Поруч з паліграфістамі

Так складаўся мой лёс, што ў канцы 1963 года я быў прызначаны намеснікам рэдактара Жыткавіцкай раённай газеты “Новае Палессе”. У студзені 1965 года рашэннем бюро Жыткавіцкага райкама партыі былі ўскладзены на мяне абавязкі ўзначальваць раёнку.


У той час работнікі рэдакцыі і друкарні газеты складалі адзін калектыў, які падпарадкоўваўся рэдактару. Становішча было цяжкім. Рэдакцыя знаходзілася ў невялікім цагляным будынку на вуліцы Карла Маркса, а друкарня размяшчалася ў звычайнай драўлянай хаце на вуліцы імя Фрунзе. Адлегласць паміж будынкамі рэдакцыі і друкарні газеты складала паўтара кіламетра. Ацяпленне ў абодвух будынках было пячное. З-за нядбайнасці былога рэдактара Пятра Фёдаравіча Бозікава дровы своечасова не завозіліся. Сырым жа палівам растапіць грубкі было надзвычайна складана. У зімовы час людзі працавалі ў верхняй вопратцы. Такое становішча аказвала адмоўны ўплыў на якасць работы супрацоўнікаў як рэдакцыі, так і друкарні. А ўвогуле і газета была ў заняпадзе.


Мая задача рэдактара “Новага Палесся” заключалася ў тым, каб стварыць належныя ўмовы для плённай творчай работы супрацоўнікаў і рэдакцыі, і друкарні. З чаго пачаць?


Перш-наперш прыйшлося звярнуцца за дапамогай да начальніка раённай міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі Франца Плавінскага. Угаварыў яго. Ён падрадзіўся ўзвесці прыбудову да памяшкання рэдакцыі памерам 14 метраў у даўжыню і 7 метраў у шырыню. Я быў вельмі ўдзячны спагадліваму кіраўніку будаўнічай арганізацыі, калектыў якой літаральна ў лічаныя месяцы ажыццявіў маю задумку, дадаткова пабудаваўшы гараж і склад для захавання паліграфічнай прадукцыі. З’явілася магчымасць перавесці работнікаў друкарні ў зноўку створанае памяшканне, у якім размясціліся цэх ручнога набору, цэх машыннага набору і друкарскі цэх.


Узяўшыся за арганізацыю пераводу памяшканняў і рэдакцыі і друкарні на цэнтральную ацяпляльную сістіэму, так званую – паравую. Прыйшлося з дапамогай “штрафнікоў”, якія былі заштрафаваны і пакараны міліцыяй за парушэнне правапарадку, разабраць грубкі, а цэглу вынесці і скласці ў двары. Гэты матэрыял быў выкарыстаны для закрыцця ўтварыўшайся прагаліны на месцы былых грубак.


Наладжванне пераводу памяшканняў рэдакцыі і друкарні на цэнтральнае ацяпленне аказалася справай нялёгкай. Звярнуўся за дапамогай да начальніка сельгастэхнікі Івана Салея. Той не супярэчыў. Усе матэрыялы райсельгастэхніка мела ў наяўнасці. Не аказалася толькі спецыяліста, які б усталяваў цэнтральную ацяпляльную сістэму.


Прыйшлося звярнуцца за парадай да дырэктара Мазырскай друкарні, з якім быў знаёмы. Ён аказаўся кемлівым чалавекам і знайшоў адпаведнага спецыяліста. Я прывёз яго да Салея і параіў яму, каб ён прыняў мазырскага сантэхніка часова на працу, і па заканчэнні работы заплаціў яму адпаведную суму (з тых сродкаў якія рэдакцыя пералічыць райсельгастэхніцы ў парадку разліку). І работа закіпела.


Ужо ў верасні 1965 года супрацоўнікі рэдакцыі працавалі поруч з паліграфістамі ў адным дасканала абагравальным памяшканні. Пайшла на лад работа газетчыкаў і паліграфістаў.


У кастрычніку першага года маёй рэдактарскай дзейнасці начальнік абласнога ўпраўлення друку Міхаіл Атрушкевіч наведаў рэдакцыю “Новага Палесся, здзівіўся тым пераўтварэнням, якія адбыліся ў калектвые рэдакцыі і друкарні за лічаныя месяцы і выказаў сваё шчырае, радаснае задавальненне.


Дырэктарам друкарні “Новага Палесся” у той час працаваў Уладзімір Латоцін. На гэтай рабоце ён быў выпадковым чалавекам. І гэта аказвала адмоўны ўплыў на яго кіраўніцкую дзейнасць. Замест зладжанай, дружнай работы ў калектыве ўспыхвалі рознага характару спрэчкі і нават сваркі.


