Святы складаюцца з будняў

Сёлета дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 182 сельскагаспадарчага профілю адзначае свой саракагадовы юбілей. Нядаўна на ўрачыстасці, якая адбылася ва ўстанове з гэтай нагоды, цёпла ўшанавалі былых і цяперашніх работнікаў вучылішча.


Аб свяце ў навучальнай установе ў той дзень сведчыла сама абстаноўка: шмат  шчырых і радасных усмешак, слоў віншаванняў, якімі адорвалі адзін аднаго прыйшоўшыя  на мерапрыемства ветэраны і цяперашнія працаўнікі вучылішча, прыгожая выстава вырабаў, якія спецыяльна падрыхтавалі навучэнцы, а таксама вясёлая музыка, гукі, якой напаўнялі вучэбны корпус. А вызначанай гадзіне ўсе сабраліся ў актавай зале, дзе і прайшла асноўная дзея свята. Як гэта і прынята, адкрылася яно віншавальнымі словамі намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Міхаіла Мікалаевіча Ярмаша, які таксама прадставіў гасцей, што прыйшлі адзначыць разам з калектывам гэты юбілей. А іх сабралася нямала. Гэта і намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Макарэвіч, начальнік аддзела па справах моладзі Дзяніс Гаўрылаў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Дашкевіч, дырэктар ДЛГУ “Жыткавіцкі лясгас” Міхаіл Ляўковіч, намеснік дырэктара ААТ «Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод» Канстанцін Савасценя і іншыя.


Падчас сваіх прамоў кожны з гасцей найперш падкрэсліў тую вялікую ролю, якую адыгрывае вучылішча пры падрыхтоўцы кадраў. Як зазначыў дырэктар лясгаса Міхаіл Ляўковіч, выпускнікі ДПТВ, якія працаўладкоўваюцца ў іх установу, прыходзяць добра падрыхтаванымі спецыялістамі,  маюць неабходныя навыкі і веды, што спрыяе іх паспяховай рабоце ў лясной гаспадарцы, у чым, безумоўна, заслуга выкладчыкаў установы.


— Майстры і педагогі  прывіваюць сваім выхаванцам пачуццё вялікай любові да сваёй прафесіі лесавода, а гэта з’яўляецца трывалай асновай для кар’ернага росту. Многія пасля вучылішча, папрацаваўшы ў лясгасе, паступаюць у іншыя профільныя вучэбныя ўстановы, каб яшчэ больш ўдасканаліцца ў абранай прафесіі, каб яшчэ лепей прымнажаць лясныя багацці,  — адзначаў Міхаіл Уладзіміравіч.


Аналагічную думку выказаў і старшыня райкама прафсаюза  работнікаў аграрнай галіны Віктар Дашкевіч, які падкрэсліў, што  практычна ў кожнай гаспадарцы раёна працуюць выпускнікі вучылішча, многія з іх сталі сапраўднымі майстрамі хлебаробскай справы.


— І сёння педагагічны калектыў навучальнай установы рыхтуе для сельскай гаспадаркі раёна спецыялістаў, якія здольныя працаваць на самай складанай сучаснай тэхніцы, што сведчыць аб добра наладжаным вучэбна-выхаваўчым працэсе і высокай кваліфікацыі майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў, — гаварыў старшыня прафсаюзнага камітэта аграрыяў.


Са словамі падзякі і віншаванняў і Міхаіл Ляўковіч, і Віктар Дашкевіч адзначылі працу педагагічнага калектыва вучылішча каштоўным падарункам і ўзнагародамі. Ганаровыя граматы абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўручаны Міхаілу Ярмашу, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце, Любові Лахвіч, бібліятэкару, Івану Друку, майстру вытворчага навучання, Віктару Марозу, выкладчыку спецыяльных дысцыплін. Праца Ларысы Агіевіч,  Аляксандра Жукоўскага,  Мікалая Крупкевіча, Алены Гапанёнак адзначана на ўрачыстасці ганаровымі граматамі райкама прафсаюза работнікаў АПК.


Дарэчы, гэта не адзіныя ўзнагароды, якія былі ўручаны за плённую працу работнікам вучылішча. Граматамі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама адзначаны працоўныя здабыткі старшага майстра Веранікі Волк,  выкладчыка рускай мовы і літарататуры Ірыны Гулюты, майстроў вытворчага навучання Івана Грыгаровіча і Аляксандра Друка, Уладзіміра Бандзюка.


