Бальшакі і сцежкі Міхаіла Іванавіча

— Нешта хутка вы, Іванавіч, засумавалі па нас ды па нашаму аддзяленню. Толькі ж тыдзень, здаецца, прайшоў, як мы вас выпісалі, а вы зноў да нас, — бадзёра пыталася ў час ранішняга абходу ў невысокага ростам пажылога чалавека ўрач тэрапеўтычнага аддзялення раённай бальніцы. — На што скардзімся?


— Знаеце, Міхайлаўна, нешта пячэ вось тут, у грудзях, рады няма, — падымаючы майку, няспешна гаварыў жанчыне ў белым халаціку знаёмы пацыент. — І левая старана галавы як анямеўшая — нічога не чую.


— Канешне, у нас вам надзейней. Спакайней. Урачы, медсёстры на падхваце, уколы, кропельніцы. А дома ж адна толькі жонка, якая чым вам дапаможа? Да таго ж яна ў вас, пэўна, і не медык?


— Не , яна ў мяне бухгалтар. Усё жыццё ў адным саўгасе адпрацавала. У працоўнай кніжцы адзін толькі запіс і значыцца, — не без гонару адказаў Міхаіл Іванавіч Друк.


А як толькі ўрач пайшла мужчына падзяліўся набалелым са сваімі аднапалатнікамі: “Ведаеце, хлопцы, да шасцідзесяці чатырох гадоў ніякіх сур’езных нараканняў на здароўе ў мяне не было. А тут сардэчка стала прыхватваць, ужо ў рэанімацыі паспеў пабываць. Сам сябе пытаюся: за што? Каб, сказаў, злоўжываў спіртным ды пад плотам валяўся… А то ж не”…


Літаральна ў першыя дні Міхаіла Іванавіча пачалі наведваць дачка, сын, нявестка, раіцца з ім, даваць карысныя парады, падтрымліваць бацьку і дзядулю маральна і матэрыяльна. Ды і таварышам па палаце Міхаіл Іванавіч адразу прыйшоўся даспадобы нейкай сваёй сталай мужчынскай няспешнасцю, упэўненасцю і гаспадарскай вартасцю да таго ж, як адразу высветлілася, ён — заўзяты паляўнічы і рыбалоў. І калі на другі дзень у гэтую ж палату паклалі такога ж аматара вуды і стрэльбы, добра знаёмага Міхаілу Іванавічу пенсіянера, амаль яго аднагодка, то захапляючым успамінам двух гэтых людзей, здаецца, не будзе канца-краю. Што і казаць, пашчасціла насельнікам палаты нумар пяць: яны сталі нераўнадушнымі сведкамі-слухачамі жывых гісторый народнай паляўнічай і рыбалоўнай энцыклапедый. А ў бальніцы, дзе хапае часу для горкіх думак, гэта ой як важна…


Міхаіл Іванавіч Друк — карэнны кажановец. І гэтым ганарыцца, бо любіць як пасёлак, у якім жыве, так і тыя палі і лясы, што цягнуцца на далёкія кіламетры ва ўсе бакі ад Кажановічаў. А як жа яму не любіць яму той пасляваенны лес, што пачынаецца адразу за вёскай і пасёлкам, які садзіў сам разам са сваімі аднагодкамі. Да вайны і адразу пасля яе з Кажановічаў было бачна, як у пасёлку Чырвоная Зорка дым з комінаў ішоў. Гэта пазней ужо ўзнялася хвойная засень. А хвойкі садзілі па казарменным ранжыры, строга вытрыманымі радамі і квадратамі. Сама зямля тады, якая нарадзіла іх, узяла на сваю далонь і ўзняла да неба, была ў шрамах і рубцах, якія засталіся яшчэ ад вайны, у траншэях, акопах, варонках, брустверных насыпах. Цяпер гэта ўсё зарубцавалася, парасло мохам і травой.


