ПАВАЖАЮ І ЦАНЮ…

Пішыце, калі ласка!


За свой пяцідзесяцігадовы стаж рабселькораўскай дзейнасці не раз былі ў мяне так званыя “адлівы і прылівы”. Вырашыў: больш не буду пісаць у перыядычныя выданні. Прычыны на тое былі аб’ектыўнага і суб’ектыўнага характару. Толькі на змену гэтаму заспакаенню заўсёды прыходзіла творчая актыўнасць. У ранейшым Тураўскім раёне выходзіла газета “Ленінскія заветы”, дзе друкаваліся мае матэрыялы. Тады я працаваў настаўнікам у Пагосцкай сямігадовай школе і адначасова вучыўся на завочным аддзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута. І сваю педагагічную работу вырашыў не мяняць ні на якую іншую – мары жыцця не здраджваюць.


У пэўны час у рэдакцыі раённай газеты і ў райкаме партыі настойліва прапаноўвалі перайсці на штатную газетную работу. Працяглы час са мной гутарылі рэдактар М.І. Тарасенка і тагачасны першы сакратар РК КПБ Г.С. Жданко. Я ўсё ж не даў згоды.


Неяк познім вячэрнім часам я завітаў на пагосцкую малочнатаварную ферму. Мы, настаўнікі, тады часта так рабілі – праводзілі агітацыйна-растлумачальную работу, разжываліся на матэрыялы для калгаснай насценнай газеты “За высокі ўраджай”. Нечакана ў ленінскім кутку спаткаўся з Г.С. Жданко. Пацякла міжвольная гутарка пра жыццё-быццё. У заключэнне першы сакратар раённага камітэта партыі сказаў: “Ну што ж, працуйце настаўнікам – пасада ў вас адказная. Толькі надта прашу вас, пішыце ў раённую газету. Прызнацца па шчырасці, сумую без вашых матэрыялаў. Ніколькі не крыўлю душой”.


Гэтак закончыўся перыяд майго першага зацятага газетнага маўчання.


Па праўдзе сказаць, плённа спалучаць работу ў школе з адказнай грамадскай дзейнасцю і супрацоўніцтвам у перыядычным друку – справа адказная і нялёгкая. Вольнага часу амаль не было. Даводзілася ўласны сон скарачаць, каб у газетах з’явіліся допісы. І колькі часу маё імя не сустракалася на старонках “Новага Палесся”. Мала-памалу прызвычайваўся да газеты. Здавалася, так і трэба. Прайшоў час. Неяк я спяшаўся да аўтастанцыі, што прыляпілася да чыгуначнага вакзала. Нечакана незнаёмы голас назваў мяне па прозвішчу. Сцішыў хаду – нікога знаёмага не запрыкмеціў. І вось з натоўпу людзей выйшаў мне насустрач інвалід Вялікай Айчыннай вайны з кавенькай у руках. Паведаміў: “Я вас ведаю. Не раз чуў вашы выступленні на нарадах. Ахвотна чытаў вашы газетныя выступленні. Ды вось колькі часу не сустракаюся з вамі ў раённай газеце – сумую. Прашу, калі ласка”. Падышоў чарговы аўтобус і незнаёмы, цяжка абапіраючыся на кавеньку, падаўся ў салон. Ні прозвішча, ні імя, ні месца жыхарства не знаў – не паспеў, на жаль, аб чым я вельмі шкадаваў.


І зноў пачасціліся ў газетах мае заметкі, як называюць у вёсцы, друкаваныя публікацыі.


І вось свежы выпадак. Званок. Падымаю трубку. Знаёмы голас Ніны Ільінічны Маркевіч з Чэрніч. “Я спецыяльна выпісала “Новае Палессе”, каб чытаць твае заметкі, — А іх няма на старонках “раёнкі”. Пішы, чакаю з нецярпеннем”…


Па заданню рэдакцыі


Толькі пераступіў раніцай парог настаўніцкай, як тэлефонны званок прымусіў падняць трубку. Рэдактар газеты “Новае Палессе” Іван Фёдаравіч Карповіч паведаміў, што рэдакцыя атрымала ліст з далёкага Данбаса ад чалавека, які вызваляў в. Азяраны і навакольныя населеныя пункты ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Ранейшы вайсковец цікавіцца, якой вёскай сталі Азяраны ў пасляваенны аднаўленча-будаўнічы час. Гэтае пісьмо высылаюць мне дамоў – давалі вольнасць у выбары адказу.


Некалькі дзён правёў у Азяранах, гутарыў з людзьмі, паказваў салдацкае пісьмо. Вяскоўцы радаваліся, што іх памятаюць, што іхнім лёсам і лёсам іхняй вёскі цікавіцца далёкі чалавек з блізкай сястры — Украіны. Усё гэта падштурхнула мяне падрыхтаваць грунтоўную публікацыю, бо накапілася вельмі шмат фактаў, прыкладаў, лёсаў жывых людзей. Фотакарэспандэнт У. Махнач зрабіў некалькі ўдалых фотаздымкаў. Атрымалася цудоўна і для вяскоўцаў-азяранцаў і для незнаёмага чалавека.