Наталля Макарэвіч, намеснік старшыні райсавета, на ўрачыстасці адзначыла працу граматамі раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў Міхаіла Сулімы, выкладчыка спецыяльных дысцыплін, Алены Ярмаш, кладаўшчыка, і Андрэя Халімончыка, намесніка дырэктара. Усе гэтыя педагогі адпрацавалі ў вучылішчы не адзін дзесятак гадоў, падрыхтавалі нямала працаўнікоў для народнагаспадарчага комплексу раёна і іншых рэгіёнаў краіны.  Майстра вытворчага навучання  Віктара Кочку з заслужанай узнагародай за развіццё ў вучылішчы будатрадаўскага руху павіншаваў начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Дзяніс Гаўрылаў.


Вялікай колькасці майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў каштоўныя падарункі і падзякі ўручаны ад адміністрацыі  ўстановы. Таксама дырэкцыя вучылішча адзначыла і заслугі ветэранаў, якія прыйшлі на мерапрыемства. Сабралася іх нямала. Першым, каму аказалі такі гонар, стаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Вячаслаў Аляксандравіч Казлоўскі, які доўгі час працаваў у вучылішчы. Віншуючы калег з юбілеем, Вячаслаў Аляксандравіч адзначыў, наколькі шмат высілкаў трацілася педагогамі, каб выпускнікі вучылішча  былі добрымі спецыялістамі, як многа і педагогамі, і навучэнцамі рабілася па ўмацаванню матэрыяльнай базы, выхаванню патрыятызму і павагі да працы ў навучэнцаў.


— Я вельмі рады, што гэтыя традыцыі працягвае і цяперашняе пакаленне педагогаў, — зазначыў ветэран.


Сугучным было і выступленне ветэрана педагагічнай працы Галіны Кірыловіч. У 1973 годзе  зусім маладзенькай дзяўчынкай яна прыйшла працаваць у вучылішча выкладчыкам спецыяльных дысцыплін. 16 гадоў адпрацавала на гэтай пасадзе, яшчэ дзесяць — выхавальнікам аж да самага выхаду на заслужаны адпачынак. Канечне, першыя гады марыла тады пра працу ў сталіцы ці абласным цэнтры, але настолькі спадабалася ў Жыткавічах, што засталася назаўсёды. Палюбіла і выхаванцаў, і сваіх калег.


— Гэта ж такая нацэленасць на працу ва ўсіх была, што аж гарэлі ёю,  — казала Галіна Васільеўна. — Будавалі базу, хадзілі ў паходы, ладзілі іншыя мерапрыемствы. Такія паважлівыя і даверлівыя адносіны былі паміж выкладчыкамі і выхаванцамі. Менавіта на іх і асноўвалася выдатная работа калектыва па вырашэнню асноўнай задачы – падрыхтоуцы высокапрафесійных кадраў рабочых.


Гэта было магчымым яшчэ і дзякуючы выдатнай вытворчай і вучэбнай базе. Менавіта на гэтым зрабіў акцэнт у сваім выступленні другі дырэктар вучылішча Уладзімір Рыгоравіч Занкевіч. Шэсць гадоў ён кіраваў установай.


— База вучылішча была даволі моцнай, дазваляла даваць самыя сучасныя веды і навыкі, — успамінаў Уладзімір Рыгоравіч. – Вучылішча мела дастатковую колькасць тэхнікі для навучання механізатараў і вадзіцеляў. Гул рухавікоў на палігоне не змаўкаў з раніцы да вечара. Яшчэ вучылішча мела сваю падсобную гаспадарку: некалькі соцен гектараў зямлі, свінаферму, дойны статак, буйную рагатую жывёлу на адкорме – усё гэта даглядалася і апрацоўвалася рукамі майстроў вытворчага навучання і саміх навучэнцаў. Усе тэарэтычныя веды адразу ж замацоўваліся практычна, што найлепш спрыяла падрыхтоўцы спецыялістаў.


Увогуле ДПТВ-182 шанцавала на кіраўнікоў, пачынаючы ад першага дырэктара Андрэя Паўлавіча Ярмаша, якому выпала будаваць базу навучальнай установы. Кожны наступны дырэктар імкнуўся  ўнесці нешта новае. Так было, калі кіраваў вучылішчам Уладзімір Занкевіч, і пры дырэктарстве Івана Анатольевіча Лося. На чале з Уладзімірам Іосіфавічам Друкам вучылішча памяняла сваю прапіску, перабралася ў новы вучэбны корпус у былым ваенным гарадку. Ды і сучасны інтэрнат для  навучэнцаў таксама будаваўся пры ім.