Тады ў падлетка яшчэ жывымі былі цяжкія ўспаміны пра нядаўна адгрымеўшую вайну. Як прыехалі немцы і пачалі выцягваць з хлява іхнюю вялікую свінаматку. Яго здаравенны двухмятровы дзед у запале кінуўся ў абарону сваёй жыўнасці, уступіў з прадстаўнікамі “новага парадку” ў сутычку. Немчура так адхадзіла дзеда прыкладамі, што небарака пажыў яшчэ два дні, пахаркаў крывёю і памёр. Розныя яны былі, немцы. Бралі малако сабе ад іхняй каровы, але і дзецям пакідалі. І калі прыйшлі ўласаўцы і хацелі забраць у іх адзіную кароўку-карміліцу, то немцы падперлі вялікім ваенным грузавіком дзверы адрыны, не дазволілі зрабіць гэтага…


Затым была пасляваенная галота, калі з’есці кавалка хлеба не было. Дасвеццем ужо быў на нагах, ішоў пасвіць людскія каровы. Тады ў Жыткавічах жыло шмат яўрэяў, і кожная сям’я трымала сваю рагулю. А пастушка як кармілі, так і з сабою ў торбу давалі. І які смачны  быў той скавароднік! Да таго ж лавілі і елі вераб’ёў і другіх птушак. Канаўка, якая тонкай жылкай працякае  зараз непадалёку ад вуліцы Зялёная, тады ўжо была аселіцаю горада, яго краем. А далей ішлі суцэльныя балацявіны са шматлікімі качынымі гнёздамі. Дзясяткамі яны, падшыванцамі, збіралі і елі качыныя яйкі: голад — не цётка…


А яшчэ (дзе толькі быў розум!) увесь час хадзілі на мяжы жыцця і смерці, гулялі ў смяротныя гульні з боепрыпасамі. Міхаіл Іванавіч успамінае, як іхняя кампанія знайшла пяхотную міну і прыхавала яе пад галінкамі: хутка вернемся і што-небудзь прыдумаем… Другая кампанія падгледзела і іх апярэдзіла. У выніку выбуху шасцёра  хлопцаў узляцелі ў паветра, рассталіся з жыццём… а колькі разоў маглі пазбавіцца жыцця, калі глушылі рыбу…


Пасля школы Міша пры паступленні не прайшоў па конкурсу ў тэхнікум і ў Гомелі вывучыўся на токара, працаваў ім у Жыткавічах на машынна-трактарнай станцыі. У здатнага да работы спецыяліста заказаў хапала і па тым часе ён атрымліваў нядрэнныя заробкі. Ды і добры прыклад у рабоце было з каго браць: бацька працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады.


А потым было чатыры з палавінай гады службы на флоце ў Латвіі. Маладому балтыйцу прапанавалі застацца на звыштэрміновую службу, але бацькі з далёкага і роднага беларускага Палесся пісалі, што хутка пойдзе ў армію і іх малодшы сын, і яны застануцца на старасці гадоў без надзейнага апірышча. Вярнуўся Міхаіл Друк у свой  мілы сэрцу куток і пайшоў працаваць у саўгас “Жыткавічы” вадзіцелем лятучкі. Дваццаць адзін год аддаў ён добрасумленнай рабоце ў родным сельгаспрадпрыемстве. Затым перайшоў на работу ў райсельгасхімію, як адзін з лепшых работнікаў першым атрымаў новы Камаз. Дом Міхаіла Іванавіча — у пяці кроках ад гаража і адміністрацыйнага будынка райсельгасхіміі, таму, калі другія механізатары і шафёры толькі яшчэ раскачваліся, Міхаіл Іванавіч ужо імчаў тым ці другім бальшаком, каб даставіць у пункт прызначэння самыя розныя сельскагаспадарчыя грузы. Як у саўгасе “Жыткавічы”, так і ў райсельгасхіміі не аднойчы яго прозвішча заносілася на Дошку гонару, і ў знак яго працоўных дасягненняў ўзнімаўся сцяг славы. Выконваў шмат грамадскіх даручэнняў. А ў час святкавання мінулагодняга дня горада разам з жонкаю меў гонар праехаць у лімузіне перад шматлікай людской грамадой — напярэдадні яны адзначылі залаты юбілей.


