкай у час маёй працы ў Бялёўскай сямігодцы, дзе быў ужо большы, чым у Борках, настаўніцкі калектыў, які жыў зладжана, адной працоўнай сям’ёй. Кіравалі ім Г. У. Пілевіч, ардэнаносец і завуч школы М. В. Курбыка, сапраўдны інтэлігент, прафесіянал, дасканала валодаў гуманітарнымі наву­камі. Як дырэктар, так і завуч заахвочвалі нас, маладых, каб мы не толькі школай абмяжоўваліся, але і актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці вёскі. I мы — чацвёра маладых педагогаў з’яўляліся завадатарамі вясковай самадзейнасці. З усім гэтым я знаёміў чытачоў раёнкі. Аб Бялёўскай школе, яе дасягненнях ведалі не толькі ў раёне, але і ўсё Палессе, бо мае допісы друкаваліся і ў «Бальшавіку Палесся».


А як хораша мяне адпраўляў настаўніцкі калектыў у Чырвоную Армію! Праз газету я выказаў яму за гэта шчырую падзяку.


Адгрымелі суровыя гады ваеннага ліхалецця. Наша Бацькаўшчына з дапамогай народаў Краіны Саветаў узнялася з руін і папялішчаў. Пасля звароту са шпіталя ад душы, з запалам зноў настаўнічаў на Тураўшчыне, выкладаў беларускую мову і літаратуру. Узначальваў школы ў Верасніцы, Пагосце.


«Чырвоная Тураўшчына», а пазней «Ленінскія заветы» была газета, дзе спалучаліся мае памкненні, мае жаданні з памкненнямі і жаданнямі працоўных майго раёна, маёй любай Тураўшчыны. Для «Ленінскіх заветаў» я стаў жаданым госцем, штодзённым наведвальнікам, яе карэспандэнтам, нават часова выконваў абавязкі адказнага сакратара, адначасова працуючы ў Тураўскай дзесяцігодцы.


У час скарачэння раёна, калі Тураўшчына ўвайшла ў Жыткавіцкі адміністрацыйны раён, прадоўжыў сваю любімую справу, стаўшы актыўным карэспандэнтам газеты «Новае Палессе».


З Іванам Фёдаравічам Карповічам, рэдактарам «Но­вага Палесся», я быў знаёмы даўно, часта сустракаліся ў Гомелі на нарадах творчай моладзі. Тут, у рэдакцыі, сустрэча з ім была добразычлівай, таварыскай. Я паабяцаў дасылаць допісы ў газету. Узяўся, як кажуць, за гуж— не кажы, што не дуж. На старонках «Новага Палесся» з’яўляліся мае вершы, нарысы, артыкулы, героямі ў якіх выступалі мае землякі, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, падпольшчыкі, партызаны, піянеры, патрыёты, закатаваныя фашыстамі, знатныя людзі з вёсак Любавічы, Верасніцы, Малешава, якія ўваходзілі ў калгас імя Жданава, перайменаванага пазней у калгас «1 Мая». Жыццё школы, работа метадычнага аб’яднання, кіраўніком якога я быў, працуючы намеснікам дырэктара Малешаўскай школы, рэгулярна асвятляліся на старонках раёнкі.


Мой партрэт разам з сябрамі-карэспандэнтамі не раз знаходзіўся на «Дошцы гонару», якую ладзіла рэдакцыя «Новага Палесся». Мае нарысы, асабліва нарыс «Слова пра Малешаў», атрымаў перамогу на аб’яўленым рэдакцыяй конкурсе. Нездарма мне ад імя рэдакцыі ўрачыста ўручыў рэдактар В. А. Куземка «Пасведчанне няштатнага карэспандэнта № 1».


Шаную і паважаю былых супрацоўнікаў «Новага Палесся» — У. Замкаўца, які, паспяхова закончыўшы аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю, стаў кандыдатам навук, працягваючы журналісцкую і навуковую дзейнасць у адной з вышэйшых навучальных устаноў Брэстчыны; А. Сулкоўскую, прывабную, мілавідную дзяўчыну-журналістку, палымянымі, эмацыянальнымі, дасканала абгрунтаванымі артыкуламі якой захапляліся чытачы раёна; I. Карповіча, у артыкулах якога адчувалася пяро майстра, дзе вылучаліся тэматычная надзённасць, крытычная вастрыня, мэтанакіраванасць і глыбіня выказваемай думкі, эрудыцыя аўтара.