Сорак гадоў мінула з той даты 12 красавіка 1971 года, калі бярэ свой пачатак гісторыя прафтэхадукацыі ў Жыткавічах. У снежні ж гэтага года здаецца ў эксплуатацыю вучэбны корпус. Спачатку гэта было СПТВ-45, якое рыхтавала рабочых будаўнічых прафесій, спецыялістаў для меліярацыйных арганізацый, іншых галін гаспадаркі. Ужо ў лютым 1972 года першыя тры групы навучэнцаў пачалі асвойваць абраныя прафесіі. У 1984 годзе вучылішча носіць цяперашнюю назву і нумар – Жыткавіцкае ДПТВ-182. Як вядома, любая праца ацэньваецца па яе карыснасці. За час дзейнасці вучылішча ў яго сценах падрыхтавана 13077 спецыялістаў па розных прафесіях. Для многіх вучылішча стала першай прыступкай у будучай кар’еры. У свой час тут вучыліся такія вядомыя гаспадарнікі ў нашым раёне як Віктар Адамавіч Атліванаў, дырэктар райаграхімсервісу, Валянцін Мікалаевіч Карпаў, дырэктар КСУП “Коленскае” і іншыя. Дарэчы, і цяпер у гэтай гаспадаркі цесныя сувязі з ДПТВ-182, сельгаспрадпрыемства з’яўляецца базай для навучэнцаў па авалодванню практычнымі навыкамі ў земляробскай справе.


Цяперашняе пакаленне навучэнцаў імкнецца трывала засвойваць веды, якія ім даюць выкладчыкі на занятках.


— Вучуся ў прафтэхвучылішчы на прадаўца, — расказвае Марыя Корж. — Той узровень ведаў, які атрымліваю на занятках, у будучым дазволіць паспяхова выконваць свае прафесійныя абавязкі. Тым больш што выбірала прафесію свядома, як і навучальную ўстанову. Жыткавічы ж размешчаны не так і далёка ад маёй вёскі Брынёў, якая знаходзіцца на Петрыкаўшчыне. Яшчэ падабаецца ў вучылішчы, што тут не толькі створаны добрыя ўмовы для навучання, але і пражывання. Ёсць цудоўны інтэрнат з усімі выгодамі. Можна з карысцю правесці і свой вольны час. Займаемся ў трэнажорным зале, розных гуртках. Асабліва мяне прываблівае бісерапляценне. У жыцці ўсё спатрэбіцца. Думаю, што атрыманыя ў вучылішчы веды дапамогуць мне паспяхова рэалізавацца на прафесійнай ніве.


Такі адказ даць могуць многія навучэнцы. Старанных і працавітых, таленавітых у вучылішчы юнакоў і дзяўчат нямала. Гэта засведчылі і нумары мастацкай самадзейнасці, якія на ўрачыстым мерапрыемстве навучэнцы разам са словамі віншаванняў падаравалі сваім педагогам.  Па словах цяперашняга дырэктара  навучальнай установы Аляксандра Жогла, у вучылішчы налічваецца  на сённяшні дзень 384 юнакоў і дзяўчат. Увесь вучэбна-выхаваўчы працэс ажыццяўляюць 93 работнікі. Сёння ў ДПТВ -182 рыхтуюць  трактарыстаў, вадзіцеляў, прадаўцоў, леснікоў, спецыялістаў па металаапрацоўцы. Адметная рыса сучаснай падрыхтоўкі навучэнцаў: пасля заканчэння ўстановы яны атрымліваюць адразу некалькі спецыяльнасцяў. Гэта намнога аблягчае справу з працаўладкаваннем.


Думаецца, што і цяперашнія, і будучыя выпускнікі ДПТВ-182 упэўнена скажуць, што вучылішча — гэта іх жыццё, гэта іх маладосць. Падстаў для такіх слоў дастаткова, бо сорак – гэта толькі сталасць і аснова для далейшага росквіту. А патэнцыял у навучальнай установы для яго, як запэўнілі на мерапрыемстве, вельмі вялікі. Свята, як вядома ж, складаецца з будняў.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.