Сэрцу дарагія ўспаміны

Калі сёння я нагадваю свае гады, а іх набіраецца ў жніўні ажно семдзесят пяць, то падаецца як багата пражыў. І гады гэтыя, і будучы мой юбілей – гэта даты і падзеі аднаго чалавека. А калі юбілей у газеты, то гэта ўжо прыкметны гістарычны летапіс эпохі. І пісалі яго ў маёй «жыткаўчанкі», у майго “Новага Палесся” старонкі гэтага летапісу на працягу 80-ці гадоў дзесяткі журналістаў і сотні пазаштатных аўтараў газеты. Прытым газета гэта давала многім пуцёўку ў самастойнае жыццё з адным запісам у працоўнай кніжцы канкрэтнай прафесійнай дзейнасці.


Маю тут на ўвазе, перш-наперш, сябе. Яшчэ вучнем восьмага класа Жыткавіцкай беларускай сярэдняй школы №1 я пачаў супрацоўнічаць з раённай газетай, якая называлася тады “Ленінскі шлях”. І супрацоўніцтва гэта працягвалася, калі я вучыўся ў дзевятым і дзесятым класах. І гэтаму ў многім садзейнічаў адказны сакратар газеты Фёдар Дамашкевіч. Ён падтрымліваў мяне парадамі, раіў пра што і як лепей пісаць, каб матэрыял годным быў для газеты.


Лічу, што з “Ленінскага шляху” і пачалася мая газетная аўтабіяграфія. Праўда, пачаў я напачатку працаваць літсупрацоўнікам у капаткевіцкай раённай газеце “За новыя рубяжы”. А ліквідавалі раён і я па накіраванню абкама партыі і сваёй асабістай згодзе стаў працаваць загадчыкам аддзела пісем і масавай работы з аўтарскім актывам у жыткавіцкай міжраённай газеце з назвай “Новае Палессе”. Гады – красавік 1962-гі па сакавік 1963-га. Газета ў гэты перыяд асвятляла жыццё Жыткавіцкага і Петрыкаўскага раёнаў, сабраўшы ў свой калектыў журналістаў чатырох раёнаў, улічваючы ліквідаваных. Рэдактарам газеты працаваў тады Пётр Фёдаравіч Бозікаў, намеснікам — Дзмітрый Карась, адказным сакратаром — Васіль Зарэцкі.


Быў гэта незабываемы час. Аднак на працягу яго я напісаў і некалькі фельетонаў, і некалькі нарысаў. Апякаў газету, яе калектыў у пэўным сэнсе гэтага слова мудры чалавек парторг абкама партыі Адамовіч. Ён часта прыходзіў на лятучкі, у паездках на раён браў з сабою журналістаў, цікавіўся ўмовамі іх жыцця. І разам з намі радаваўся змястоўным нумарам, а па крытычных выступленнях газеты дабіваўся адпаведнага рэагавання.


А затым? Затым газета стала раённай. І я з сакавіка 1963 года па сакавік 1967 працаваў у ёй адказным сакратаром.


У названыя гады ў газету прыйшоў таленавіты журналіст Язэп Куралікаў. Па тым ужо часе ён надрукаваў у “Чырвонай змене” дзве аповесці. Апошняя – “Блізкае – далёкае”. Што датычыцца “Новага Палесся” – то ў мяне з Куралікавым у ім і рэйды, і замалёўкі, і эцюды.


Творчым чалавекам і супрацоўнікам быў у нашай «жыткаўчанцы» і фотакор Уладзімір Махнач. Не магу змаўчаць і пра Уладзіміра Лаўніковіча. Яму ад Бога талент дастаўся. Шкада, што рана не стала Уладзіміра.


Узгадваю сёння і тое, што ў якой бы газеце я не працаваў, абавязкова адбіраў і захоўваў па некалькі нумароў на ўспамін. І, безумоўна, калі рыхтаваў гэты артыкул да юбілею газеты, дастаў са свайго архіву і стос “Новага Палесся”. Назаву некаторыя.


Нумар за 24 лістапада 1962 года. У ім змешчаны мой нарыс “Адрас шчасця – пярэдні край”. У нумары за 28 лістапада 1963-га года чытаю рэйдавы матэрыял пад рубрыкай “Атакуе “Камсамольскі пражэктар”. І подпіс аднаго з удзельнікаў рэйду – В. Лоўгач, начальнік раённага штаба “Камсамольскі пражэктар”.


У нумары за шостае жніўня змешчана маё апавяданне “Калектыўна? Як сказаць”. Год 1966-ты.


У гэтым жа годзе, толькі ў кастрычніку, я змясціў нарыс “Край мой родны, край азёрны”.


Адначасова надрукавала гэты нарыс і рэспубліканская маладзёжная газета “Чырвоная змена”. Толькі пад загалоўкам “Бальзам жывых крыніц”.


Пісаў я гэты нарыс і радаваўся за свой край, адметны, непаўторны. І толькі нашанскі.


Край гэты —


Край легенд, Адвечных песень-казак, 


—- Край паэм —


Бальзам жывых крыніц.


І гэта ты, зямля маіх бацькоў,


І гэта ты, Жыткаўшчына!


І як бы развітальны нумар газеты за люты 1967-мы год. У ім, “Новым Палессі”, мой артыкул “Бацькоўскай дарогай”. А чаму развітальны напісаў? Ды таму, што ў сакавіку я працаваў ўжо намеснікам рэдактара чачэрскай раённай газеты “Трыбуна камунізму”. А закончыў сваю газетную кар’еру рэдактарам акцябрскай раённай газеты “Чырвоны кастрычнік”, у якой адпрацаваў ім амаль 29 гадоў.


Ды толькі дзе і кім бы я не працаваў, а сувязь са сваёю жыткавіцкай раённай газетай не парываў. Не, не – і дасылаў штосьці ў “Новае Палессе”. У большасці – гумарыстычныя творы. І некаторыя з іх пазней былі ўключаны ў мае кнігі гумару “Таблеткі для сну” і “Элексір здароўя”.


І я шчыра ўдзячны калектыву газеты, асабіста галоўнаму рэдактару Уладзіміру Гаўрыловічу, што не забываюць свайго земляка, свайго былога супрацоўніка. І зычу вам, мае дарагія калегі, творчага пяра, дабрабыту і росту тыража. А чытачам – цудоўнага настрою і толькі сонечных дзён у жыцці. Ды з жаданнем выпісваць і з цікавасцю чытаць кожны нумар сваёй газеты.


В. ЛОЎГАЧ, ветэран перыядычнага друку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.