Ён усебакова вывучаў беларусаў (да 150-годдзя з часу нараджэння Я.Ф. Карскага).

У свой час, вельмі ўжо даўно, калі вучыўся ў Гродзенскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Я. Купалы на гістарычна-педагагічным факультэце, часта наведваў чытальную залу Гродзенскай абласной бібліятэкі. Яна насіла імя Карскага, а вось добра ведаць, хто гэта такі, у тыя часы, і не ведаў. Гісторыю Беларусі вывучалі толькі на старэйшых курсах інстытута ў аб’ёме 70 гадзін. Гэта было вельмі мала, фактычна толькі азнаямляльны курс. Значна пазней, ужо самастойна, больш падрабязна пазнаёміўся з яго навуковай дзейнасцю. А яшчэ запомнілася як Міхаіл Іванавіч Старавойтаў, у свой час загадчык кафедры гісторыі Беларусі Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны, выступаючы перад настаўнікамі гісторыі школ нашага раёна адзначыў, што свет ведае і вывучае нас, беларусаў, па Карскаму.


Дый хто ж ён такі Яўхім Фёдаравіч Карскі?


Нарадзіўся Я.Ф. Карскі 20 снежня 1860 года па старому стылю, а па сучаснаму нашаму календару 1 студзеня 1861 года ў вёсцы Лаша Гродзенскага павета ў сям’і настаўніка Хведара Навіцкага і Марылі Карскай – дачкі дзяка Лашанскай Свята-Мікалаеўскай царквы, на яе прозвішча ён потым і запішацца. Настаўніцкая праца слаба забяспечвала сям’ю Навіцкіх матэрыяльна, таму бацька, а разам з ім уся сям’я, часта мяняюць месца жыхарства. Спачатку пераязджаюць на Навагрудчыну вёскі Ятра, потым – Бярозавец, а праз нейкі час сям’я будучага вучонага пасяляецца на Міншчыне ў вёсцы Валма.


Пачатковую адукацыю Яўхім Карскі (тады яшчэ Навіцкі) атрымаў на Навагрудчыне ў Ятранскім народным вучылішчы. Пасля яго заканчэння ў 1874 годзе бацька аддае падлетка ў Мінскую духоўную вучэльню, а пазней у семінарыю. Але духоўная кар’ера не вабіла маладога чалавека. Магчыма, што нарадзіўся і жыў ён у вёсцы сярод простага народа, а потым вандраваў разам з бацькамі таксама з вёскі ў вёску, ён рана зацікавіўся народнымі песнямі, іх прыгажосцю, а іх ён чуў дастаткова як у роднай Лашы, так і ў іншых мясцінах Беларусі, неабыякавымі яму былі старажытныя сялянскія абрады і галоўнае – мова простага народа. Заняцца народазнаўствам яго падштурхоўваў і прыклад дзядзькі – матчынага брата, беларускага этнографа, які быў актыўным карэспандэнтам вядомага збіральніка беларускай народнай творчасці Паўла Шэйка. Таму пры першай магчымасці ён пакідае семінарыю і паступае ў Нежынскі гістарычна-філалагічны інстытут, адначасова ён падае ў дырэкцыю прашэнне, дзе просіць памяняць бацькоўскае прозвішча на матчына. Тут на славяна-рускім аддзяленні інстытута прыцягвалася адукацыя і самаадукацыя Карскага, тут жа ў 1883 годзе адбыўся дэбют будучага вучонага-славіста: была напісана, а потым надрукавана першая навуковая праца.


Да месца тут будзе сказаць некалькі слоў, якой жа была агульная сітуацыя на беларускіх землях і вакол іх у той час як Я. Карскі рыхтаваўся служыць на ніве асветнай дзейнасці. Гэта быў складаны час: нагадаем, што ад бомбы, кінутай народавольцам Ігнатам Грынявіцкім загінуў расійскі імператар Аляксандр ІІ. Яго праўленне было неадназначным, па яго ініцыятыве было  праведзена вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці, шэраг іншых адносна ліберальных буржуазных рэформаў і ў той жа час ён праславіўся як душыцель нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 – 1864 гадоў, якое выбухнула, у тым ліку і на Беларусі.


