Узаемапаразуменне не страчана

Амаль два дзесяткі праблемных пытанняў задалі жыхары аграгарадка Сяменча і вёскі Пухавічы падчас сустрэчы з членамі інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама.


Начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама Леанід Валатоўскі агучыў інфармацыю аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы на тэрыторыі раёна.


— Бягучы год аб’яўлены ў краіне Годам прадпрымальніцтва, — адзначыў ён. — Чалавек, які мае асабістую справу, больш адказна ставіцца да работы. Ён не толькі забяспечвае свой дабрабыт, але і працай іншых людзей. Станоўчых прыкладаў, калі прадпрымальнікі працуюць даволі плённа, маецца ў раёне нямала. Напрыклад, ААТ “Сатурн-1”, ПУГП “Віцязь–Палескі” і іншыя. Цяпер кожны можа праявіць ініцыятыву і распачаць сваю справу. Для гэтага ў краіне створаны ўсе ўмовы.


Зацікавіла людзей і інфармацыя аб выніках перапісу, якія таксама былі прыведзены Леанідам Валатоўскім. Асабліва тыя лічбы, што характарызуюць дэмаграфічную сітуацыю ў раёне.


Выконваючы абавязкі галоўнага санітарнага ўрача раёна Уладзімір Сяргейчык на сустрэчы з жыхарамі аграгарадка прааналізаваў сітуацыю па захворваемасці на ВІЧ і СНІД. Актуальнасць пытання відавочная, бо колькасць ВІЧ-інфіцыраваных у краіне павялічваецца. Не выключэнне і наш раён, дзе зарэгістравана ў дванаццаці населеных пунктах 38 хворых. Таму інфармацыя Уладзіміра Вітальевіча насіла не толькі аналітычны характар, але і была насычана шматлікімі парадамі па прафілактыцы гэтага страшнага захворвання.


Жыхары аграгарадка, што прыйшлі на сустрэчу, вельмі актыўна задавалі членам інфармацыйнай групы пытанні. У асноўным яны тычыліся паляпшэння жыццядзейнасці ў іх населеным пункце. Вельмі многа нараканняў было выказана ў адрас камунальнай службы. Яны тычыліся рамонтаў жылля, якасці пітной вады, добраўпарадкавання населенага пункта, налічэння квартплаты і іншыя. Заўвагі ўзяты на кантроль, адказы жыхары атрымаюць праз кіраўніцтва мясцовага сельсавета.


Крытыка насельніцтва выклікала якасць рамонтных работ у аграгарадку, адсутнасць у аграгарадку павільёна на аўтобусным прыпынку, недастатковасць цацак у мясцовым дзіцячым садзіку, лёс занядбалых будынкаў кацельнай і інтэрната, якія належаць мясцоваму сельгаспрадпрыемству.


— Гэта ж сапраўдныя расаднікі антысанітарыі, які там разводзяць мясцовыя выпівохі. Там і нашы дзеці бегаюць, — даводзілі з залы.


— Згодзен, — пацвердзіў дырэктар мясцовага сельгаспрадпрыемства Сяргей Макарэвіч. — Але вокны і дзверы ў інтэрнаце былі забіты дошкамі, каб туды ніхто не хадзіў, але іх пазрывалі. Што тычыцца кацельні, на яе знос патрэбны вялікія грошы, якіх пакуль у гаспадарцы няма. Запланавана, што гэты будынак да канца года будзе знесены. Бацькам таксама патрэбна больш цікавіцца, дзе іх дзеці праводзяць свой вольны час…


У большасці сваёй нараканні людзей справядлівыя. Але вырашыць усё адразу не па сілах камунальнай службе. Ды і сродкаў не стае. Былі б грошы ў дастатку, што б не перакрылі тыя дахі, перакрылі б. І іншыя праблемы павырашалі. Але і самім жыхарам таксама варта паклапаціцца пра сваё жыллё. Напрыклад, навесці парадак у пад’ездах, каля дамоў. Але і такія клопаты сямянчанцы стараюцца перакласці на камунальную службу.


Не маўчалі і жыхары Пухавіч. Першае пытанне, якое адразу было зададзена членам інфармацыйнай групы, тычылася выдзялення зямельных надзелаў.


— Зямлю выдзяляе гаспадарка не самую лепшую, часам адна няўдобіца. Можа б кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства надзяляць людзей соткамі на адным полі не на адзін, а на некалькі гадоў з восені? Ды і дапамагчы апрацаваць надзел таксама нядрэнна было б, як у пасёлку Чырвонае. Там ужо поле з нарэзанымі барознамі людзям выдзяляюць, гаспадару толькі бульбу застаецца пасадзіць. Не бясплатна, канечне ж, — эмацыянальна выказваўся адзін мужчына.


— Адразу, як закончыцца пасяўная на грамадскім палетку, дапаможам адсеяцца і вам, — зазначыла намеснік дырэктара КСУП “Марохараўскі” Валянціна Точка. – Але патрэбна пачакаць не менш чым да дзявятага мая, менавіта да гэтага тэрміну плануе гаспадарка закончыць сяўбу яравых. А пра выдзяленне ўчасткаў на некалькі гадоў будзем вырашаць з кіраўніком гаспадаркі.


Адзін за другім жыхары падымаліся са сваіх месцаў і выказвалі свае праблемы ў многіх сферах: медыцынскага і транспартнага абслугоўвання, зносу старых будынкаў, рамонту дарог, устаноўкі агароджаў, вулічнага асвятлення і інш. Шляхі вырашэння многіх з іх знаходзіліся адразу на сустрэчы, некаму падказвалі, у якія службы звярнуцца, каб вырашыць хутчэй пытанне. А яшчэ мясцовыя жыхары прама на мерапрыемстве звярнуліся да кіраўніка сельсавета з ініцыятывай: арганізаваць і правесці агульнавясковы суботнік, каб навесці парадак у населеным пункце. Сапраўды, такая прапанова прагучала і была падтрымана. Ужо ў гэтым карысць ад зладжанай сустрэчы, бо працы па добраўпарадкаванню Пухавіч сапраўды вельмі шмат. Ды і такая актыўнасць насельніцтва сведчыць, што яшчэ не страчаны кантакт паміж уладай і людзьмі, што маецца ў апошніх перакананне: узнятыя праблемы будуць усё ж вырашаны станоўча. Завяршыліся сустрэчы невялікімі канцэртамі, якія падрыхтавалі для вяскоўцаў самадзейныя артысты мясцовых устаноў культуры.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.