Пашана ветэрану

У гэтыя першыя дні вясны прымаў віншаванні з нагоды векавога юбілею ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Зайцаў.


У дом, які знаходзіцца ў райцэнтры на вуліцы Якуба Коласа і дзе цяпер пражывае юбіляр, з нагоды яго сотага дня нараджэння завітала шмат прадстаўнікоў ад улады з падарункамі і кветкамі: старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Наталля Макарэвіч, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Казлова, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Адам Купрацэвіч і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Адам Аліфяровіч. Васіль Адамавіч сустрэў гасцей, так бы мовіць, пры поўным парадзе: святочны гарнітур упрыгожвалі шматлікія ўзнагароды, якія найяскравей сведчылі аб тым, што на сваім жыццёвым шляху Зайцаў зрабіў нямала карысных і добрых спраў для сваёй радзімы. Менавіта на гэтым і зрабіў акцэнт старшыня райвыканкама Мікалай Какора, віншуючы юбіляра, адразу падзякаваў ветэрана за тое, што ён, як і многія нашы дзеды сваёй мужнасцю ачысцілі нашу зямлю ад фашысцкай навалы, адбудавалі гаспадарку пасля разрухі. Як расказала дачка Васіля Адамавіча, франтавыя дарогі завялі яго аж у самы Берлін, а пасля перамогі ён усё жыццё працаваў у сельскай гаспадарцы, у адным з калгасаў Жлобінскага раёна. Працаваў шчыра і сумленна, па словах дачкі, там дзе патрэбен быў парадак, дзе неабходна было забяспечыць захаванасць грамадскай маёмасці – на гэтых участках і працаваў Васіль Зайцаў.


— Справядлівасць заўсёды любіў, выказаць праўду ніколі не баяўся, але да людзей адносіўся з пашанай, нікога не пакрыўдзіў за сваё жыццё, — гаворыць Надзея Васільеўна. — І цяпер гэтых якасцей не страціў.


На долю гэтых людзей выпала нямала выпрабаванняў. Безумоўна, яны моцна ўдарылі па здароўі, гады ж бяруць сваё. Але аднаго ў іх нельга адняць: той жыццёвай мудрасці, што накоплена за пражыты час. Васіль Адамавіч – чалавек нешматслоўны, але калі ўжо скажа, то доўга над гэтым пасля думаеш. Па прычыне свайго здароўя ён слаба ведае пра сённяшнія падзеі, але вопыт добра дапамагае яму даваць ацэнкі сучаснасці.


Не буду адмаўляць, што падчас мерапрыемства многім гасцям карцела даведацца аб сакрэце доўгажыхарства. Яго раскрыла за бацьку дачка: умеранасць ва ўсім, менавіта так ён жыў усё жыццё, таму і дасягнуў такога саліднага ўзросту. Былі ў родзе Зайцавых і доўгажыхары, а ад пароды таксама многае залежыць. Увогуле, жыццё Васіля Адамавіча з’яўляецца прыкладам для яго нашчадкаў. Іх нямала, вырасціў траіх дзяцей, цяпер мае пяць унукаў. Значыць жыццё пражыта не дарэмна.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.