Пасля ўцаравання новага імператара Аляксандра ІІІ ўлады адкінулі ўсякі лібералізм і пачаўся перыяд, які ў гісторыі атрымаў назву рэакцыі. Тым не менш грамадскае, культурнае, духоўнае жыццё працягвалася. Нельга сказаць, што беларускія землі былі абыдзены ўвагай уладамі Расійскай імперыі, ці навуковай грамадскасцю напрацягу ХІХ стагоддзя. Яны вывучаліся, але гэта вывучэнне насіла своеасаблівы характар. Справа ў тым, што ў барацьбе за уплыў на беларускіх землях у гэты час, таксама як і раней, сутыкнуліся і змагаліся дзве плыні. З аднаго боку расійская (велікаруская), з другога — польская. Навукоўцы абодвух бакоў імкнуліся даказаць, што беларусы, іх мова, побыт, фальклор, увогуле этнаграфічныя асаблівасці — гэта адгалінаванне ці рускага, ці польскага народаў. Такая выснова залежала ад таго, хто яе рабіў – прыхільнік польскасці, ці велікарускасці.


Прагрэсіўныя прадстаўнікі абодвух народаў так не лічылі: “Не спяшайцеся – гаварыў вядомы літаратурны крытык і пуліцыст Дабралюбаў – пабачым, што скажуць самі беларусы”. І яны, і беларусы пачалі гаварыць. Паступова, яшчэ ў першай палове ХІ стагоддзя, паўстае новая беларуская літаратура. У пачатку 60-х гадоў Кастусь Каліноўскі ў сваёй “Мужыцкай праўдзе” выразна заяўляе пра няўцяшальныя правы насельніцтва Беларусі. А ў першай палове 80-х гадоў, якраз у той час калі Яўхім Карскі вучыцца ў Нежынскім гісторыка-філалагічным інстытуце, патрыятычна скіраваная моладзь выхадцаў з беларускіх губерняў, якія вучыліся ў вышэйшых навучальных установах Пецярбурга выдаюць часопіс пад назвай “Гоман”, дзе друкуюць “Адозву да беларускай моладзі”, ды іншыя матэрыялы, у якіх прапануюць змагацца за неўцяшальныя правы беларусаў, якія на сваёй тэрыторыі складаюць абсалютную большасць насельнікаў. Як жа гэта зрабіць? Яны адказваюць на гэтае пытанне: трэба дабівацца распаўсюджвання асветы сярод свайго народа, які пакуль у асноўнай сваёй масе застаецца цёмным і непісьменным. Трэба працаваць над эканамічным уздымам свайго краю і, нарэшце, прызнання яго няўцяшальных палітычных правоў аж да незалежнасці.


Герой нашага аповяду ў гэтым часе таксама выбірае свой шлях служэння Бацькаўшчыне. Гэта быў шлях вывучэння мовы роднага народа. Чым было выклікана гэта яго рашэнне? Ён дае адказ на гэтае пытанне ў прадмове да сваёй першай буйной навуковай працы “Обзор звуков и форм белорусской речи». Піша, што сам, будучы прыродным беларусам, жывучы і выхоўваючыся амаль выключна ў асяроддзі беларусаў і атрымаў некаторы вопыт у беларускіх гаворках, які потым замацаваў знаёмствам з запісанымі творамі, якія былі прысвечаны беларускай мове. І чым больш ён знаёміўся з гэтымі творамі, тым больш пераконваўся ў тым, што яны недасканалыя,  а часта і проста тэндэнцыйныя, ненавуковыя, якія няправільна перадавалі гукі беларускай мовы, яе гучанне. Прычына ў тым, што за вывучэнне беларускай гаворкі вельмі часта браліся людзі вельмі далёкія ад яе, некаторыя з іх яшчэ да пачатку працы над ёй прадузята да яе ставіліся. Прадмова пісалася ў Вільні, куды яе аўтар быў накіраваны ў 1885 годзе, пасля заканчэння Нежынскага інстытута на працу ў 2-ю Віленскую гімназію, і дзе ён працаваў на працягу васьмі гадоў.


