ПОЛЕ РОЎНА ЛЯЖЫЦЬ…

Сёлетняя веснавая сяўба для механізатара КСУП “Чырвоны Бор” Мікалая Агіевіча першая ў яго працоўнай кар’еры. Але гэта ніколькі не бянтэжыць маладога хлебароба, бо ён настроены паказаць усё сваё майстэрства і стараннасць.


З гаража гаспадаркі Агіевіч выязджае адным з першых. Яшчэ і сямі раніцы няма, а ён на сваім энерганасычаным “Беларусу” пад’язджае да запраўкі. Напоўнены палівам бакі – і без прамаруджвання на палетак. Адказная справа там у Мікалая. Хлопец заняты на сяўбе ранніх каласавых культур. Дакладна ведае, да якога тэрміну патрэбна завяршыць гэтую работу. Агранамічнай службай гаспадаркі на яе адведзена дзесяць дзён, таму і выпрацоўка на пасяўным агрэгаце павінна быць штодзённа максімальнай.


— У дзень засяваю па трыццаць-трыццаць пяць гектараў, — расказвае механізатар пра свае клопаты на веснавым палетку. — Настрой добры, нацэленасць на плённую працу таксама. У многім гэтаму спрыяе тое, што перад самай пасяўной кіраўніцтва гаспадаркі замацавала за мной і новы трактар, і новы пасяўны агрэгат. На такой тэхніцы працаваць камфортна і прыемна. Канечне, маладому механізатару імпануе рашэнне кіраўніцтва аб выдзяленні яму новай тэхнікі. Такі крок дырэкцыі, найперш з’яўляецца сведчаннем, што Мікалай апраўдае ўскладзены на яго давер, не падвядзе, а яшчэ ўпэўненасць у яго прафесіяналізме. Што ні кажы, а закончыў хлопец тэхнікум, але захацелася быць бліжэй да зямлі, непасрэдна. І Агіевіч стараецца даказваць гэта сумленнай і выніковай працай. Ды і ад старэйшых калег таксама адставаць не хочацца.


— Зразумела, нялёгка даводзіцца, але прывыкаеш да цяжкасцей, асабліва калі бачыш, як шмат яшчэ патрэбна зрабіць, — адзначае Мікалай. — Спрыяе рабоце і тое, што ўжо з першых дзён сяўбы нас забяспечваюць гарачым харчаваннем. Сяўба — гэта і пара высокіх заробкаў.


— Механізатары працуюць з поўнай самааддчай, — дадае дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Макарэвіч. – Прыкладаў таму шмат. Днямі пад канец работы “паселі” трактары з сеялкамі. Дык ніхто з механізатараў дадому не пайшоў амаль да адзінаццаці вечара, пакуль не павыцягвалі машыны. А назаўтра ўсе ў сем гадзін ужо на работу выехалі. Вось такі цяпер у нас рытм працы.


Словы кіраўніка пацвярджае і галоўны аграном гаспадаркі Васіль Макарэвіч:


— Тэмпамі сяўбы задаволены, таму запланаваныя 760 гектараў ранніх каласавых засеем у аптымальныя тэрміны. На сяўбе задзейнічана тры пасяўныя агрэгаты. Механізатары на іх спрактыкаваныя і старанныя. Напрыклад, Яўген Купрацэвіч, які адным з першых вывеў свой трактар у поле. І зараз ён задае тон на гэтым участку пасяўнога канвеера.


Пасеяць гэтай вясной мясцовым працаўнікам патрабуецца 2395 гектараў. Аб’ём у параўнанні з мінулымі гадамі намнога павялічыўся. Як адзначыў Васіль Пятровіч, толькі пад кукурузу запланавана ў гэтым годзе павялічыць плошчы на паўтысячы гектараў.


У гэтыя дні чырванаборскія хлебаробы не толькі сеюць яравыя зерневыя, але і актыўна даглядаюць за пасевамі азімых. Гэтыя работы практычна ўжо завершаны на ўсёй плошчы. Значную дапамогу аказалі партнёры з аграхімсервіса, якія выдзелілі сваю машыну “Раса”. Але і мясцовы механізатар Анатоль Сініла таксама добра папрацаваў на ўнясенні вадкіх азотных угнаенняў. Вядзецца запраўка глебы і мінеральнымі ўгнаеннямі, дзе задзейнічана тры адзінкі тэхнікі. Штодня механізатары ўносяць больш чым на сотні гектарах мінеральныя угнаенні. За падрыхтоўку глебы пад сяўбу адказвае непасрэдна Мікалай Давідовіч, які працуе на дыскаванні. Адным словам, у “Чырвоным Бары” працуюць па прынцыпу: поле роўна ляжыць ды гуляць не вяліць.


С. МІКАЛАЕЎ.


НА ЗДЫМКУ: механізатар Мікалай Агіевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.