З большай адказнасцю да вырашэння надзённых праблем

Шматлікія пытанні, што тычацца жыццядзейнасці раёна, разгледжаны на апаратнай нарадзе ў панядзелак, 28 лютага, якую правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора.


Напачатку нарады Мікалай Міхайлавіч даў адзнаку прайшоўшаму ў выхадныя спартыўнаму мерапрыемству “Лыжня-2011”. Крытыка прагучала ў адрас тых кіраўнікоў, якія праігнаравалі спаборніцтвы.


А. Палтаран, кіраўнік справамі райвыканкама, праінфармаваў прысутных аб адміністрацыйнай практыцы аддзелаў і ўпраўленняў, раённых службаў па пытаннях добраўпарадкавання і навядзення належнага санітарнага парадку на тэрыторыі раёна. Аналізуючы стан спраў па гэтым накірунку дзейнасці, было адзначана, што адпаведныя службы яшчэ працуюць недастаткова. Таму маецца яшчэ нямала ачагоў антысанітарыі і беспарадку, адрасы якіх былі названы старшынёй райвыканкама.


— Хто пакараны за тое, што зламаны агароджы і вароты на вуліцы Пралетарскай? – заканамерна пытаўся ў прысутных кіраўнік раёна. – Ніхто! Агароджы ж устаноўлены за бюджэтныя сродкі. Галоўнае не столькі скласці пратакол або выпісаць прадпісанне, а пракантраляваць, як выконваюцца гэтыя заўвагі. Кожны кіраўнік, кожны гаспадар павінны ўсвядоміць і зразумець, што клопат і адказнасць за парадак ляжыць менавіта на іх асабіста.


На нарадзе зроблены аналіз эпідэміялагічнай абстаноўкі: прыкладна, на 15 працэнтаў вырасла захворваемасць на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі насельніцтва раёна. Інтэнсіўнасць захворваемасці пастаянна кантралюецца, і, як адзначалася на нарадзе, практычна ўсе яе выпадкі назіраюцца сярод дарослых, якія ў свой час не зрабілі прышчэпкі ад гэтай хваробы. Эпідэміялагічнай службай раёна вядзецца і кантроль за якасцю пітной вады, які старшыня райвыканкама запатрабаваў узмацніць, асабліва ў тых месцах, дзе насельніцтва карыстаецца прыватнымі калодзежамі. Патрэбна давесці кожнаму гаспадару такіх крыніц водазабеспячэння аб неабходнасці іх дэзінфекцыі.


Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях У.Кулеш праінфармаваў прысутных на нарадзе аб тым, як складваецца сітуацыя з павелічэннем вады ў Прыпяці. Яна пакуль стабілізавалася і спынілася на адзнацы 548 сантыметраў. Таксама У.Кулеш зрабіў аналіз пажарнай абстаноўкі на тэрыторыі раёна. Абмеркавана і пытанне па ўстаноўцы пажарных апавяшчальнікаў у дамах адзінокіх пажылых людзей, мнагадзетных, а таксама неблаганадзейных сем’яў. Старшыня райвыканкама запатрабаваў праводзіць гэтую работу больш актыўна.


Аб стане правапарадку на тэрыторыі раёна далажыў намеснік начальніка РАУС Я. Купрацэвіч. Ён даў не толькі аналіз крымінагеннай абстаноўкі, але і агучыў тэму, якая тычыцца ўдзелу працоўных калектываў у добраахвотных народных дружын. На жаль, не ўсе сур’ёзна ставяцца да гэтай справы, таму кіраўнік раёна папрасіў зрабіць падрабязны аналіз гэтай работы.


Не абмінулі ўвагай і работу сельскагаспадарчай галіны. Асноўнае патрабаванне да аграрыяў — утрымліваць тэмпы росту вытворчасці, якія яны набралі напачатку года.


Аб тым, над чым працуе камунальная служба, расказаў яе дырэктар А. Савосценка. Прагучала ў адрас камунальшчыкаў і справядлівая крытыка. У прыватнасці, было выказана, каб спецыялісты службы больш адказна ставіліся да выканання сваіх прамых абавязкаў. Засяроджана ўвага і на арганізацыі раздзельнага збору бытавых адыходаў, наладжванні асвятлення вуліц, прыборкі пляцовак для смецця, што ўстаноўлены на выездзе з райцэнтра, і іншых пытаннях.


Гаворачы пра арганізацыю гандлёвага абслугоўвання мясцовым спажывецкім таварыствам, Мікалай Какора найперш спыніўся на адсутнасці ў гандлёвай сетцы жывой рыбы, а таксама насычэння паліц таварамі, на парадку ля магазінаў. Прагучалі нараканні ў адрас кааператараў за марудлівасць, якую яны праяўляюць па адкрыцці буфета ў новай гасцініцы.


На планёрцы прааналізавана і дзейнасць наглядальных камісій. Зноў жа была звернута ўвага прысутных на недапушчэнне фармальнага падыходу ў гэтай справе.


Разгледжаны на нарадзе і дзейнасць будаўнічай галіны, культуры, іншых галін гаспадарчага комплексу. Шэраг надзённых праблем узнялі і старшыні Руднянскага, Верасніцкага і Чырвоненскага сельскіх Саветаў. Кіраўнікам адпаведных службаў дадзены канкрэтныя даручэнні па выпраўленню недахопаў, бо ўсё гэта для карысці людзей.


Апаратная нарада закончылася невялікай урачыстасцю: Мікалай Какора ўшанаваў начальніка аддзела адукацыі Ганну Лукашэвіч, якая выйшла на заслужаны адпачынак. Кіраўнік раёна шчыра падзякаваў ёй за працу і ўручыў букет кветак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.