Ужо ў першых навуковых працах Карскага звяртае на сябе ўвагу выключная добрасумленнасць маладога вучонага і ў той жа час прынцыповасць. Гаворачы пра працы сваіх папярэднікаў ён адзначае як моцныя іх бакі, так і недахопы. Адначасова вызначыўся і навуковы шлях яго самога. Гэта не лексічна. Слоўнікавы склад, мова, не фальклорна-этнаграфічны накірунак, а лінгвістычнае даследаванне самой мовы, яе гісторыі, арэала яе распаўсюджання.


На заканчэнне агляду аўтар прыходзіць да кароткай, але вельмі важнай высновы аб тым, што беларуская мова павінна лічыцца самастойнай, што яе характэрныя рысы ўласцівы толькі ёй і не паўтараюцца. Ні ў адной славянскай мове. Гэта прагучала тады, калі не толькі ў афіцыйных колах, але нават сярод навукоўцаў за беларускай мовай не прызнаваліся правы самастойнасці.


Працуючы ў 2-ой Віленскай гімназіі ў 1891 годзе Карскі здаў у Варшаве магістарскі экзамен, а праз два гады за даследаванні беларускай мовы Савет Кіеўскага ўніверсітэта прысудзіў яму вучоную ступень магістра рускай мовы і славеснасці (гэта была першая ў гісторыі дысертацыя на беларускім мовазнаўстве). Адразу пасля абароны магістарскай дысертацыі ён пераязджае ў Варшаву і пачынае працаваць у Варшаўскім універсітэце спачатку выкладчыкам-лектарам, а з 1894 года на прафесарскіх пасадах кафедры рускай і славянскіх моў і рускай літаратуры. Адначасова з выкладчыцкай работай Карскі працягвае сваю навуковую дзейнасць, за што неаднаразова адзначаецца навуковымі ўстановамі. У 1894 годзе за працы па беларусазнаўству ён узнагароджваецца вялікім залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства, а ў 1896 годзе за даследаванне і заходнерускія пераклады, псалтыра ў ХV – ХVІІ ст.ст. Савет Маскоўскага ўніверсітэта прысудзіў яму вучоную ступень доктара філалогіі.


У Варшаўскім універсітэце Карскі працуе цэлых 18 гадоў аж да самога пачатку І сусветнай вайны. Двойчы ў 1905 і ў 1908 гадах выбіраўся рэктарам гэтага ўніверсітэта. Працягваецца яго навуковая дзейнасць, ён друкуе навуковыя працы, прысвечаныя даследаванню старабеларускіх літаратурных помнікаў, а яшчэ з’яўляецца рэдактарам “Русского филологического вестника” – самага значнага філалагічнага часопіса тагачаснай Расіі.


Але асноўнай працай яго жыцця, якой ён прысвяціў больш дваццаці гадоў свайго часу, сталася выданне трохтомніка пад агульнай назвай “Беларусы”.


Дзеля таго, каб падрыхтаваць толькі першы том, у якім разглядаюцца межы рассялення беларусаў, распаўсюджанне беларускай мовы на тэрыторыі і сучаснай яму Расійскай імперыі, а таксама дадзены аналіз фарміравання беларускага народа, пачынаючы з вельмі даўніх яшчэ дапісьмовых часоў і заканчваючы ХІХ стагоддзем, вучонаму прыйшлося не толькі вывучаць пісьмовыя крыніцы (летапісы, хронікі, іншыя матэрыялы), дзе цягніком, а дзе і фурманкай ён аб’ездзіў усю Беларусь, сабраў унікальны матэрыял па жывіцах беларускіх гаворак. На падставе гэтых паездак і сабранага матэрыялу ён налічваў 70 паветаў дзе “Белорусскую речь знают”.