Радуюся, захапляюся зладжанасцю, працавітасцю, самаадданасцю і сённяшняга склада супрацоўнікаў «Но­вага Палесся». Яго ўзначальвае Уладзімір Мікалаевіч Гаўрыловіч, журналіст, аўтар мастацкіх твораў, нары­саў. 3 прыходам Уладзіміра Мікалаевіча «Новае Па­лессе» стала больш цікавым, больш змястоўным, больш прывабным, больш патрэбным для чытача рознага ўзросту, адукацыі, дзе ёсць тэмы, над якімі трэба задумацца, а таксама тэмы, дзе чытач можа пасмяяцца ад вострай сатыры і жарту. Кіраўнік і калектыў газеты ведаюць да дробязяў жыццё людзей, жывуць з людзьмі і хочуць, каб жылося ім лепей, весялей, каб у іх быў заўсёды дастатак, добразычлівасць, згода, каб «Новае Палессе» стала для чытача памяркоўным дарадчыкам, надзейным памочнікам, сябрам.


Хочацца асабіста добрым словам адзначыць пра­цоўную і творчую дзейнасць ветэрана-журналіста Сяр­гея Адамавіча Кулакевіча. Яго артыкулы разнастайнай тэматыкі знаёмяць чытача са станам калгасных і саў­гасных гаспадарак, з жыццём вяскоўцаў, іх планамі, іх надзеямі, востра, калюча ганьбяць разгільдзяйства, нядбайнасць, ляноту, п’янства.


У рэдакцыі газеты «Новае Палессе» заўсёды быў і ёсць здаровы касцяк актыўных няштатных карэспандэнтаў, які пастаянна папаўняецца, іх імёны ведае ўдзячны чытач. Гэта А. Губанаў, В. Дзербянёў, А. Купрацэвіч, У. Баярын і шмат іншых. Па іх карэспандэнцыях чытач даведваўся аб самаадданых подзвігах хлебаробаў на калгасных палях, на жывёлагадоўчых фермах, аб баявых подзвігах салдат, партызан, падпольшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, аб далёкім і слаўным мінулым палескага краю.


Рэдакцыя «Новага Палесся» ганарыцца людзьмі, якія складаюць карэспандэнцкае ядро. Гэта В. Феранц, В. Маркевіч, В. Лоўгач, А. Ярмоленка, В. Нікановіч і многімі, многімі іншымі.


Нельга не адзначыць і ўдалы падбор «Літаратурных старонак», дзе ёсць і апавяданні, і вершы, і байкі, і гумарэскі. Аўтарамі іх з’яўляецца наш чытач, што спрабуе свае сілы ў мастацкім слове, і сталыя журналісты. «Новае Палессе» заахвочвае маладых аўтараў, дапамагае ўдасканальваць сваё творчае майстэрства, расціць іх, як маці. Чытачу вядома, што з літаратурных старонак раёнкі выйшлі на сталы шлях мастацтва пісьменнік М. Гамолка, паэт П. Шруб, паэтэсы Н. Аксёнчык, Г. Дашкевіч. А імя самадзейнага паэта А.Бандзюка гучыць на ўсю Жыткаўшчыну. Яго гумарыстычныя, задушэўныя, цёплыя вершы, якіх нельга адрозніць ад твораў з народнага фальклору, дэкламуюцца ў кожнай вёсцы раёна.


Усё, што занатавана мною ў гэтым нарысе, падкрэслівае і сведчыць аб тым, што газета «Новае Палессе» — гэта мая газета. Яна — маё жыццё, мая настаўніца, мая ўцеха. Ды хіба ж толькі мая?!


М. КЛІМОВІЧ, няштатны карэспандэнт. 2006 г.


НА ЗДЫМКУ: М. Клімовіч з сям’ёй.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.