Працаваць на эканоміку

Рэгіянальная нарада па пытаннях развіцця рэальнага сектара эканомікі раёна нядаўна адбылася ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод”. Удзел у ёй прынялі кіраўнікі і эканамісты прадпрыемстваў і арганізацый раёна, старшыня райвыканкама Мікалай Какора, яго намеснік Сяргей Таболіч, намеснік начальніка аддзела сацыяльна-эканамічага разіцця і прагназавання камітэта эканомікі Гомельскага аблвыканкама  Канстанцін Язэпаў.


Напачатку мерапрыемства кіраўніцтва маторабудаўнічага завода правяло экскурсію для гасцей па цэхах прадпрыемства, каб прысутныя пазнаёміліся з вопытам работы завадчан. Да гонару апошніх за некалькі гадоў зроблена нямала па развіццю вытворчасці. Мільярды рублёў патрачаны на закуп сучасных станкоў і абсталявання. Усе з цікавасцю агледзелі работу новага абсталявання, якое набыта прадпрыемствам. Як патлумачыў дырэктар Віктар Кур’яновіч, гэта дазволіла значна скараціць выдаткі, спажыванне энергарэсурсаў, павысіць якасць выпускаемай прадукцыі. Аб гэтым сведчыць і той факт, што перавага прадукцыі жыткавіцкіх маторабудаўнікоў, у прыватнасці шасцярончатых помпаў,  у параўнанні з іншымі вытворцамі менавіта ў якасці. Аб гэтым сведчыць і статыстыка, якая характарызуецца мінімальнай колькасцю зваротаў прадукцыі і максімальнай — станоўчых водгукаў спажыўцоў як у нашай краіне, так і за яе межамі. Сярод іх даволі вядомыя прадпрыемствы. У ліку такіх заводы МАЗ, МТЗ, ММЗ, “Амкадор”, “Гомсельмаш”.


Канечне, грошы, якія патрачаны на мадэрнізацыю вытворчасці, кіраўніцтва магло б скарыстаць і інакш. Напрыклад, на павышэнне заробкаў рабочым, але ў такім разе ці меў бы завод перспектыву на будучае, без сучаснага абсталявання выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю. Як падкрэслівалася падчас нарады, цэны на асноўную прадукцыю жыткавіцкіх маторабудаўнікоў на шасцярончатыя помпы ніжэйшыя, чым кошт на аналагічныя промпы іншых вытворцаў. А гэта дазваляе ў сукупнасці з высокай якасцю заваёўваць новыя рынкі.


Падчас азнаямлення з дзейнасцю завадчан былі закрануты і пытанні добраўпарадкавання вытворчай тэрыторыі. Тут таксама на прадпрыемстве ёсць добрыя перамены. Хаця і працаваць яшчэ патрабуецца нямала.


Сваю работу ўдзельнікі нарады працягнулі ў актавай зале прадпрыемства. На пасяджэнні намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Таболіч прааналізаваў вынікі работы  рэальнага сектара эканомікі за першы квартал, зрабіў прагноз дзейнасці за чатыры месяцы. Разам са станоўчымі момантамі Сяргей Сцяпанавіч звярнуў увагу прысутных і на праблемныя моманты ў рабоце.  А такіх нямала. Напрыклад, за першы квартал з васьмі прагнозных паказчыкаў раён не выканаў тры.


Наяўнасць стратных прадпрыемстваў на тэрыторыі раёна (хаця іх ўсяго два) з’яўляецца яшчэ адной праблемай, над якой патрэбна працаваць. Таму кіраўніцтву такіх вытворчасцей неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб узначальваемыя імі структуры працавалі рэнтабельна і прыносілі карысць рэгіёну. Увогуле, павышэнне прыбытку любога прадпрыемства павінна стаць асноўнай задачай для кіраўнікоў і эканамічных службаў. Для гэтага ім патрэбна пралічваць кожны свой крок, а не быць звычайнымі статыстамі.


Узнята на нарадзе і пытанне стварэння належных умоў для рабочых на асноўных іх працоўных месцах, не забываць пры гэтым і пра быт на вытворчасці. Менавіта на гэтым зрабіў акцэнт, прычым неаднаразова, старшыня райвыканкама Мікалай Какора. Дарэчы, ім заўважана і тое, што кожны работнік павінен мець за сваю працу і годны заробак. Аб чым таксама нельга забываць кіраўнікам. А гэта магчыма толькі тады, калі прадпрыемства працуе вынікова і мае стабільную эканоміку. Як гэтага дабіваюцца на маторабудаўнічым заводзе, падрабязна расказаў калегам-кіраўнікам дырэктар прадпрыемства Віктар Уладзіміравіч Кур’яновіч.


Правядзенне такіх нарад з удзелам кіраўнікоў і эканамістаў будзе практыкавацца ў раёне і ў далейшым. Такія мерапрыемствы дазваляюць не толькі дэталёва прааналізаваць сітуацыю ў рэальным сектары эканомікі рэгіёна, але і намеціць канкрэтныя шляхі па  вырашэнню праблемных пытанняў, падзяліцца вопытам, што толькі будзе спрыяць умацаванню вытворчага і эканамічнага патэнцыялу раёна.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.