АБМЕН ВОПЫТАМ ТОЛЬКІ НА КАРЫСЦЬ

Днямі пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Ніны Рамановіч у нашым раёне прайшоў практычны семінар, прысвечаны такой запатрабаванай часам форме ўзаёмін улады з рознымі катэгорыямі насельніцтва як назіральныя камісіі. Галоўная мэта іх дзейнасці — прафілактыка асацыяльных паводзін грамадзян, прадухіленне ўзнікнення пажараў і згубы людзей на іх, рашэнне праблем шматдзетных сем’яў, інвалідаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, адзінокіх і адзінокапражываючых грамадзян. Нягледзячы на тое, што такія каміссіі пачалі сваю актыўную працу кожны першы і трэці чацвер месяца ў гарадах раёна і сельскіх Саветах толькі з пачатку года, сёння можна гаварыць пра апрабаваную сістэму, якая няблага функцыянуе і прыносіць карысць усім зацікаўленым бакам. Як гэта дзейнасць ажыццяўляецца на практыцы ўдзельнікам семінару – старшыням Лельчыцкага і Петрыкаўскага раённых і сельскіх Саветаў дэпутатаў – прадэманстравана ў Марохараўскім сельскім і Тураўскім гарадскім Саветах.


У Марохараўскім сельскім Савеце — рабочая планёрка. Зранку кіраўнікі ўсіх арганізацый, якія працуюць на тэрыторыі сельсавета, разам абмяркоўваюць вынікі працы за папярэдні тыдзень і шукаюць рашэнні па праблемных сітуацыях. Старшыня сельвыканкама Г. Лясько інфармуе, якія заўвагі прагучалі на адпаведнай нарадзе ў райвыканкаме, ставіць задачы перад удзельнікамі нарады. Яны шырокамаштабныя: і правядзенне суботнікаў, і ліквідацыя аварыйных дрэў, ліквідацыя несанкцыянаваных звалак, знос занядбаных паселішчаў, прафілактычныя меры па паляпшэнні крымінагеннай сітуацыі, правядзенне месячніка супрацьпажарнай бяспекі… За нядбайныя адносіны да санітарыі і парадку складзена 30 прадпісанняў і 1 пратакол, сёй-той з вяскоўцаў вымушаны заплаціць штраф за парушэнне правілаў утрымання населенага пункта. Тлумачыцца: штрафы — не самамэта. Важна, каб людзі зразумелі, што жыць у брудзе больш немагчыма, і калі яны стараюцца паправіць сітуацыю, то ніхто не будзе злоўжываць уладай. Але парадак ва ўсім трэба наводзіць, і, зразумела, падтрымліваць разам, абудзіць гонар да свайго населенага пункта. За кароткімі справаздачамі адчуваецца карпатлівая штодзённая праца прысутных.


Пасля нарады ў выканкаме застаюцца члены назіральнай камісіі. Гаспадары тлумачаць, якім чынам яны стараюцца працаваць, каб уся праца праводзілася не проста для галачкі, а з пачуццём таго, што справа гэта высакародная і дапаможа выратаваць жыцці шматлікіх людзей. Мясцовы сельвыканкам узяў на сябе адказную функцыю — аналітычнага зводу, напамінання і кантролю за выкананнем прадпісанняў камісіі. Адначасова кантроль ажыццяўляецца членамі камісій (прадстаўнікі РАУС, РАНС, сацыяльнай абароны і ўстановы адукацыі), якімі выяўлены пэўны недахоп у домаўладальнікаў. За некалькі выхадаў назіральная камісія ў Марохараўскім сельскім Савеце зрабіла 162 заўвагі як пажарна-тэхнічнага характару жылых дамоў і надворных пабудоў, правяла навучанне домаўладальнікаў і кватэраздымшчыкаў элементарным правілам пажарнай бяспекі. Створаная форма кантролю выклікала ў гасцей цікавасць. Як і многае іншае. Да прыкладу, збор ад насельніцтва лішкаў сельгаспрадукцыі ажыццяўляюць прыватныя прадпрымальнікі. У нас такі падыход прыжыўся, а ў суседзяў, і яны гэтага не хавалі, вырашэнне гэтага важнага пытання пакуль знаходзіцца ў зародкавым стане.


