Пухам табе родная зямелька, генерал…

Усё ніяк не мог узяцца за пяро, бо не хацелася верыць, не прымалі душа і памяць той недарэчнай думкі, што яго няма, што больш ніколі не сустрэнеш і не пагамоніш шчыра, як з братам, з ім – Сяргеем Меліным, проста Сярогам, Сяргеем Андрэевічам Канапацкім, нашым першым і апошнім вільчанскім генералам. Здавалася, што жудасная навіна пра яго смерць – гэта проста ідыёцкае насланнё, кашмарны сон, які непраўдападобна доўга зацягнуўся. Трэба толькі намаганнем, высілкам волі прымусіць сябе прачнуцца, прамыць галаву студзёнаю вадою, перахрысціцца на абраз і ўсё стане па-ранейшаму хораша: ён жывы, як і ўсе мы зараз…


І зноў пачую я ў тэлефоннай трубцы бадзёры голас брата Івана: “Прыязджай, калі ёсць час, генерал у Вільчы”. І зноў сустрэнемся мы і паднімем нашу традыцыйную чарку ці то ў селішчы яго працавітай маці-гаротніцы Меланні, ці то на беразе змалку роднай і свойскай нам Случы, ці то за сталом маіх бацькоў. І размовам ды жартам нашым не будзе канца-краю.


Успамінаецца апошняя наша сустрэча ў сярэдзіне мінулага лета, у ліпені, калі спякота звінела нацягнутаю струною, што, здавалася (і так хацелася ўсім), вось-вось лопне, лясне на ўсё наваколле і, згодна Бібліі, развернуцца хлябі нябесныя і сорак дзён і сорак начэй будзе ліць асвяжальны і ачышчальны дождж. На вуліцы – несусветная задуха, ажно куры ў цяньку дзюбкі паадкрывалі, а тут, у прахалодных сенцах хаты яго маці, што не прама, а наўскос цераз вуліцу ад нашай, такая свежасць і зацішны супакой. Сюды, у сені, на шырокі і гасцінны сялянскі стол Сярожына жонка – сінявокая прыгажуня Наталля – падала нам пад закусь ікру з язя, якім напярэдадні нашай стрэчы пачаставалі генерала-земляка. Пакуль побач няспешна дзяліліся свежымі навінамі Наталля з маёй жонкай і дачкою, мы з Сяргеем прыкусвалі цёмна-жоўценькаю ікрою і вырашалі наступнае пытанне: дык колькі мог важыць той язь, калі адна ікра з яго ўмясцілася ў трохлітровы слоік… Прыкінулі, што язь быў не меней пятнаццаці кіло…


Тым часам да фельчарска-акушэрскага пункта вёскі, які даўно ўжо ў нас стаў і своеасаблівым клубам, абапіраючыся на кіёчкі, паціху дыбалі бабулі ды рэдкія дзядулі, збіралася моладзь, падлеткі, якіх тут, у прырэчнай вёсцы, хапае гарачаю летняю парою, работнікі раённага аддзела культуры падключалі і настройвалі музычную апаратуру – у Вільчы мелася адбыцца свята вёскі. Я ўгаварыў Андрэевіча, які быў  у адпачынку, таксама выступіць перад прысутнымі – генерал усё ж такі, асоба…


— Бачыш, цёзка, я не паголены, у шортах, а свята вось-вось пачнецца, таму не салідна гэта для генерала, — парыраваў ён. – Ты ж, я ведаю, будзеш выступаць, а чалавек ты творчы, за ўсю нашу вёску скажаш, не тое, што мы, служывыя…


Свята прайшло на высокім узроўні, дужа спадабалася яно маім землякам. А падарунак, загадзя прызначаны генералу Канапацкаму, вядучая перадала праз яго жонку Наталлю.


Час бяжыць хутка, на змену задушліваму лету прыйшла клапатлівая восень, зіма ў дзверы пастукалася і прыйшоў Новы год. У студзені на мой мабільны Сяргей Андрэевіч адказаў з мінскага шпіталю: хварэю. Я спытаў пра здароўе маці, пажадаў яму выздараўлення. Затым пазваніў яму 22 лютага, каб павіншаваць з заўтрашнім прафесіянальным святам. Яго мабільнік маўчаў, не адказваў ён і ў дзень свята. Замест яго голасу з Вільчы ранняю нязванаю і нечаканаю маланкаю прыйшла чорная вестка: памёр генерал, заўтра пахаванне…


Аказваецца, у сярэдзіне студзеня бягучага, 2011 года першы намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі, начальнік штаба Сяргей Андрэевіч Канапацкі яшчэ цёпла віншаваў 48 байцоў, што звальняліся ў запас.


— За час армейскай службы вы з гонарам выконвалі свой воінскі абавязак. Упэўнены, што ўнутраныя войскі сталі для вас сапраўднай школай мужнасці.


І ў той дзень у гарнізонным клубе сталічнай брыгады міліцыі генерал-маёр Канапацкі ўручыў лепшым салдатам падзякі камандуючага – вышэйшую ступень адзнакі за службу. Па-бацькоўскі віншаваў кожнага, цісную руку, жадаў поспехаў. Не сакрэт, што асобныя з гэтых юнакоў, гледзячы на генерала, у душы марылі дабіцца гэтакіх жа вышынь. І ніхто з іх нават не мог падумаць, што стане апошнім “срочником”, якога першы намеснік камандуючага благаславіць у дарослае жыццё..


