Ад Ленінграда да самых ускраін

 Ад Ленінграда да самых ускраін прайшоў з баямі салдат Валянцін Савіч. Пераможны паход для ягозакончыўся на Далёкім Усходзе.

Успаміны пра вайну даволі часта прыходзяць на памяць ветэрану Валянціну Севасцьянавічу Савічу з вёскі Бялёў. З асаблівымі пачуццямі ён згадвае пра падзеі, якія адбываліся ў блакадным Ленінградзе.


У Ленінград Валянцін Севасцьянавіч трапіў чатырнаццацігадовым юнаком. Разам з бялёўскімі хлопцамі перад самай вайной паехаў вучыцца ў рамеснае вучылішча. Менавіта там і пачуў вестку пра напад фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз. Разам з усімі Валянцін услухоўваўся ў кожнае слова дыктара радыё, калі той перадаваў навіны з франтоў.  Як і ўсе вельмі перажываў за няўдачы нашых байцоў, што ім даводзілася адступаць. Баі імкліва набліжаліся да Ленінграда. І вось настаў той дзень, калі на горад пасыпаліся першыя запальныя бомбы  і скрынкі, якія ў вялікім мностве скідвалі з варожых самалётаў.


— Страшна было. Лажыліся спаць толькі з адной думкай, ці праснешся назаўтра жывым, — расказвае ветэран.


 Але ўсе жыхары горада былі поўныя рашучасці даць адпор агрэсарам, не дапусціць гітлераўцаў у “калыску Кастрычніцкай рэвалюцыі”, як яшчэ тады казалі пра Ленінград. Таму ў горадзе ўсе рыхтаваліся да баёў. Іх, навучэнцаў рамеснага вучылішча, вывезлі да сяла Краснае. Тут яны павінны былі капаць супрацьтанкавыя ірвы.


— Работа даволі адказная, але і цяжкая, — расказвае Валянцін  Севасцьянавіч. — Патрэбна было вырыць яміну памерам  4,5 метра ў глыбіню  і 6,5 метра ў шырыню. Цяжкасць яшчэ заключалася і ў тым, што там блізка да паверхні залягаў граніт, які патрэбна было дзяўбці кіркамі і ламамі. Нялёгкая была гэтая справа, але на цяжкасці ніхто не зважаў. Штодня неабходна было выдзеўбці мятровую ячэйку.


Прымаў удзел Савіч не толькі ў падрыхтоўцы абарончых збудаванняў, але і непасрэдна ў баях. Дзяжурыў на зенітнай батарэі, а потым ваяваў ў апалчэнні, уздымаў аэрастаты ў неба. Валянцін Севасцьянавіч цяпер нават удзячны, што яму ўдалося трапіць у шарэнгі абаронцаў Ленінграда.


Гінулі ленінградцы не толькі ад варожых куль, бомбаў і снарадаў. Яшчэ страшнейшым ворагам для жыхароў і вайскоўцаў быў голад, які «касіў» людзей яшчэ мацней, чым фашысты.


— Кожнаму хацелася выжыць. Елі ўсё: сталярны клей, жмых і іншае. Немцы разбамбілі склады з запасамі харчавання. У адным з памяшканняў захоўваўся цукар. Ад агню ён расплавіўся і пранік у зямлю. Хаця на тэрыторыю складоў не дапускалі, але людзі прабіраліся туды. Збіралі гэтую салодкую зямлю, разводзілі яе ў вадзе і гэтым напоем харчаваліся, — расказвае пра блакаднае жыццё Валянцін Севасцьянавіч. — Ваду таксама даставалі з ракі, не зважалі нават на трупы, што ляжалі на лёдзе. Павернеш яго, праб’еш палонку і п’еш.


Вось такім цяжкім было жыццё ў блакадным Ленінградзе. Але яго жыхары жылі, змагаліся з ворагам і верылі ў перамогу над ім. Менавіта яна дапамагла прайсці ўсю вайну і Валянціну Савічу. На сваю радзіму ў Бялёў ён вярнуўся толькі праз шэсць гадоў пасля пераможнага мая 1945 года. Ваяваў на Далёкім Усходзе.


Вясну сорак пятага Валянцін Савіч сустрэў са слязамі радасці і адначасова смутку  на вачах. Радасць ад таго, што перамаглі ў гэтай вайне, а смутак – аб тых незлічоных стратах, якія панесла краіна.  Яшчэ ў час вайны іх, блакаднікаў з Ленінграда, так сустракалі пасля эвакуацыі ў тыле, бо яны нагадвалі чалавечыя шкілеты: косці, абцягнутыя скурай. Многія нават не маглі самастойна рухацца.


І гэта захавала памяць ветэрана. Таму ён стараўся надзвычай плённа працаваць на мірнай ніве. Да самага выхаду на заслужаны адпачынак сумленна расціў хлеб, каб народ не ведаў голаду і нястачы, якія яму давялося перажыць у блакадным Ленінградзе.


А нядаўна Валянціну Севасцьянавічу ваенны камісар  Мікалай Акунец уручыў узнагароду – медаль “У гонар 65-годдзя поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады”. Кіраўнік Санкт-Пецярбурга Валянціна Мацвіенка, якой непасрэдна падпісана пасведчанне да ўзнагароды на прозвішча Савіча, гэтым засведчыла, што не забыты ні адзін абаронца горада, што і праз дзесяцігоддзі іх уклад у перамогу будуць памятаць цяперашнія жыхары. Таму і дайшла ўзнагарода да героя з  берагоў балтыкі да вёскі ў палескай глыбінцы.


С. Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.