Уладзімір ДВОРНІК: «Працаваць рэнтабельна, з карысцю для рэгіёна»

28 сакавіка ў Гомелі адбылася прэс-канферэнцыя старшыні аблвыканкама Уладзіміра Дворніка. Прадстаўнікі рэспубліканскіх і абласных СМІ задалі кіраўніку абласной вертыкалі ўлады каля дваццаці пытанняў, датычных жыцця рэгіёна.


Перш чым адказаць на пытанні журналістаў Уладзімір Дворнік праінфармаваў аб эканамічным стане вобласці за першыя месяцы бягучага года.


Старшыня абласнога выканаўчага камітэта найперш паведаміў, што з 2011 года эфектыўнасць працы галін эканомікі і прадпрыемстваў ацэньваецца не па аб’ёмах вытворчасці, а па паказчыку валавы рэгіянальны прадукт, які, у сваю чаргу, уключае шэраг паказчыкаў — эфектыўнасць, прыбытак, інвестыцыі ў асноўны капітал, амартызацыйныя адлічэнні, зарплата. Па валавому рэгіянальнаму прадукту вобласць практычна спраўляецца з даведзенымі заданнямі. Так, па папярэдніх дадзеных, у студзені-сакавіку 2011 года тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукта складзе 109%. Паказчыкі працы рэальнага сектара эканомікі ў аб’ёмных паказчыках у першым квартале вырастуць на 15%.


«Пакуль не заўсёды суб’екты гаспадарання працуюць з належнай эфектыўнасцю», — адзначыў Уладзімір Дворнік. Так, рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці складае 6%, у сельскай гаспадарцы — 8%. Гэтага, падкрэсліў старшыня аблвыканкама, вельмі мала, таму адно з галоўных накірункаў у працы мясцовых органаў улады — скарачэнне стратных прадпрыемстваў на тэрыторыі вобласці. Іх ажно 160. Такая колькасць стратных прадпрыемстваў за 2 месяцы працы відавочна хвалюе абласную ўладу. І Уладзімір Дворнік не прамінуў заўважыць:


— Неабходна вырашыць гэтую праблему, каб прадпрыемствы працавалі рэнтабельна і прыносілі карысць для рэгіёна…


Сёння, па словах Дворніка, ёсць праблемы і ў сельскай гаспадарцы. Хоць паказчыкі і выкананы, але яны не могуць задаволіць. Хоць і павялічылася рэнтабельнасць у параўнанні з мінулым годам, але гэтая лічба вельмі недастатковая. Трэба імкнуцца да таго, каб сельская гаспадарка працавала і прыносіла прыбытак, была на самафінансаванні, адзначыў старшыня аблвыканкама. Навядзенне парадку на палях, засваенне перадавых тэхналогій і наступнае пашырэнне экспартнага патэнцыялу перапрацоўчых прадпрыемстваў – важны, можна сказаць, магістральны кірунак у развіцці эканомікі Гомельскай вобласці.


Цікавы тут факт прывёў У. Дворнік: у вобласці практычна толькі за кошт прадуктаў харчавання, якія рэалізавалі на экспарт, атрымалася ўтрымаць дадатнае сальда па знешнеэканамічным гандлі. Улічваючы кліматычныя змены, у вобласці адбываецца пераасмысленне: што і як сеяць. Кармы – асноўная задача, а кукуруза – цудоўны корм, і нават у засушлівыя гады дае высокія ўраджаі. У гэтым накірунку раслінаводства і будзе рухацца, заўважыў У.Дворнік. Таксама вялікая ўвага будзе ўдзелена развіццю жывёлагадоўлі і свінаводству. Толькі дзякуючы прымаемым мерам па захаванню маладняку за першы квартал па вобласці захавана 23 тысячы пагалоўя. А гэта верны шлях да павелічэння патэнцыялу АПК.