Так, упершыню былі навукова акрэслены межы рассялення беларусаў на аснове мовы. Зыходзячы з гэтых даследаванняў была складзена этнаграфічная карта распаўсюджання беларускай мовы. Яна ўвайшла ў першы том “Беларусаў”, які быў выдадзены ў Варшаве ў 1903 годзе, прыхільна сустрэчы навуковай грамадскасці і з захапленнем, вельмі тады яшчэ нешматлікай, беларускай інтэлігенцыяй.


Але першы том быў толькі ўводзінамі ў вялікую тэму беларусказнаўства. Пасля яго апублікавання Яўхім Карскі ўзяўся за асноўныя тэмы працы, дзе намерыўся раскрыць свету, хто такія беларусы, што гэта за народ.


Дзеля раскрыцця асноў беларусазнаўства вучонаму патрэбна было, перш за ўсё, адшукаць у кнігасховішчах і архівах усё пра мову і культуру беларусаў за ўсе стагоддзі іх існавання як народа, прааналізаваўшы і сістэматызаваўшы ўсё знойдзенае. Гэта была вельмі вялікая праца, якая была пад сілу толькі чалавеку выключнай арганізаванасці, самаадданасці, працавітасці.


Усімі гэтымі якасцямі на самай справе і валодаў Я.Ф. Карскі. Другі том «Беларусаў» выйшаў таксама ў Варшаве і цалкам быў прысвечаны беларускай мове, а ўжо першы выпуск апошняга трэцяга тома пабачыў свет у 1916 годзе ў Маскве. З той прычыны, што ішла 1-я сусветная вайна і польскія губерніі з Варшавы былі акупіраваны немцамі, а Варшаўскі ўніверсітэт эвакуіраваўся ў Растоў на Доне, дзе ў 1915–1916 гадах жыў і Карскі. У 1916 годзе ён абіраецца правадзейным членам Імператарскай Акадэміі навук і пераязджае ў Петраград. Цалкам апошні трэці том “Беларусаў” выйшаў ужо ў Петраградзе, пасля рэвалюцыі, на працягу 1921–1922 гадоў. Ён атрымаў назву “Очерки словесности белорусского племени» вучоны прааналізаваў усе якія яму ўдалося выявіць помнікі беларускай пісьменнасці ад старажытнасці да яго часу.


Зразумела, актыўная навуковая і літаратурная дзейнасць Карскага прыйшлася на апошнюю чвэрць ХІХ стагоддзя і першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя. Ён быў выкладчыкам у дзяржаўных гімназіях, прафесарам, а затым рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта, быў абраны правадзейным сябрам Імператарскай Акадэміі навук, неаднаразова ўзнагароджваўся ордэнамі Расійскай імперыі, таму ў сваіх працах вымушаны быў улічваць меркаванне тагачаснай улады і цэнзуру. З гэтай прычыны ў яго шматлікіх работах побач з тэрмінамі “беларускі народ”, “белорусский язык”, “западнорусский язык” ён выкарыстоўваў і тэрміны “белорусское племя”, “белорусское наречие”, “западнорусское наречие”, як вымушальную ўступку афіцыйным колам. Але ўся навуковая дзейнасць, усе яго працы неабвержна сведчылі перад усім светам: беларускі народ – гэта асобны, самастойны народ, які адрозніваецца як ад рускіх, так і ад палякаў, а беларуская мова – гэта самастойная, родная мова гэтага народа, якая адрозніваецца ад іншых славянскіх моў і роўнапраўная, нічым не горшая ў параўнанні з імі, і з мовамі іншых народаў свету. І ў гэтым яго найвялікшая заслуга перад беларусамі і Беларуссю.


