І няшчасце не дапамагло…

Не пустуюць сцены сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Нядаўна тут пастаўлены своеасаблівы  сумны рэкорд – ва ўстанове адначасова ўтрымлівалася 21 дзіця. Гэта пры тым, што цэнтр разлічаны на дванаццаць. Зараз тут пражываюць 19 рабят, якіх узяла часова на ўтрыманне дзяржава, каб агарадзіць ад антыграмадскіх паводзін бацькоў,  6 з іх па Дэкрэту №18 “Аб дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Сярод іх і два хлопчыкі з адной з вёсак Чырвоненскага сельсавета.


…У такі ранні час жанчына гасцей не чакала. Паціху бавілася ля печы, таму, калі расчыніліся дзверы, і ў хату зайшлі некалькі мужчын, нават спалохалася. Але ўсяго на адно імгненне, бо адразу пазнала кіраўніка мясцовай гаспадаркі Сяргея Макарэвіча і галоўнага агранома Васіля Макарэвіча. Яны і прадставілі намесніка старшыні райвыканкама Валерыя Маркавіча Рагалевіча. Вольга, так назавем гаспадыню дома, зразумела, што ад гэтага візіту дабра чакаць няма чаго. Ведала пра свае, так бы мовіць, грахі. За антымаральныя паводзіны яна даўно залічана ў катэгорыю абавязаных асобаў. Дзяцей амаль паўгода назад забралі ў сацыяльны прытулак. Цяпер жанчыне патрэбна адпрацоўваць грошы, якія дзяржава патраціла на іх утрыманне. Але жадання працаваць у Вольгі няма. Перашкаджае непамерная цяга да спіртных напояў. Вось і на гэты раз завіталі да яе і намеснік старшыні райвыканкама, і дырэктар гаспадаркі, каб даведацца, чаму яна ўжо некалькі дзён не выходзіць на работу.


— Чаму не на ферме? — запытаўся Сяргей Аляксандравіч.


— Я гэта сёння ў Жыткавічы, у паліклініку, збіралася. Медкамісію прайсці патрэбна, — патлумачыла Вольга.


— Якую медкамісію? — перапытаў Валерый Маркавіч.


— На работу ў камунальны ўчастак хачу ўладкавацца. Сяброўкі казалі там ёсць вакансія.


— А што на ферме? Вам жа самую высокааплачваемую работу далі, каб вы маглі пакрываць выдаткі на ўтрыманне дзяцей. Вашы калегі за мінулы месяц больш чым па мільёну зарабілі. А які ў камунальніку заробак?


  Тысяч сямсот– васямсот. А на ферме цяжка.. Ды і з калегамі не паладзіла. Адна дык сварыцца штодзённа.


— А што вы хацелі? Работа ў вас адказная — раздойваць цялушак. А вы замест таго, каб працаваць сумленна, прагульваеце, выпіваеце… — устаўляе сваё слова ў гутарку галоўны аграном. — вось жанчыны і шкадуюць жывёлу, якую вы псуеце. За вас вымушаны працаваць.


— Вы ведаеце, што з такімі паводзінамі і стаўленнем да працы ў вас могуць забраць дзяцей назаўсёды, — тлумачыць Валерый Маркавіч. — Амаль паўгода яны ў прытулку, а вы ніякіх высноў не зрабілі. Думаеце, дзяржава проста так у вас іх забрала. Гэта, каб агарадзіць іх ад вашых паводзін, каб вы зрабілі правільныя высновы, пазбавіліся ад алкагольнай залежнасці. Кадзіравацца вам патрэбна неадкладна. Дзяржава  на першы раз нават пакрывае затраты на гэтую працэдуру. Ваша згода, і я дамоўлюся, каб вас запісалі.


Ад гэтых слоў намесніка старшыні райвыканкама Вольга адгарадзілася пеляной слёз, якія пацяклі з яе вачэй. Усхліпваючы, яна ціха прамовіла, што пастараецца выправіцца, а дзяцей абавязкова верне, а плаціць ёй не так і шмат, вось толькі ўладкуецца ў камунальную службу і ўсё наладзіцца.


— Колькі разоў вы так ужо гаворыце? Наладзіцца, а ўсё застаецца па-старому. Агарод вось патрэбна засяваць. Гаспадарка б дапамагла, але вы працаваць не жадаеце. Маці сваю б пашкадавалі, — перапыніў Вольгу Валерый Маркавіч. — Хутка дзяцей забіраць з прытулку, а парадку ў хаце так і не навялі.


— Мы засяваем соткі.  І дзяцей я забяру. Абавязкова забяру. Я згодна на кадзіроўку, —  яшчэ больш расплакалася жанчына.


— Паедзеце ў Жыткавічы, звярніцеся да кіраўніка тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яна дапаможа. І на работу хадзіце, — перад развітаннем даў апошнюю параду Валерый Рагалевіч.


Канечне, прыкра за такіх маці. Але крыўдна ўдвая яшчэ і па той прычыне, што дзяржаве патрэбна займацца не толькі выхаваннем дзяцей такіх нядобранадзейных людзей, але і саміх бацькоў. Толькі ці варта рабіць апошняе: дапамагаць тым, хто не хоча прымаць гэтай дапамогі і не мяркуе нічога мяняць у сваім жыцці.  Так сталася і з Вольгай. Не выправілася.  Як даведаліся нядаўна, яе хлопчыкаў аддалі ў прыёмную сям’ю. Можа з новымі бацькамі яны зажывуць у шчасці і спазнаюць усе радасці дзяцінства.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.