НАДЗЕЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ.САПРАЎДНЫЯ СЯБРЫ

Два дзесяцігоддзі звязваюць раённую газету “Новае Палессе” з Мазырскай друкарняй – адным з самых паважаных друкарскіх цэнтраў не толькі Палесся, але і Беларусі. З верасня 1877 года бярэ свой адлік прадпрыемства – тады яна працавала на базе запалкавай фабрыкі “Молния”. Як і ў дарэвалюцыйныя часы, так і сёння КПУП “Калор” запяспечвала цэнтральнае Палессе рознай бланачнай прадукцыяй. Тут была развіта і газетная справа.


Сёння маецца ў друкарні добрая вытворчая база для друкавання газет, якая штогод развіваецца і самаўдасканальваецца. А людзі, якія працуюць тут – самыя што ні на ёсць надзейныя партнёры і сябры жыткаўчан. Вопыт і прафесіяналізм супрацоўнікаў прадпрыемства, якім кіруе Людміла Васільеўна Парашчанка, дазваляюць нам своечасова атрымліваць газету. Варта заўважыць, што наш агульны прадукт штогод прыбаўляе па якасных паказчыках. І гэта, бясспрэчна, заўважаем мы, рэдакцыйныя работнікі, і нашы чытачы.


Але ж, стаяць на месцы нельга. Каб мець больш прыгожае выданне ў плане афармлення, нам яшчэ трэба будзе прайсці разам шмат. Спецыялісты прадпрыемства, калі тое нам патрэбна, заўсёды даюць рэдакцыйным спецыялістам тэхнічныя рэкамендацыі. Абодва бакі зацікаўлены, каб газета заўсёды выглядала сучасна, каб яе з задавальненнем хацелася ўзяць у рукі і прачытаць.


Так, шмат людзей задзейнічана на шляху, калі чытач выйме са сваёй паштовай скрынкі чарговы нумар раёнкі. Безумоўна, туды яе пакладзе старанны паштальён. Ужо больш дзесяці гадоў, з пераходам на камп’ютэрную вёрстку, “Новае Палессе” ствараецца самім рэдакцыйным калектывам: пішуцца матэрыялы, рыхтуюцца фотаздымкі, вярстаюцца газетныя палосы, вычытваюцца, фарміруюцца ў стройны газетны рад. І – перадаюцца па электроннай сувязі ў камунальнае прадпрыемства “Калор”. Там яе прымае Наталля Новік, аператар электроннага набору і вёрсткі (здымак №1). Наталля Мікалаеўна вывярае захаванне тэхнічных параметраў і выводзіць газетныя палосы на кальку. Іх аб’ядноўвае ў нумар старанны мантажыст-капіравальшчык Алена Ліс. Алена Рыгораўна (здымак №2) шмат гадоў працуе на адказнай пасадзе, ад яе залежыць якаснае капіраванне на спецыяльную пласціну. Зразумела, тут не толькі майстэрства трэба, важна, каб якаснымі былі і дапаможныя матэрыялы: газетныя калькі, пласціны, якія набываюцца друкарняй спецыяльна для газетнай вытворчасці. Агульны кантроль за тэхнічным станам справы ажыццяўляе вопытны спецыліст-тэхнолаг, тэхнічны рэдактар выдавецтва Яўген Міхайлавіч Ермоленка (здымак №3). Калі ўзнікаюць часам нейкія выдавецкія недахопы, то іх хутка вырашаюць як прадстаўнікі рэдакцыі, так і спецыялісты друкарні.


Апошні этап – працэс друкавання. На майстарскім участку, якім кіруе Аляксандра Ягораўна Мельнік (здымак №4), шмат рознага абсталявання. З ім на “вы” інжынер-механік Зезетка Аляксандр Мікалаевіч і друкар Антон Алегавіч Фасфутдзінаў (здымак №5). Яны і друкуюць “Новае Палессе”, фарміруюць газету ў пакеты, накіроўваюць на склад. Адтуль яна трапляе ў рукі мазырскіх, калінкавіцкіх, жыткавіцкіх паштавікоў. Такі складаны шлях робіць наша газета да чытача…


Нельга не сказаць яшчэ пра двух асоб, якія прыкладаюць шмат намаганняў, каб наша раёнка заўсёды своечасова трапляла да чытача. Сцяпан Іванавіч Косціў – галоўны інжынер прыдпрыемства – заўсёды трымае выданне газет, як кажуць, на пульсе часу. І рэдакцыйнаму калектыву “Новага Палесся” прыемна працаваць з такім адказным спецыялістам.


А дапамогу рэдакцыі мастака-дызайнера прадпрыемства Дзмітрыя Міхайлавіча Гардзіенкі ўвогуле цяжка пераацаніць. Дзякуючы яго старанням, своечасовай падказцы і рэкамендацый рэдакцыйныя спецыялісты авалодалі новымі праграмнымі прадуктамі, змаглі самастойна, з улікам друкарскіх магчымасцяў, асвоіць стварэнне поўнакаляровых выпускаў. Больш таго: Дзмітрый Міхайлавіч адгукаецца сэрцам на нашы просьбы, не звязаныя з друкарскай справай і непасрэдна прадпрыемства, дзе ён працуе. Да юбілею газеты ён дапамог нам ажыццявіць унікальны выдавецкі праект — выпусціць поўнакаляровую кнігу “Глыбокія карані: ад “Прымежнага камунара” да “Новага Палесся”. Цяжка нараджаўся, цяжка ішоў гэты праект, але мы яго разам ажыццявілі! Любую кансультацыю тэхнічнага плана нам заўсёды даваў тэхнічны рэдактар Яўген Ермоленка. І – кніжка атрымалася! Дякуй Вам ад імя рэдакцыйнага калектыву за сумленнасць, шчырасць, адказнасць. Дзякуй, Вам, сябры “Новага Палесся”, за працу.


У. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.