Размаўляючы з Латоціным аб заганным стылі яго кіруючай дзейнасці на пасадзе дырэктара друкарні, пацікавіўся яго далейшай работай. Даведаўшыся, што ён працаваў літаратурным работнікам райгазеты былога Ленінскага раёна, які быў скасаваны, прапанаваў яму аналагічную пасаду ў рэдакцыі Новага Палесся. Ён з радасцю ўспрыняў маю прапанову. Дырэктарам друкарні я прызначыў старэйшую, вельмі вопытную працаўніцу Соф’ю Сідараўну Мацкевіч. Яна дасканала валодала прафесіямі наборшчыцы, друкара, заслужана карысталася павагай і аўтарытэтам у калектыве. І справы пайшлі тут як на дражджах. На належную вышыню ўзрасла творчая зацікаўленасць кожнага паліграфіста. Асабліва сваё умельства і спрытнасць у работе праяўлялі наборшчыцы Святлана Зайцава, Вольга Саўчыц, Марыя Нарастава. А маладыя, былыя дзесяцікласніцы Рузалія Пянькоўская, Галіна Дудзіч і Галіна Жураўлевіч, іх я прыняў у якасці вучаніц, па маёй рэкамендацыі асвоілі ў друкарні усе прафесіі. Высокай прадукцыйнасці ў рабоце дабіваліся паліграфісткі Алена Якубоўская і Валянціна Чарнушэвіч. Яны зарэкамендавалі сябе не толькі стараннымі працаўніцамі машыннага набору, але і дбайнымі настаўніцамі для сваіх малодшых сябровак з наборнага цэха па авалодванні больш складанай справай – машынным наборам. Дарэчы, Валянціна Чарнушэвіч потым была запрошага мной для работы ў рэдакцыі машыністкай. І яна паспяхова авалодала новай прафесіяй. Больш таго, у далейшым яна плённа стала працаваць у газеце на пасадзе карэктара. Не магу не сказаць станоўчага слова пра друкара Віктара Ярмаша. На мой погляд, сярод адпаведных спецыялістаў паліграфічнай справы яму не было роўных па друкарскаму майстэрству.


Намаганнямі паліграфістаў у новых, спрыяльных умовах было аказана карыснае садзеянне для павышэння творчай актыўнасці супрацоўнікаў рэдакцыі. Іх друкаваныя публікацыі заіскрыліся на старонках газеты новымі фарбамі. Узрос дух творчага спаборніцтва за паўнейшае адлюстраванне жыцця раёна. У гэтым плане творчым гарэннем вызначаліся Віктар Лоўгач, Віктар Куземка, Язэп Куралікаў, Аксана Сулкоўская, Уладзімір Лаўніковіч, Тамара Зайцава, Сяргей Кулакевіч, Ларыса Багай, Уладзімір Белікаў, Наталля Ярэшка, Пятро Кушнер, Уладзімір Махнач. Кожнаму з іх я нястомна аказваў садзеянне, каб павышалася іх прафесійная адказнасць па умацаванню актуальнасці і праўдзівасці іх публікацый. Я радаваўся кожнаму трапнаму слову ў іх публікацыях.


З вялікай павагай адносіўся да пазаштатных карэспандэнтаў газеты. Іх кагорта з году ў год расла. Сваёй актыўнай творчасцю яны дапамагалі рэдакцыі рабіць газету цікавай, змястоўнай і неабходнай чытачам. Тыраж газеты ў маю бытнасць рэдактарам не апускаўся ніжэй васьмі тысяч экземпляраў.


Не магу ўтрымацць, каб не выказаць сваёй удзячнасці старэйшым працаўніцам «Новага Палесся» бухгалтару Людміле Васільеўне Кіцура і карэктару Вользе Сямёнаўне Чысцяковай. Іх плённая, старанная праца на карысць газеты аказала станоўчы ўплыў на Святлану Чопчыц, якая прыйшла ў газету спачатку працаваць машыністкай, потым стала адмысловым карэктарам, а цяпер з’яўляецца адказным сакратаром газеты.


У далейшым мяне запаланіла новая ідэя. Я з прысутнай мне ўпартасцю ўзяўся за яе ажыццяўленне. На базе былога будынку Жыткавіцкай хлебапякарні мне ўдалося арганізаваць узвядзенне двухпавярховага будынку, у якім на першым паверсе размясцілася друкарня, а на другім — рэдакцыя. Прыкладна ў гэты час работнікі друкарні атрымалі самастойнасць. Яе кіраўніком стала паліграфіст Ніна Прысяжнюк. Яна добрасумленна выконвала свае абавязкі. І незразумела па якой прычыне кіраўнік абласнога ўпраўлення па друку падпарадкаваў Жыткавіцкую друкарню Петрыкаўскай, хаця першая мела больш кваліфікаваныя кадры і больш дасканалыя тэхнічныя сродкі. У канчатковым выніку справу давялі да таго, што наогул скасавалі Жыткавіцкую друкарню, пакінуўшы паліграфістаў без работы. Думаю, што ў Ніны Прысяжнюк не хапіла духу, каб аспрэчыць памылковае рашэнне абласнога ўпраўлення, падключыўшы для абароны сваіх паліграфістаў тагачаснага рэдактара газеты Віктара Куземку і мясцовую ўладу.


Усё гэта, канечне, ужо ў мінулым. Сёння ж, у дзень 80-годдзя “Новага Палесся”, я ад усёй душы, ад шчырага сэрца віншую творчы калектыў раёнкі з юбілеем і з асаблівым задавальненнем адзначаю, што пад кіраўніцтвам свайго рэдактара Уладзіміра Мікалаевіча Гаўрыловіча, які з’яўляецца не толькі журналістам высокага ўзроўню, але і таленавітым пісьменнікам, творы якога авалодваюць душамі чытачоў, газета робіць дабратворны уплыў на дасягненне чалавечай свядомасці, на ўмацаванне новага ладу жыцця, людзей.


І. КАРПОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.