У новым годзе – новыя задачы

Поўная зала людзей, што сабралася ў Бялёўскім СДК на справаздачны сход мясцовага сельгаспрадпрыемства, найперш засведчыла, наколькі цяперашнія і былыя работнікі цікавяцца тым, як складваюцца на сённяшні дзень справы ў калектыве. Усё ж ад таго, наколькі вынікова працуе гаспадарка, у значнай ступені залежыць дабрабыт першых, і вырашэнне шматлікіх надзённых пытанняў другіх. Таму прысутныя ўважліва, з непрыхаванай цікавасцю слухалі выступленне кіраўніка КСУПа “Бялёў” Уладзіміра Ачапоўскага, які і зрабіў справаздачу аб выніках гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства за мінулы год. Яго Уладзімір Уладзіміравіч назваў годам далейшай стабілізацыі вытворчасці і эканомікі.


Для гэтага ў кіраўніка было нямала падстаў. Найперш, сельгаспрадпрыемства выканала даведзены прагнозны паказчык па тэмпу росту вытворчасці на сто трынаццаць працэнтаў адносна года папярэдняга. Сярод станоўчых вынікаў былі названы дасягненні жывёлаводаў і бульбаводаў. Менавіта малако, а за мінулы год на грамадскіх фермах ад адной каровы надоена больш пяці тысяч кілаграмаў малака, з’явілася адной з асноўных крыніц грашовых паступленняў, прычым пры даволі нядрэннай рэнтабельнасці. Яшчэ адным відам прыбытковай прадукцыі для працаўнікоў калектыва стала бульба, якой накапалі 2700 тон, што на трыста больш чым пазалетась. Рэнтабельнасць ад продажу клубняў склала 140 працэнтаў. Таму, акрэсліваючы напрамкі вытворчасці на цяперашні год, Уладзімір Ачапоўскі, менавіта засяродзіў увагу прысутных на тым, каб яшчэ больш развіць гэтыя галіны, што даюць такую добрую аддачу. Напрыклад, бульбы мяркуецца вырасціць тры тысячы тон, а валавы надой малака давесці да 1800 тон. Падвоіць запланавана і збор зерня, сабраць яго дзве тысячы тон. На жаль, у мінулым годзе з прычыны неспрыяльных пагодных умоў не ўдалося атрымаць высокага ўраджаю на збожжавым палетку. Цяпер жа, як адзначалася кіраўніком, патрэбна не дапусціць такога. Стан азімых пакуль станоўчы. Дапаможа дабіцца намечанага на зерневым полі і кукуруза, плошчы пад якую будуць толькі пашырацца, бо гэтая культура дае нядрэнны ўраджай.


Як станоўчая тэндэнцыя гаспадарчай дзейнасці было названа і тое, што і ў мінулым годзе сельгаспрадпрыемства набыло некалькі адзінак сучаснай тэхнікі, будаўніцтва жылля для работнікаў. Ды і ў кормавытворчасці за мінулы год зроблены значны крок наперад.


Канечне, усе гэтыя станоўчыя моманты ў гаспадарчай дзейнасці не так, як хацелася б працаўнікам, адбіліся на фінансава-эканамічным стане, аб чым прысутным далажылі галоўны эканаміст сельгаспрадпрыемства Лідзія Каралец і галоўны бухгалтар Наталля Уханава. Гаспадарка мае немалую крэдыторскую запазычанасць. Адно з балючых пытанняў — мінусавая рэнтабельнасць шэрагу відаў прадукцыі. Таго ж мяса, якое, так бы мовіць, прынесла страт столькі, што звяло да нуля ўсю дзейнасць жывёлагадоўчай галіны. Застаецца адкрытым і пытанне, звязанае з суадносінамі росту прадукцыйнасці працы і заробкаў працаўнікоў. Апошні паказчык пакуль пераўзыходзіць першы. Менавіта вырашэнне гэтых перакосаў пры сёлетняй дзейнасці ставіцца на першы план. Пэўныя захады ўжо прымаюцца. Напрыклад, на таварнай ферме “Птушнік” укараняецца брыгадны падрад. Гэтая форма арганізацыі працы дазволіць не толькі ўзняць эфектыўнасць працы па вырошчванню мяса, але і забяспечыць дадатковыя стымулы работнікам. Робяць стаўку пры зніжэнні затрат і на энергазберажэнне, а таксама на павелічэнне аддачы палеткаў і фермаў. Усе гэтыя моманты знайшлі сваё адлюстраванне ў вытворчай праграме гаспадаркі на гэты год, якую прынялі на сходзе, ды тых зменах, якія ўнесены і зацверджаны ў калектыўным дагаворы. А гэта значыць толькі адно, што працаваць калектыву давядзецца яшчэ больш старанна і з поўнай самааддачай. На гэтым засяродзіла ўвагу прысутных на мерапрыемстве намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў Наталля Фёдараўна Макарэвіч, якая пажадала плёну працаўнікам гаспадаркі па выкананню пастаўленых задач. Галоўнае, ёсць тыя людзі, якія на гэта здольныя. Перадавікі вытворчасці на сходзе былі адзначаны ганаровымі дыпломамі райвыканкама, якія ўручыла Наталля Макарэвіч. У прыватнасці гэта Галіна Рагалевіч, аператар машыннага даення, якая надаіла 5120 кілаграмаў малака ад кожнай каровы сваёй групы, Аляксандр Макарэвіч, механізатар, які назапасіў больш дванаццаці тысяч тон травяной і кукурузнай масы, Сцяпан Жогаль, жывёлавод. Вялікай колькасці работнікаў: механізатарам Мікалаю Жогалю, Уладзіміру Шульзе, Вячаславу Агіевічу, Анатолю Чмыхуну, Уладзіміру Рудому, Генадзю Галавачу, жывёлаводу Алене Жогаль, паляводам Валянціне Жогаль, Валянціне Дралавай і многім іншым за стараннасць і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў аб’яўлена падзяка кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, а таксама налічаны немалыя грашовыя прэміі. Парадавалі напрыканцы сходу працаўнікоў гаспадаркі сваёй творчасцю самадзейныя артысты мясцовага Дома культуры, што надало мерапрыемству яшчэ большай урачыстасці.


Таксама гэтак жа ўрачыста прайшлі і справаздачныя сходы ў КСУПах “Дзякавічы” і “Марохараўскі”, дзе таксама падвялі вынікі мінулагодняй дзейнасці і належна ўшанавалі лепшых работнікаў. Справаздачная кампанія ў сельгаспрадпрыемствах завершыцца напачатку сакавіка.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.