Паслуга да паслугі — чалавеку дапамога

Адно з выслоўяў, якім народ ахарактарызаваў работу спецыялістаў бытавога абслугоўвання насельніцтва, лічыцца “служба добрага настрою”. Бясспрэчна, што менавіта працаўнікі гэтай галіны дапамагаюць многім з нас справіцца паспяхова з немалой колькасцю праблем, чым аблягчаюць наш быт. Як гэта робяць спецыялісты ААТ “Жыткавіцкі РКБА” карэспандэнт раёнкі папрасіў расказаць дырэктара Наталлю КУЧЫНСКУЮ.


— Наталля Міхайлаўна, найперш хацелася б пачуць аб тым, што сабой уяўляе на цяперашні час структура вашага прадпрыемства, і якія захады прымаюцца па яе развіццю?


— Адкрытае акцыянернае таварыства “Жыткавіцкі РКБА” створана на аснове рашэння Жыткавіцкага райвыканкама ад 24 снежня мінулага года. Таварыства з’яўляецца правапераемнікам КУП “Жыткавіцкі РКБА”. Асноўным напрамкам дзейнасці калектыва з’яўляецца выкананне работ і паслуг па бытавому абслугоўванню насельніцтва. Таксама мы аказваем паслугі прадпрыемствам і арганізацыям і займаемся рознічным гандлем. Для выканання вытворчых планаў на прадпрыемстве працуюць 16 комплексна-прыёмных пунктаў ( 15 у сельскай мясцовасці), швейныя майстэрні ў Жыткавічах, Тураве і Чырвоным, цырульні ў райцэнтры і Тураве, фатаграфія і шавецкая майстэрня, цэх па вырабу наматраснікаў і коўдраў, трыкатажны цэх, пункты пракату і прыёмкі рэчаў на пранне і хімчыстку.


Што тычыцца развіцця, то найперш адзначу: у мінулым годзе праведзены капітальны рамонт комплексна-прыёмных пунктаў у аграгарадках Дзякавічы, Бялёў, Леніна. Таксама адрамантавана кацельня Дома быту ў горадзе Тураве. Практыкуем на комплексна-прыёмных пунктах і сумяшчэнне прафесій. Напрыклад, на КПП аграгарадкоў Кольна, Азяраны прыёмшчыцы адначасова могуць выконваць і заказы па рамонту і вырабу швейных вырабаў, а на КПП аграгарадка Дуброва прыёмшчыца з’яўляецца і партніхай, і цырульнікам. Шавец працуе на комплексна-прыёмным пункце аграгарадка Кольна, а ў Бялёве цырульнік. Такі падыход дазваляе максімальна наблізіць нашы паслугі сельскаму насельніцтву. Працаваць жа на вёску – наша прыярытэтная задача.


— Наколькі запатрабаваны паслугі “Жыткавіцкага РКБА” насельніцтвам? Як гэта адбіваецца на вытворчых паказчыках?


— На цяперашні час прадпрыемствам аказваецца 16 відаў бытавых паслуг: рамонт абутку, вязка трыкатажных вырабаў, выраб і рамонт мэблі, хімчыстка і афарбоўка, паслугі пральні, фатаграфаванне, пашыў і рамонт адзення, рытуальныя паслугі, цырульні і іншыя. Магчыма, на нейкія з іх прыйдзецца перагледзець тарыфы, каб яны сталі прыбытковымі. Асноўнымі напрамкамі развіцця ў гэтым годзе будуць з’яўляцца швейная вытворчасць, рытуальныя і цырульныя паслугі. Спецыялістамі і прыёмшчыкамі комплексна-прыёмных пунктаў аналізуецца попыт насельніцтва, распрацоўваюцца мадэлі новых вырабаў. Іх выпуск прадпрыемства стараецца асвойваць у самыя кароткія тэрміны. Наладжана і сістэма за якасцю. Таварыства выпускае наступную прадукцыю швейнай і трыкатажнай вытворчасці: мужчынскае і жаночае, дзіцячае верхняе адзенне, пасцельную бялізну і іншыя віды тэкстыльных вырабаў. Выпускаемыя вырабы канкурэнтаздольныя на рынку збыту і карыстаюцца попытам у насельніцтва. Станоўча характарызуе нашу прадукцыю і яе сезоннасць, а таксама, што імкнемся ісці ў нагу з модай. Цана некаторых мадэлей параўнальна невысокая, таму такая прадукцыя карыстаецца попытам у малазабяспечаных слаёў насельніцтва. Улічваем пры вырабе адзення яшчэ і такія якасці як узрост і плацёжаздольнасць сельскага насельніцтва. Гэта таксама спрыяе ўстойліваму попыту. Каб максімальна задаволіць патрэбы вяскоўцаў і выкананне зацверджаных сацыяльных стандартаў па бытавому абслугоўванню людзей, ААТ “Жыткавіцкі РКБА” распрацаваны графік выязднога абслугоўвання сельскага насельніцтва раёна. Усё гэта адбіваецца станоўча на вытворчых паказчыках прадпрыемства. Аналіз мінулагодняй дзейнасці сведчыць, што аб’ём бытавых паслуг летась склаў 1090,0 мільёна рублёў. Дарэчы, гэта не самае горшае дасягненне ў вобласці. На гэты год плануем давесці аб’ём рэалізацыі бытавых паслуг у памеры 1250,0 мільёна рублёў, што на 11-12 працэнтаў больш чым было летась. Відавочна, калі ставім перад сабой такія планы, значыць, маем упэўненасць, што нашы паслугі знойдуць сваіх кліентаў. І для гэтага мы працуем.


— Наколькі плённая гэтая праца, найперш залежыць ад калектыва, які Вы ўзначальваеце?


— Гэта так. І на сваіх спецыялістаў я не наракаю, бо гэта сапраўдныя прафесіяналы. Зараз у ААТ “Жыткавіцкае РКБА” працуе 96 чалавек. Гэта ў асноўным таленавітыя, адданыя сваёй справе працаўнікі. Ды што казаць, калі ў многіх з іх адзіны запіс у працоўнай кніжцы, які там праставілі, калі яны ўладкоўваліся на камбінат бытавога абслугоўвання. Нягледзячы на невысокія заробкі, гэтыя спецыялісты так і засталіся вернымі абранай спецыяльнасці. Прыходзяць і маладыя, асабліва шмат дзяўчынак уладкавалася ў цырульні. Галоўнае, каб усе праяўлялі ветлівасць і належную ўвагу да кожнага кліента, высокі прафесіяналізм, тады і справы будуць ладзіцца, і кліент застанецца задаволеным. Напярэдадні прафесійнага свята хачу падзякаваць усім работнікам і спецыялістам таварыства за ўклад у развіццё бытавога абслугоўвання насельніцтва раёна. Віншую ўсіх, у тым ліку і ветэранаў нашага прадпрыемства з Днём работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, усім жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця і поспехаў.


Запісаў С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.