Здаецца, не было канца і супынку ў яго шматлікай яздзе на грузавым аўтамабілі, але знаходзіў гэты ўлюбёны ў жыццё і прыроду чалавек час, каб намераць не адзін дзясятак паляўнічых і рыбацкіх кіламетраў. Калі пачынала звінець у жылах кроў, калі калацілася ў грудзях працятае азартам сэрца. Ружжо ў яго аж з 1954 года. І толькі прыклад падрамантаваў у свой час яму адзін майстар-дзядуля. Гэта пасля таго, як ён у запале кінуўся да параненага дзікага казла і пачаў дабіваць яго. Вось і даў прыклад стрэльбы трэшчыну… біў зайцоў і ліс, коз і дзікоў, на яго рахунку сем забітых ваўкоў. Дзічыны тады было ў лясах і на палях птушак — ружжы не паспявалі перазараджаць, ствалы грэліся… Аднаго зайца гоніш, а трое побач бягуць. Дзясяткамі білі качак.


На паляванні і курыць кінуў. Бо не стрымаўся, зацягнуўся цыгарэтаю і ўпусціў воўка, які пачуў пах дыму,  абышоў яго, што стаяў на нумары, бокам. Таварышы па паляванні тады далі яму добрага прачуханца, а ён у сэрцах секануў паветра рукой:


— Усё, хлопцы, кідаю курыць!


— На што спрачаемся?


— На літру гарэлкі.


— Э, не, дружок, так справа не пойдзе, — адказалі паляўнічыя. — Вось на гэту штуку.


І паказалі на яго ружжо. “Ды каб аддаць любімую стрэльбу? Ні за што на свеце!” З таго дня табака і не начавала ў яго хаце.


Усё жыццё круціла яго, як тую салому ў малатарні, дзяржаўная работа ды на ўласным падворку, на сотках. Ён, як конь у баразне, спраўна цягнуў свой плуг. Бо ведаў, што ад лёгкіх грошай дабро невялікае.шкадуе, што сышоў на клін іх былы саўгас, што вёска сёння менш радуецца, а больш журыцца, бо ўсё меней і меней там радзінаў, а ўсё болей хаўтураў. Не вёскі сталі, а братнія магілы, хаты шмат дзе праз адну крыж-на крыж забітыя дошкамі.  Балонне пазарастала  ракітнікам, а раней жа тут сена пад пагоду рабілі — чай можна заварваць, ад аднаго водару п’янелі… няма ўжо былых шырокіх рэк Скрыпіцы ды Гніліцы, канавамі парабіліся.


— Я помню аднаго дзеда, які ўсё жыццё прахадзіў у лапцях, — успамінае Міхаіл Іванавіч. — Ён ведаў шмат гісторый. Дык вось дзед той расказваў, што ў старажытныя часы рака Гніліца была шырокая, дзесьці ад сучаснага рынку да вёскі Кажановічы ў сваіх берагах. Але аднойчы, пераплываючы, патануў у ёй адзіны сын мясцовай яўрэйкі-варажбіткі. Вось і пачала ў роспачы  клясці раку пачарнелая ад гора жанчына: “каб ты высахла была, каб ты згніла…” Пачала з таго часу мялець рака і стала ў рэшце рэшт Гніліцаю…


Міхаіл Іванавіч Друк разам з жонкаю нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей. Двое жывуць і працуюць у Жыткавічах, трэці — у Ваўкавыску. Жывуць дружна, дапамагаюць адзін другому, чым могуць. Што ў наш час, згадзіцеся, сустрэнеш далёка не ў кожнай сям’і, далёка не ў кожным асяродку родзічаў.


…Праз тыдзень Міхаіла Іванавіча выпісалі з бальніцы. Мы ад душы ўсёй палатай шчыра паціснулі руку гэтаму паважанаму чалавеку, пажадалі выздараўлення і доўгіх гадоў жыцця. А дзень пачаўся сонечна, ясна і абяцаў быць спякотным…


С. Кулакевіч.


Фота В. КіжнЁва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.