Трымаць сувязь з народам

Самыя розныя пытанні адрасавалі жыхары вёсак Грабава і Беразнякі інфармацыйнай групе на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Нінай Рамановіч.


Звычайна такія сустрэчы распачынаюцца з паведамленняў на актуальныя тэмы. На гэты раз гаварылі пра прафілактыку такой небяспечнай хваробы як ВІЧ-інфекцыя. З цікавасцю слухалі мясцовыя жыхары ўрача-эпідэміёлага РЦГЭ Аляксандра Ераха, а потым настаў час для жывой размовы. Першай жыхары вёскі Грабава агучылі праблему незадавальняючай якасці дарог, якім даўно патрэбен рамонт. На гэты зварот старшыня райсавета дэпутатаў Ніна Рамановіч адразу дала адказ: сёлета з інавацыйнага дарожнага фонду раён атрымае пэўныя сродкі на прывядзенне ў парадак дарожнага пакрыцця. У прыватнасці, на Мілевіцкі сельсавет выдзелена 60 мільёнаў рублёў. У красавіку, як дазволіць надвор’е, пачнуцца рамонтныя работы на самых праблемных участках.


Непакоіць мясцовых жыхароў і сітуацыя з тэлефоннай сувяззю, іншы раз майстра чакаць прыходзіцца не адзін дзень, — скардзіліся грабаўцы. Па гэтай прычыне бывае немагчыма заказаць і талон у паліклініцы, а без гэтага не трапіць да ўрача. Аўтобус, збіраючы людзей па ўсіх ваколіцах, з іхняй крайняй кропкі ў Жыткавічы прыбывае недзе ў 11 гадзін. Месцічы жартуюць, што з паўсёмай раніцы да поўдня дабіраюцца ў райцэнтр круізам.


Акрамя агульнавясковых клопатаў былі да інфармацыйнай групы і прыватныя просьбы. Пенсіянерцы Ніне Малькевіч, якая засталася адна, цяпер патрабуецца памочнік у доглядзе. Гэтае пытанне бабулі на кантроль узяла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Макарэвіч, патлумачыўшы, што жанчыну аформяць на хатняе абслугоўванне.


Паабяцалі члены інфармацыйнай групы вывучыць і другія праблемы грабаўцаў і беразнякоўцаў і паспрыяць іхняму вырашэнню, у тым ліку з аптымізацыяй руху пасажырскага транспарту, безпрывязнага ўтрымання сабак, рамонту агароджаў.


Як адзначыў старшыня Мілевіцкага сельсавета Міхаіл Прышчык, самым складаным пакуль застаецца апошняе пытанне. Для таго, каб абнавіць платы ва ўсіх населеных пунктах Савета, неабходна больш за 100 кубаметраў штыкету, але задаволіць гэтую заяўку адпаведныя арганізацыі зараз не могуць, трэба некаторы час пачакаць.


Падводзячы вынікі работы інфармацыйнай групы, яе кіраўнік Ніна Рамановіч падкрэсліла, што такая форма работы з насельніцтвам узаемакарысная: уладзе дазваляе трымаць сувязь з народам, а людзям на месцы вырашаць свае праблемы.


С. ШАКАЛЯН.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.