Былі выпадкі, калі рэдакцыя давала іншыя заданні. Ні разу не падвёў сваю сяброўку – у час (а калі-нікалі дачасна) даручэнні выконваў. Бывала, пазвоніць рэдактар і скажа: “Сёння ў “Савецкай Беларусі” справаздачна-выбарны сход. Просім артыкул… да раніцы праз дзень”. Прысутнічаў на сходзе, тым больш што пагосцкія калгаснікі выбіралі мяне даверанай асобай на той сельгасфорум. Занатоўваў усё важнае, нават выступаў з прапановамі па розных сельскагаспадарчых накірунках. Звычайна вечарам прысутнічаў на сходзе. А раніцай наступнага дня тэлефанаваў, каб забіралі допіс. Ноч-матухна выручала.


Выконваць рэдакцыйныя заданні прыахвоціў мяне таксама “Ленінскіх заветаў” Мікалай Іванавіч Тарасенка. Рыхтаваў старонкі са жнівеньскіх і студзеньскіх нарад настаўнікаў, выступленні кіраўнікоў розных вытворчых адзінак, радавых працаўнікоў розных накірункаў.


На кантролі няштатнага


Багата хто з нашых пагастчан у час вайны нечакана трапілі ў нямецка-фашысцкае рабства. У сярэдзіне вясны 1944 года сагналі ўсіх вяскоўцаў, якія былі ў гэты час дома, на балонне каля Турава, памагатыя новай улады з мясцовага насельніцтва паказвалі, каго адпраўляць у Германію. Садзілі небарак у крытыя душагубкі, у Жыткавічах заганялі ў “цялятнікі”-вагоны і так без яды і вады накіроўвалі ў ненавісную нямеччыну. А там пасялілі ў баракі, куды добрыя людзі нават жывёлу не памяшчалі.


Але не даў Бог марам фашыстаў збыцца. Пагарэлі пад ударамі доблесных савецкіх войск. Вярнуліся дамоў палонныя.


Прайшлі гады. У рэшце рэшт давялося немцам расплачвацца за ваенныя даўгі. Вось тут і выйшла ў многіх людзей закавыка. У Германіі былі, а пацвярджэння дакументальнага няма нідзе. Успамінаюць тады, што ў вёсцы жыве няштатны карэспандэнт, які можа дапамагчы. Так і было на самай справе. З маёй дапамогай сталі гаспадарамі належачых ім нямецкіх марак М.П. Пашэвіч, Т.І. Кузьміч, С.Ц. Торчык, М.А. Фіцнер, К.С. Торчык, М.Ф. Пашэвіч, Г.Г. Кошман, Н.А. Саскевіч, П.І. і М.І. Леўкаўцы і іншыя. Даўно нарадзілася думка браць на кантроль праблемы вяскоўцаў і вырашаць іх. У прыватнасці, справіў з канторы будаўніцтва ваенных заводаў нявыплачаную зарплату вартаўніку дзелавога лесаматэрыялу Д.Т. Торчыку (за некалькі месяцаў). Знайшоў магчымасць, каб Р.С. Лазарчук атрымаў даплату да пенсіі па інваліднасці з Расійскай Федэрацыі.


Пасадзейнічаў М.С. Карасю (праз раёнку) разабрацца з непаладкамі ў дамашняй газавай гаспадарцы. Тут на вышыні аказаўся майстар Тураўскага газавага ўчастка С.П. Курбан.


Скараціў валакіту па рамонту знаходзячагася на абанементнай плаце тэлевізара, гаспадаром якога з’яўляецца У.П. Панчэня.


… У розныя часы жыцця за вырашэннем набалелых праблем звярталіся жыхары з Хваенска, Бечаў, Азяран, Чэрніч і іншых населеных пунктаў.


Вопытам гэткай работы ў свой час дзяліўся на абласной нарадзе партыйна-гаспадарчага актыву.


Наша падтрымка


Цяжка стала жыцць вельмі многім, калі не стала вялікай краіны СССР, якая была не па зубах шматлікім ворагам. Разбурылі ладную будыніну, каб пачаць жыццё з зямлянкі.


І пераважная большасць людзей стала жыць вельмі бедна. У цяжкім становішчы апынулася рэдакцыя нашай раённай газеты, якую рэдагаваў тады В.А. Куземка.


Не мог я прайсці міма такога становішча як даўні няштатны аўтар. Гэта разумелі працаўнікі нашага школьнага калектыву. Амаль усе актыўна – хто колькі мог – унеслі грашовыя сродкі на фінансавую падтрымку “раёнкі”.


Пра гэта на першай старонцы паведамляла “Новае Палессе”…


В. МАРКЕВІЧ, пазаштатны аўтар “Новага Палесся. 2000 г.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.