У агульную скарбонку

Амаль 63 мільёны рублёў пералічылі працаўнікі Жыткаўшчыны на рахунак рэспубліканскага суботніка.  Прычым многія жыхары раёна ў дзень суботніка працавалі не на сваіх асноўных рабочых месцах, а актыўна займаліся добраўпарадкаваннем населеных пунктаў. Усяго ўдзел у гэтым мерапрыемстве прынялі 15720 чалавек, з якіх 3800 школьнікаў.


З самай раніцы на вуліцах райцэнтра можна было бачыць мноства людзей у рабочай вопратцы з розным інструментам: граблямі, рыдлёўкамі, сякерамі і іншым. Работнікі арганізацый спяшаліся на вызначаныя загадзя гарадскія тэрыторыі, каб прывесці іх у парадак. А працы было сапраўды шмат. Адразу некалькі арганізацый фарбавалі агароджы на вуліцах Сацыялістычная і Пралетарская. Многа людзей працавала па добраўпарадкаванню гарадскіх могілак. У парку імя Гамолкі таксама падмяталі, падграбалі, чысцілі. І такі малюнак сумеснай працы можна было бачыць у дзень суботніка паўсюдна. Прыбіралі людзі не толькі райцэнтр, але і яго ваколіцы, вычышчалі ад смецця прылягаючыя лясы.


Актыўна гэтым займаліся работнікі Жыткавіцкага лясгаса са сваімі памагатымі са школьных лясніцтваў гарадскіх школ. На дапамогу лесаводам прыйшлі 76 рабят, якія ачысцілі ад смецця 12 гектараў лесу. Кіраўніцтва лясгаса ўдзячна вучням за працу па навядзенню чысціні ў лясах, а таксама заклікае жыхароў раёна  не адносіцца да зялёнага сябра па-варварску. Варта адзначыць, што і самі работнікі лясгаса былі на суботніку вельмі актыўнымі. 404 чалавекі гэтай арганізацыі займаліся рознымі карыснымі справамі. Яны саджалі дрэвы, дапамагалі прыбіраць гарадскія могілкі, ачышчалі ад смецця лясныя ўгоддзі, наводзілі парадак на сваіх вытворчых тэрыторыях. 120 спецыялістаў установы працавалі непасрэдна на сваіх рабочых месцах.


 Падводзячы вынікі работы на суботніку начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Станіслаў Магер адзначыў, што за гэты дзень на звалку з гарадскіх вуліц і прылягаючых да горада тэрыторый  вывезена дзесяткі рэйсаў смецця. Дарэчы, тэхніку для гэтых мэт прадастаўлялі гарадскія арганізацыі і прадпрыемствы  таксама бязвыплатна, як і працавалі людзі. А яшчэ за час суботніка пасаджана 350 дрэваў, выканана мноства іншай карыснай работы: падсыпаны вуліцы, ачышчана пляцоўка пад будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу, што дапамагло райцэнтру значна памаладзець і папрыгажэць.


Бясспрэчна, што сумеснымі намаганнямі можна многа зрабіць карыснага для свайго горада. І жыткаўчане такой магчымасцю скарысталіся. Акрамя таго, што яны навялі парадак у сваіх населеных пунктах, яшчэ і дапамаглі пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Менавіта сродкі, якія зароблены на прайшоўшым рэспубліканскім суботніку, будуць патрачаны на фінансаванне аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння дзяцей з тэрыторый  радыеактыўнага забруджвання і інвалідаў ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС, іншых радыяцыйных аварый, а таксама на абсталяванне дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў і арганізацый аховы здароўя, якія займаюцца гэтымі катэгорыямі кліентаў. Папоўніцца сродкамі, заробленымі на суботніку, і дабрачынны фонд музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.