Рамонт… на год?

Наша памяць – у пэўнай ступені фундамент беларускай дзяржаўнасці. Не выпадкова так шмат увагі на працягу апошніх гадоў кіраўніцтвам краіны ўдзяляецца захаванню памяці не толькі аб героях падзей ваеннага ліхалецця, але і аб знішчаных гітлераўцамі мірных жыхароў. Дзеля гэтага выдаткоўваюцца нямалыя сродкі на рэканструкцыю мемарыялаў, помнікаў, памятных месцаў. І – будуць выдаткоўвацца, бо памяць заўжды павінна быць жывой, іначай чакай новай бяды…


 


Літаральна год таму выдзелены сродкі з абласнога бюджэту на рэканструкцыю мемарыялу зажыва спаленым жыхарам вёскі Дзякавічы. 106 з паловай мільёнаў паспяхова асвоены. Здадзены ў эксплуатацыю мемарыял атрымаў па-сутнасці новае жыццё. Аднак…


Невыпадкова наведаў яго праз год — патэлефанавалі ў рэдакцыю мясцовыя жыхары. Ім немагчыма было не абурыцца: фундамент рушыцца, плітка на ім адвальваецца, а прыступкі пачалі раздвойвацца, прапускаючы вільгаць унутр, разбураючы збудову, фарбы на пастаменце хапіла на адзін сезон…


Падумалася: ці не нейкі аматар вёў рамонт, які зусім не разумее, якія матэрыялы трэба выкарыстоўваць на такім аб’екце, які пастаянна падвержаны непагодзе, атмасферным ападкам? Няўжо кантралюючыя органы не заўважылі на стадыі рамонту звычайны брак і неахайнасць? Хто нясе адказнасць за праведены рамонт?


 


З гэтым пытаннем накіраваўся да старшыні сельвыканкама Уладзіміра неўмяржыцкага.


 


— Я ўжо на працягу некалькіх месяцаў звяртаюся да “аўтараў” рэканструкцыі – а гэта будаўніча-мантажнае ўпраўленне №8 з п. Чырвонае. Аднак чую толькі абяцанні. У чарговы раз звярнуўся афіцыйна, думаю, што цяпер будаўнікі зробяць усё якасна, выправяць свае недахопы…


калі ж будаўнікі зробяць рамонт на святым месцы? На Радаўніцу людзі звычайна адведваюць магілы родных і што ж яны тут пабачаць? А нават калі і адрамантуюць, падумалася мне, то ці дадуць гарантыю, што праз год зноў нешта не адваліцца? Вось у чым бяда.


Хацелася б на гэты крытычны матэрыял тэрмінова атрымаць адказ ад кіраўніцтва БМУ-8.


 

У. ГАЎРЫЛОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.