Заслугі Я.Ф. Карскага не абмяжоўваюцца толькі заснаваннем і дэтальнай распрацоўкай навуковага беларусазнаўства, хаця гэта і галоўнае ў яго дзейнасці. Ён браў актыўны ўдзел у беларускім нацыянальным руху ў час рэвалюцыі і ў станаўленні нацыянальных станоў навукі і культуры у першыя паслярэвалюцыйныя гады.


Ён удзельнічаў у І Усебеларускім з’ездзе, які праходзіў у снежні 1917 года і які маўся заняцца ўладкаваннем беларускіх земляў у новай рэвалюцыйнай сітуацыі. Выступіў на з’езде. Проста і ясна расказаў многалюднаму з’езду, дзве тысячы чалавек, як ён даследаваў межы рассялення беларускага народа, як складваў карту этнаграфічнай Беларусі. Дэлегаты аднадушна ўшанавалі вялікага вучонага: Карскі быў абвешчаны ганаровым старшынёй Усебеларускага з’езда. Ён стаўся таксама адным з першых прафесараў – Мінскага педагагічнага інстытута, які ўзнік у першыя паслярэвалюцыйныя гады. Аднак новая ўлада падазрона ставілася да спецыялістаў старога рэжыму. Па гэтай прычыне народны камісарыят асветы Савецкай Беларусі, нягледзчы на заступніцтва рады педагагічнага  інстытута адхіліў яго ад пасады прафесара педагагічнага інстытута. У гэтых абставінах у маі 1919 года акадэмік Карскі вяртаецца ў Петраград. Ён спадзяваўся, што часова, а атрымалася назаўсёды. Але і ў Піцеры, працуючы ў Акадэміі навук, цяпер ужо Савецкай, Карскага не пакідае клопат пра Беларусь, яе культурнае і навуковае развіццё. Ён спрычыніўся да адкрыцця Інстытута беларускай культуры – папярэдніка Акадэміі навук Беларускай СССР. Разам з Уладзімірам Пічэтам у Маскве і Язэпам Дылам у Мінску, Яўхім Карскі ў Петраградзе выпрацоўвае статут будучай арганізацыі.


Акрамя гэтага ён падараваў сваю ўласную вельмі каштоўную бібліятэку, якую збіраў усё сваё жыццё, адкрытаму ў 1921 годзе Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту.


Кнігазбор акадэміка Я.Ф. Карскага захоўваўся да нашага часу і зберагаецца цяпер у нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. Ён звяртаўся да сваіх даўніх знаёмых, калег з прапановай перадаць ці прадаць свае кніжныя зборы адчыненай у Мінску пры Інстытуце беларускай культуры бібліятэцы. З Радзімай, з яе вядомымі дзеячамі, вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры вучоны падтрымлівае сувязі да канца свайго жыцця. Памёр ён 29 красавіка 1931 года.


Сёлета 150 гадоў споўнілася з дня нараджэння выдатнага беларуса. Ён пакінуў надзвычай багатую навуковую спадчыну, здолеўшы апублікаваць пераважна ў расійскім і беларускім друку больш за тысячу малых і вялікіх навуковых работ. Але галоўнай кнігай яго жыцця сталася фундаментальная праца “Белоруссии”, якую склалі тры напоўненыя багацейшым матэрыялам тамы, якія ў сваю чаргу дзеляцца на сем кніг – выпускаў.


У гэтай рабоце Я.Ф. Карскі апісаў беларусаў, паказаў, што гэта асобны еўрапейскі народ і што мова гэтага народа адна з багацейшых і самабытнейшых моваў свету.


На нашу думку, лепшым ушанаваннем памяці гэтага выдатнага чалавека будзе, калі мы ўсе разам будзем шанаваць, вывучаць і карыстацца нашай мовай, вывучаць і шанаваць культуру нашага народа, жыць у ёй і з ёй і ўсе разам працаваць на карысць нашай Беларусі.


В. НІКАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.