Поспех там, дзе старанне

Земляробы КСУПа “Коленскае” першымі ў раёне справіліся з сяўбой ранніх каласавых і зернебабовых культур. Сёлета імі засеяны ў гаспадарцы 320 гектараў.

 — Усяго тыдзень хапіла, каб выканаць заданне па сяўбе яравых зерневых, — расказвае дырэктар сельгаспрадпрыемства Валянцін Карпаў. — Гэта заслуга ўсяго калектыва, бо своечасова была падрыхтавана тэхніка, наладжана работа звенняў на кожным участку пасяўной, тэхнічнае абслугоўванне машын і агрэгатаў, з першых дзён арганізавана гарачае харчаванне механізатараў, саперніцтва паміж імі, падвоз людзей на працу і іншае. Таму і маем адпаведны вынік.


Па словах Валянціна Мікалаевіча, завяршэнне сяўбы ранніх каласавых — гэта ўсё ж толькі прамежкавы фініш сельгаскампаніі, асноўныя аб’ёмы работ яшчэ наперадзе. Усяго мясцовым працаўнікам гэтай вясной патрэбна пасеяць рознымі культурамі амаль дзве тысячы гектараў.


— Засумавалі за зіму аб працы на зямлі, — гаворыць механізатар Віктар Галавач, — таму і адпаведны настрой маем на работу. А яшчэ старанне падмацоўваецца арганізаваным саперніцтвам. Яно ў нас не менш напружанае ў гэты час, чым на жніве ці на корманарыхтоўцы.


Адзначым, што менавіта гэты механізатар першым у гаспадарцы вывеў свой пасяўны агрэгат у поле, і зараз імкнецца не збаўляць узятага тэмпу.


Адчуць рытм работ у сельгаспрадпрыемстве гэтымі днямі можна было наведаўшы палетак трэцяга вытворчага ўчастка, што знаходзіцца ля вёскі Грэбень. На стогектарным полі было сканцэнтравана больш дзесятка адзінак трактароў.


— На гэтым палетку размесцім кукурузу, — расказвае начальнік участка Віктар Ахрамовіч. — Зараз механізаваныя звенні вядуць тут унясенне арганічных і мінеральных угнаенняў. Хаця надвор’е і не вельмі, але гэтыя работы можна весці добрымі тэмпамі. Механізатары стараюцца.


Красамоўным доказам гэтых слоў спецыяліста служыў няспынны рух трактароў па полі.  Як адзначалі механізатары, добрую выпрацоўку можна дабівацца штодня. Напрыклад, на ўнясенні арганікі кожны член механізаванага атрада робіць па сорак рэйсаў у дзень. Дарэчы, некаторыя з іх гэтай вясной ужо не на адным палетку папрацавалі, не адну работу выканалі.


Адказныя клопаты і ў механізатараў, што заняты на перадпасяўной падрыхтоўцы глебы. Менавіта ад іх зладжанай работы залежала паспяховае правядзенне сяўбы яравых зерневых, і зараз яны таксама, так бы мовіць, у авангардзе.


Напружанне на палетках гаспадаркі не спадае. Акрамя вышэйназваных работ распачата ў сельгаспрадпрыемстве і сяўба цыбулі. У сярэдзіне месяца прыступяць і да кукурузы, іншых культур. Трэба адзначыць, што пасевы пад кукурузу сёлета будуць павялічаны, каб мець добрую кармавую базу для грамадскага статка, а таксама і кукурузнае зерне.


Адметнасць бягучай пасяўной у “Коленскім”, як адзначалі і кіраўнік, і спецыялісты, і механізатары — зладжанасць усіх звенняў. Гэта гаворыць не толькі пра нацэленасць людзей на працу, але і ўзросшай тэхнічнай магутнасці сельгаспрадпрыемства. Толькі на сяўбе каласавых працавала тры камбінаваныя пасяўныя агрэгаты. А яшчэ кожны працаўнік гаспадаркі добра ўсведамляе, што веснавы дзень год корміць. І ў КСУПе гэта праяўляецца толькі ў прамым сэнсе, усе стараюцца, каб мець багаты ўраджай.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.