Органы правапарадку – за парадак

Прыйшла вясна, а з ёй асаблівую актуальнасць набывае і тэма добраўпарадкавання ў населеных пунктах. Як зазначыў начальнік Жыткавіцкага аддзела ўнутранных спраў Міхіл Рагачоў, супрацоўнікі міліцыі сёлета значна ўзмоцняць сваю работу па гэтаму накірунку дзейнасці, так бы мовіць, органы правапарадку будуць актыўна садзейнічаць навядзенню чысціні і парадку на вуліцах населеных пунктаў раёна.


Увага работнікаў аддзела звернута і на такі аспект нашай жыццядзейнасці не выпадкова. Падстаў тут шмат. І першая з іх — цяперашні стан прыдамавых тэрыторый. Малюнак ля многіх з іх пасля зыходу снегу звычайна не самы прывабны. Аб гэтым сведчаць і радкі нядаўна складзеных міліцыянерамі пратаколаў: “…вуліцу, ля свайго падворка жыхар аграгарадка Кольна загрувасціў дровамі”, “жыхарка райцэнтра складзіравала на вуліцы будаўнічыя матэрыялы”. І такіх дакументаў ужо з пачатку года складзена некалькі дзесяткаў. Канечне, парушальнікі панеслі заслужанае пакаранне, але, як зазначыў начальнік міліцыі Міхаіл Рагачоў, але супрацоўнікі РАЎС не ставяць перад сабой мэту пакараць за развядзенне антысанітарыі, а паказаць чалавеку на недахоп, падштурхнуць яго выправіць, недапускаць такога беспарадку ў далейшым.


— Таму заўвагу ўчастковага інспектара (менавіта на іх ляжыць асноўная адказнасць у барацьбе з беспарадкам) наконт развядзення антысанітарыі, ці іншага супрацоўніка аддзела падчас прафілактычных рэйдаў нельга расцэньваць як немінучае пакаранне, а знак да дзеяння, — разважае Міхаіл Паўлавіч Рагачоў. – Для выпраўлення сітуацыі гаспадару даецца тэрмін, праводзіцца прафілактычная гутарка. У цесным супрацоўніцтве па навядзенню добраўпарадкавання работнікі міліцыі працуюць і з органамі мясцовай улады, іншымі зацікаўленымі службамі.


Прыцягвалі да адказнасці супрацоўнікі міліцыі гаспадароў, якія парушалі правілы добраўпарадкавання і раней, але самых злосных. Толькі за мінулы год на іх было складзена 123 адміністрацыйныя пратаколы. Прычыны адны і тыя ж: загрувашчванне вуліц населеных пунктаў дровамі, смеццем, будаўнічымі матэрыяламі, несвоечасова падкошанае ля падворка пустазелле. Толькі, відаць, жыхары раёна аддаюць перавагу вучыцца на ўласных памылках, чым на другіх, таму і ідзе працэс добраўпарадкавання вельмі складана. Усё ж трэба памятаць, што часы змяніліся, а разам з імі і патрабаванні па ўтрыманню населеных пунктаў у парадку. Таму неабходна найперш мяняць сваю псіхалогію і нам, ад каго непасрэдна залежыць добраўпарадкаванне. Думаецца, нічога страшнага не здарыцца, калі дарослыя дзеці ці ўнукі дапамогуць навесці чысціню ля падворка сваіх бацькоў: своечасова дроўцы складуць, падкосяць летам пустазелле, увогуле, клапаціцца аб прыгажосці свайго жылля трэба пастаянна ўсім. Ад гэтага карысць агульная: нашы населеныя пункты становяцца прыгажэйшымі, а людзям удасцца пазбегнуць праблем з заканадаўствам. Усё ж пакаранні прадугледжаныя артыкулам 21.14 “Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў” Адміністрацыйнага кодэксу Рэспублікі Беларусь нежартоўныя: за загрувашчванне вуліц, плошчаў, двароў, іншых зямель агульнага карыстання будаўнічымі матэрыяламі і іншымі прадметамі вядзе да накладання штрафа ў памеры ад трох да пяці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – ад пяці да дзесяці базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад дзесяці да дваццаці базавых велічынь. За парушэнне іншых правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, як сведчыць пункт другі гэтага артыкула кодэксу, прадугледжвае накладанне штрафа ў памеры ад пяці да дваццаці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад дзесяці да пяцідзесяці базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад дваццаці да ста базавых велічынь.


Відавочна, што парадак выбіраць намнога выгадней.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.