Пасля заканчэння сярэдняй школы Сярожа паступае ў вышэйшае каманднае вучылішча імя Кірава МУС СССР, што ў горадзе Арджанікідзе. А пасля яго заканчэння пачаўся нялёгкі, нягладкі, але ў добрым сэнсе гэтага слова кар’ерны рост юнака з беларускай, палескай глыбінкі. Спачатку – камандзір узвода 479-га канвойнага палка ўпраўлення ўнутраных войск Міністэрства ўнутраных спраў СССР па Украінскай ССР і Малдаўскай ССР. Затым – камандзір роты 18-й асобнай канвойнай брыгады, ротны ў вайсковай часці 7404. Батальён, брыгада, факультэт унутраных войск – цягавіты і вынослівы, прызвычаены да нялёгкай працы змалку Сяргей Канапацкі кіраваў рознымі падраздзяленнямі і злучэннямі. А ў 2005 годзе быў прызначаны першым намеснікам камандуючага – начальнікам штаба.


Як успамінаюць саслужыўцы, Сяргей Андрэевіч, нягледзячы на ўзрост, займаемыя пасады, месцы службы (а ён практычна аб’ездзіў усю краіну) заўсёды захоўваў у сабе малады, юначы запал. У бытнасць камбрыгам у Баранавічах, напрыклад, у 6 гадзін раніцы выходзіў з салдатамі на зарадку. Ён быў здольны акумуляваць у сабе станоўчую, сонечную энергію і шчодра дзяліўся з падначаленымі. Яго шматлікія калегі гавораць цяпер у адзін голас: мы б назвалі яго службістам у самым добрым, станоўчым сэнсе гэтага слова, цяпер у войсках рэдка знойдзеш такога чалавека, які б настолькі аддаваў сябе службе. Да таго ж саслужыўцы называюць генерала Канапацкага сапраўдным генератарам ідэй, прычым не толькі ў арганізацыі баявой службы, але і ў бытавых пытаннях. Адзін з камандзіраў сённяшняй воінскай часці (у 1996 годзе ён камандаваў ротай, а Сяргей Канапацкі – батальёнам гэтай часці) гаворыць, што адныя з першых у войсках дыскатэк для салдат былі арганізаваны менавіта пад патранажам Сяргея Андрэевіча. Паяўленне душа ў каравульным памяшканні, рэканструкцыя казармаў, сталовых – для абывацеля, мешчаніна гэта, бадай-што, натуральная справа, а вось у ваенным асяроддзі і асабліва ў тыя часы, гэтыя змены былі сапраўды рэвалюцыйныя. І Сяргей Андрэевіч ходзіць не толькі па музеях, як было прынята раней. Але і ў паркі, на канцэрты. Стаў ініцыятарам правядзення традыцыйных сустрэч з бацькамі.


Умеў генерал Канапацкі і паўшчуваць. Толькі рабіў гэта прафесіянальна. З яго кабінета не выходзілі з пачуццём нянавісці да начальніка, як нярэдка бывае гэта ў ваенных, а з разуменнем таго, што гэтага ты заслужыў. Калектывам Сяргей Андрэевіч упраўляў па-майстэрску. Адзін з яго сяброў-саслужыўцаў успамінае:


— Помню такі выпадак: праважалі аднаго ваеннаслужачага на пенсію. Канапацкі даручыў мне купіць для яго ў падарунак карціну. А часу не было, да віншавання заставалася некалькі гадзін. Ну я і купіў тое, што трапілася пад руку. Пейзажык немудрагелісты: рачулка, рыбак у лодцы, чародка галубоў у кутку. Паказаў камбату. Пасля доўгай паўзы Сяргей Андрэевіч распавёў, што такое эстэтычны густ, які так неабходны пры выбары не толькі карціны. Але рабіць няма чаго, трэба дарыць. Прыходзім, усё гатова да святочнай урачыстасці. І тут Сяргей Андрэевіч, звяртаючыся да героя падзеі, паворыць: “Хачу падарыць табе карціну. Яна глыбока сімвалічная. Рака – гэта рака жыцця. Рыбак у лодцы – гэта ты. Чародка галубоў – калектыў. Запомні: ты не адарваўся ад калектыву. Мы рухаемся ў адным накірунку”. І той, каму гэта было сказана, як сябе не стрымліваў, а нават праслязіўся. Вось і атрымалася, што лепш гэтай карціны нічога і не было, што Канапацкі спецыяльна падбіраў яе.


Пра тое, что Сяргей Андрэевіч цяжка хворы, калегі ведалі. Ён жа не хацеў жаліцца, гаварыць пра сваю хваробу. За некалькі дзён да таго, як генерала не стала, ён дзяліўся з сябрамі планамі на заўтра: збіраўся выпісвацца з бальніцы, узяць двухтыднёвы водпуск, паехаць на радзіму, дзе ў хаце разабраў печку…


Ён пакінуў гэты свет у сорак шэсць гадоў. Яго апошняе прыстанішча на могілках у Вільчы здалёк відаць – усё патанае ў вянках. Едуць сюды з Мінска жонка і двое сыноў. Амаль штодзень крочыць на сустрэчу з адзіным сынком яшчэ больш састарэлая ад гора маці – цётка, бабуля Мелання, якая жыве з сястрою ў роднай вёсцы, каб быць бліжэй да сваёй крывінкі. Ён часта забіраў яе ў сталіцу, лячыў, стараўся працягнуць як мага надалей яе жыццёвую дарогу. А хаваць давялося яго. Гэта ж невымернае гора, калі бацькі хаваюць сваіх дзяцей, а не наадварот. Але яны абавязкова сустрэнуцца там, у іншым свеце. Абдымуцца і ў іх будзе ой як шмат часу, каб пагаварыць пра ўсё – пра ўсё”. Я хачу верыць, я веру ў гэта.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.