Ніна Мікалаеўна Рамановіч таксама паведаміла калегам пра шырокі спектр дзейнасці апарата раённага Савета і мясцовых сельвыканкамаў як у плане добраўпарадкавання населеных пунктаў, прымаемых мерах, каб мясцовай уладзе базавага ўзроўню адчуць сябе уладай. Сёлета, падкрэсліла яна, кожнаму сельвыканкаму выдзелены бюджэтныя сродкі на рамонт дарог, сельвыканкамы актыўна працуюць з насельніцтвам, каб разам навесці належны парадак у населеных пунктах. У Марохараўскім сельсавеце таксама шмат зроблена ў гэтым накірунку. На тэрыторыі створаны два аграгарадкі, ажыццёўлена некалькі рэканструкцый аб’ектаў, дзякуючы перамозе ў конкурсе праектаў ПРААН, і сам сельскі Савет бачыцца ў значнай ступені пілотным у плане навядзення парадку, заявіла старшыня райсавета дэпутатаў.


Удзельнікі семінару паназіралі за працай назіральнай камісіі, якая першым наведала мнагадзетную сям’ю ў Марохарава. Наведванне было кантрольным: раней у выніку абследавання было вынесена некалькі заўваг грамадзянам, якія не выконвалі правілы пажарнай і электрычнай бяспекі, вызначаныя пэўныя тэрміны ўхіленняў няспраўнасцяў. Акрамя таго, падчас індывідуальных гутарак былі вырашаны шматлікія праблемныя сітуацыі.


Цяпер камісія засталася задаволенай: у доме заўважны парадак, няспраўнасці амаль усе выпраўлены. Ёсць пажарны апавяшчальнік. Перад печкай і грубай засцерагальныя лісты. Хаця ж усё-такі маленькія недахопы засталіся па пажарнай бяспецы. Значыць, сюды прыйдзецца яшчэ раз завітаць праз нейкі час інспектару дзяржнагляду.


— Пытанне абароны жыцця чалавека і навядзенні парадку на зямлі, жыццезабеспячэнне людзей — прыярытэтная для нас задача, — каменціруе Н.М. Рамановіч, калі члены назіральнай камісіі наведалі чарговы дом.


У гэтай сям’і здарылася бяда. Маці і жонка спілася. Яе накіравалі ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Двое дзетак былі накіраваны ў раённы прытулак. Дзякаваць Богу, што ў дзяцей ёсць бацька, які прыклаў шмат намаганняў, каб вярнуць сваіх дзяцей дадому. У іх доме хоць і небагата, але ёсць усё неабходнае, каб дзеці раслі ў звычным для іх асяроддзі. А бацьку, які днём на працы, дапамагае яго маці-пенсіянерка. “А як жа, шкода сваіх дзетак…” — кажа яна. — Дзеці дагледжаныя, я ўвесь час з імі…


— Дзе лепей: дома ці ў прытулку? — пытаецца ў дзесяцігадовай дзяўчынкі адзін з членаў камісіі.


— Дома… — працяжна адказвае яна і разгублена пазірае то ў тэлевізар, то на незнаёмых людзей, што прыйшлі ў хату.


— Цяпер тут парадак, распавядае сакратар сельсавета Р. Сцяпанава. Але мы імкнемся чым-кольвечы дапамагчы. Вось і аддзел сацыяльнай дапамогі з дываном на падлогу дапамаглі, выдзялялі дабрачынную дапамогу…


— Імкнецца сям’я да лепшага жыцця, трэба дапамагаць, — адзначыла і Н. Рамановіч.


Начальнік ПАСЧ в. Бялёў В.Галавач выявіў нягрубыя парушэнні правілаў пажарнай і электрычнай бяспекі, растлумачыў бабулі, што трэба зрабіць, каб прадухіліць магчымую бяду. На што пажылы чалавек толькі падзякаваў за такую ўвагу…


Камісія сельвыканкама прадоўжыла сваю працу, а шлях удзельнікаў семінару вёў у старажытны Тураў: тут таксама сёння працуе назіральная камісія. На чале са старшынёй гарвыканкама І. Міцюрычам яна наведвае двух адзінока пражываючых жанчын.


Пры аглядзе жылых домаўладанняў спецыялісты звярталі ўвагу на стан электраправодкі і лічыльнікаў уліку электраэнергіі, пажарную бяспеку: ці спраўныя печы, ці ёсць у хатах прытопачныя лісты і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Самі домаўладальнікі заслужылі не меней пільнай увагі: іх падрабязна распыталі аб усіх скаргах і пажаданнях у адрас раённых службаў, пацікавіліся самаадчуваннем і станам здароўя.