Старшыня аблвыканкама спыніўся на аналізе дзейнасці іншых сфер. Напрыклад, ён выказаў меркаванне, што аб’екты сацыяльнай сферы, якія штогод уводзяцца ў вобласці, кладуцца цяжарам на бюджэт. Чым больш іх уводзіцца, тым больш бюджэту выкарыстоўваецца на іх утрыманне. Цяпер у сацыяльнай сферы абраны свой кірунак: як мага больш выконваць працы гаспадарчым спосабам, без падрадных арганізацый. Гэта найперш датычыцца культуры, медыцыны, адукацыі. Пры гаспадарчым спосабе за адзін і той жа бюджэтны рубель аб’ём працы павялічваецца практычна ўдвая. Такую форму арганізацыі працы павінны скарыстоўваць і камунальныя службы, каб вырашыць пытанне, да прыкладу, рамонту дахавага пакрыцця жылога сектару. Гэта вельмі актуальнае пытанне, падкрэсліў У. Дворнік, якое хвалюе людзей, і ўлады прымаюць захады, каб вырашыць яго кардынальна хутка. Хаця ж, зразумела, бюджэт вобласці мае таксама свае межы.


Старшыня абласнога выканаўчага камітэта адказаў на пытанні журналістаў, якія датычыліся як удакладнення сітуацыі ў эканоміцы рэгіёна, так і стан спраў у пэўнай кропцы вобласці.


Так, кіраўніцтва Гомельскай вобласці разглядае пытанне аб прыцягненні новага фундатара для рэалізацыі інвестыцыйнага праекту прамысловай распрацоўкі радовішчаў мелу ў Веткаўскім раёне і будаўніцтва цэментавага завода з аб’ектамі інжынерна-транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры, а таксама вывучаецца магчымасць асваення карысных выкапняў у Лельчыцкім раёне.


Як адзначыў старшыня аблвыканкама, у вобласці актыўна вядзецца мадэрнізацыя заводаў буйнапанэльнага домабудавання. Сучаснае абсталяванне ўжо ўсталявана на трох заводах, рэалізуюцца праекты па тэхнічным пераўзбраенні яшчэ трох. Сумарная магутнасць гэтых ліній складзе да 500 тыс.кв.м жылля ў год. Прычым частку прадукцыі плануецца экспартаваць. Каб вывесці новыя вытворчасці на максімальную эфектыўнасць, неабходна забяспечыць заводы сыравінай. Яна ёсць, ідзе пошук фундатара для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.


«Мы не страцілі надзею рэалізаваць падпісаную дамову з іранскай кампаніяй, аднак час сыходзіць», — адзначыў Уладзімір Дворнік. Таму цяпер разглядаецца пытанне аб прыцягненні іншага фундатара да распрацоўкі радовішчаў. Не выключана таксама, што будаўніцтва будзе ажыццёўлена за кошт замежных крэдытных ліній. «У любым выпадку мы зацікаўленыя ў стварэнні падобнай вытворчасці на тэрыторыі вобласці», — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.


Уладзімір Дворнік адзначыў, у адказ на пытанне адносна кадравай палітыкі ў розных галінах, у тым ліку ва ўладзе, як вопытны кіраўнік, які шмат аддаў вытворчасці. Маё цвёрдае перакананне: кепскіх людзей увогуле не бывае. З імі трэба працаваць, аб’яднаць на вырашэнне канкрэтных задач.


Размова таксама ішла і аб пацярпелых рэгіёнах ад аварыі на ЧАЭС, аб развіцці малога сектара эканомікі. Максімальная ўвага будзе ўдзелена развіццю малых гарадоў, стварэнню новых прадпрыемстваў.


Уся ж праца Уладзіміра Дворніка як кіраўніка аблвыканкама, і такі падыход павінен быць асновай у дзейнасці ў кіраўнікоў уладных структур на месцах, скіравана на паляпшэнне жыцця людзей. А каб палепшыць жыццё людзей, трэба каб працавала эканоміка, завяршаючы прэс-канферэнцыю падкрэсліў У. Дворнік.


У. ГАЎРЫЛОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.