Ганна Іванаўна Бяляй — ветэран вайны і працы. Жыве ў сваім акуратным, дагледжаным доме адна. Хварэе. Але ўсіх гасцей сустракае ўсмешкай:


— Вось бы кожны з вас па аднаму ды праз дзень прыйшоў, не так бы сумавала…


Прадстаўнікі розных службаў пагутарылі з пажылой жанчынай, агледзелі яе дом. Відавочна, што падтрымліваць у такім стане дом ёй дапамагаюць дзеці. А вось пажарны апавяшчальнік перастаў працаваць, як след. І начальнік ПАСЧ г. Турава У. Кучынскі ўстанавіў ёй новы. У якасці падарунка.


— Батарэйкі вам хопіць на паўгода, а пасля патэлефануеце, мы заменім… — растлумачыў Уладзімір Іванавіч.


— Дзякуй вам, добрыя людзі, што парог пераступілі… — усхвалявана кажа Ганна Іванаўна. А вось у другім домаўладанні адзінока перажывае сваю бяду Марыя Кузьмінічна Ніцэвіч. Хутка сорак дзён, як памёр яе сын, які разам з братам, хоць і жылі ў Санкт-Пецярбургу, хораша клапаціліся пра свайго роднага чалавека. І ў доме яе ўзорны парадак, толькі слёзы на вачах няўцешнай маці.


Супрацоўнікі РАНС прыстасавалі толькі да грубкі металічны ліст, а прадстаўнікі ўлады і службаў па чарзе пагутарылі з кабетай. Абяцалі ў хуткім часе дапамагчы прыбраць гаспадарчыя прыбудовы, якія за непатрэбнасцю занядбалі і нясуць пагрозу жыццю гаспадыні…


— Дай вам Божа здароўечка… — дзякавала гаспадыня за такую ўвагу і выйшла правесці нечаканых візіцёраў на ганак…


Абмен думкамі аб працы назіральных камісій адбыўся ў Тураўскім гарадскім выканаўчым камітэце. Як пераканана Ніна Мікалаеўна Рамановіч, праца назіральных камісій — найболей эфектыўны спосаб узаемадзеяння, закліканы дамагчыся вырашэння шырокага кола праблем. Людзі шукаюць адказы на свае пытанні. Калі насельніцтва звяртаецца ў вышэйстаячыя арганізацыі, значыць, у мясцовай улады ёсць недапрацоўкі. Мы ствараем сістэму сумеснай працы, узаемадзеяння ўсіх структур, каб іх паправіць. Пры гэтым разумеючы, што пакуль асноўны цяжар кладзецца на мясцовую ўладу ў плане каардынацыі, афармлення прадпісанняў і кантролю за выкананнем даручэнняў. Гэта цяжка, але гэта вельмі неабходна рабіць, калі мы хочам вырашыць шмат праблемных пытанняў, павысіць аўтарытэт улады: сельскай, раённай. А калі будзе прыкметная ўлада, народ пачне выхоўваць адзін аднаго, будзе імкнуцца змяніць пэўную сітуацыю да лепшага.


У перакрыжаваным абмене думкамі, які нават перарос у дыскусію, прынялі ўдзел галоўны спецыяліст упраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама К.М. Лось, супрацоўнікі абласной і раённай структур па надзвычайных сітуацыях, старшыні раённых і сельскіх Саветаў дэпутатаў трох раёнаў.


Укараненне вопыту працы Мазырскага раёна на Жыткаўшчыне па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва ўдзельнікамі пасяджэння прызнаны станоўчымі.


— У нас таксама ёсць шмат напрацовак, але ўражваюць набыткі жыткаўчан, — пракаменціравалі лельчыцкія і петрыкаўскія кіраўнікі.


Значыць мы ідзём у правільным накірунку.


Наша даведка


Стварэнне назіральных камісій паўсюдна на Гомельшчыне ініцыяваў старшыня Гомельскага аблвыканкама У.А. Дворнік, зыходзячы з уласнай практыкі. Падчас працы старшынёй Мазырскага райвыканкама Уладзімір Андрэевіч арганізаваў працу назіральных камісій у Мазыры.  Як вынік: значна паменшылася колькасць зваротаў насельніцтва ў вышэйстаячыя інстанцыі, акрамя таго, улады пачулі праблемы людзей на месцах. Праца ў гэтым кірунку павінна быць выразнай і паслядоўнай, з прыцягненнем спецыялістаў розных службаў. Пры гэтым спецыяльная ўвага надаецца катэгорыі малазабяспечаных, шматдзетных, адзінокапражываючых, састарэлых грамадзян і сем’ям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.


 


У. МІКАЛАЕЎ.


НА ЗДЫМКУ: у час семінара-практыкума.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.