Прафесійныя і творчыя

Своеасабліва, арыгінальна адзначылі ва ўстанове аховы здароўя “Жыткавіцкая цэнтральная раённая бальніца” Міжнародны дзень медыцынскай сястры. З гэтай нагоды ў бальніцы прайшоў конкурс прафесійнага майстэрства “Лепшая медсястра — 2011”, у якім сапернічалі дзесяць спецыялістаў сярэдняга медперсаналу з розных структурных падраздзяленняў ЦРБ.


Удзел у конкурсе прынялі Вольга Блоцкая з 1-га хірургічнага аддзялення, Людміла Пірагова (дзіцячае аддзяленне), Таццяна Макарэвіч (тэрапеўтычнае аддзяленне), Жанна Амельчышына (інфекцыйнае аддзяленне),  Ірына Кацянёва (2-е хірургічнае аддзяленне), Святлана Казак (радзільнае аддзяленне), Людміла Хмялеўская (Тураўская гарадская бальніца), Святлана Вінаградава (раённая паліклініка), Ніна Навічэнка (неўралагічнае аддзяленне), Вольга Харытановіч (прыёмны пакой ЦРБ (здымак 1).


Мэту прайшоўшага прафесійнага саперніцтва медыцынскіх сясцёр раённай бальніцы акрэсліў галоўны ўрач установы Мікалай Бабенка: ”Мерапрыемства не толькі прысвечана святу медсясцёр, але накіравана і на папулярызацыю гэтай гуманнай прафесіі, здаровага ладу жыцця ў нашым грамадстве, а таксама павінна садзейнічаць павышэнню майстэрства сярэдняга медыцынскага персаналу”.


Дарэчы, яго колькасць у Жыткавіцкай ЦРБ складае палову ад усіх работнікаў установы. Менавіта ад таго, як жанчыны ў белых халатах ажыццяўляюць догляд, выконваюць назначэнні ўрачоў, у многім залежыць наколькі паспяхова будзе ісці выздараўленне хворых пацыентаў. Вось гэтыя навыкі і не толькі дэманстравалі канкурсанткі падчас саперніцтва.


Зразумела, на конкурс кожнае аддзяленне дэлегіравала самых спрактыкаваных работніц, таму і прайшоў ён вельмі цікава і відовішчна. Медыцынскім сёстрам патрэбна было прадэманстраваць падчас спаборніцтва не толькі свае прафесійнае майстэрства, але і творчыя здольнасці.  Прычым апошнія ўжо ў першым конкурсе “візітоўцы”.


Падчас гэтага этапу медсёстры прадстаўлялі сябе і эмблемы сваіх структурных падраздзяленняў. Справіліся з заданнем канкурсанткі вельмі паспяхова, аб чым засведчылі высокія адзнакі журы ды гарачыя воплескі гледачоў. Бо формы прадстаўлення як і эмблемы былі самымі рознымі, не падобнымі адна на другую. Хтосьці прадстаўляўся з дапамогай вершаў, хтосьці – песень або тэатралізаваных пастановак. Таму ўсё атрымалася вельмі прыгожа. А самае галоўнае, што канкурсанткі сваімі візітоўкамі  падкрэслілі: яны абралі гэтую прафесіію невыпадкова, а па прызванню і гатовы ўсё свае веды і навыкі прымяняць дзеля выздараўлення пацыентаў.


Пра высокі прафесіяналізм удзельніц  засведчыў і другі этап. Спачатку медсёстры паказвалі свае веды па тэорыі аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі і санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму. Пры ацэнцы тэарэтычнай падрыхтаванасці канкурсантак члены журы тут былі адзінадушнымі, і кожная з удзельніц атрымала вышэйшыя балы. Ды і практычная падрыхтоўка таксама ва ўсіх саперніц аказалася на вышыні. Яны ўпэўнена здымалі электракардыяграму, накладвалі на розныя часткі цела пацыентаў павязкі (здымак 3). Пры правядзенні апошняй працэдуры ўлічвалася не толькі якасць праведзенай перавязкі, але і хуткасць. Да гонару медсясцёр, справіліся яны з заданнем зноў жа проста цудоўна.


Падчас трэцяга этапу канкурсанткі павінны былі агучыць сваю канцэпцыю па тэме арганізацыі здаровага ладу жыцця. І тут яны прадэманстравалі не толькі прафесіянальны падыход, але і творчы. Цікавыя выступленні аб барацьбе са шкоднымі звычкамі — курэннем, п’янствам, наркаманіяй, аб прафілактыцы розных захворванняў, карыснасці заняткаў фізкультурай і спортам, рацыянальнага харчавання і іншым падмацоўваліся прыгожымі слайдамі і малюнкамі, якія падрыхтавалі спецыялісты.


Апошні конкурс таксама быў творчым. У ім сапернічалі не толькі ўдзельніцы, але і іх групы падтрымкі. Напачатку кожная медсястра паказала і «абараніла» загадзя падрыхтаваную страву. Практычна кожную з іх можна назваць не іначай як шэдэўрам кулінарыі.  А потым гледачы ў стылі клуба вясёлых і знаходлівых дапоўнілі аповед пра творчыя і прафесійныя здольнасці сваіх калег.


Напэўна, столькі апладысметаў і такіх моцных, а таксама ўсмешак ніколі не бачыла зала, як пры правядзенні апошняга этапу прафесійнага конкурса. Тут было ўсё: і смешныя мініяцюры, і прыгожыя песні, і праніклівыя вершы, і дасціпна расказаныя гумарэскі і анекдоты. Адным словам, поўная свабода для праяўлення творчасці.


На такой аптымістычнай ноце члены журы падвялі вынікі саперніцтва. Па яго выніках першае месца, а разам з ім і тытул “Лепшая медсястра — 2011” прысуджана  медыцынскай сястры Людміле Хмялеўскай (здымак 2) з Тураўскай гарадской бальніцы. (Дарэчы, яна некалі ўжо была прызёрам аналагічнага конкурсу). Прызёрамі конкурсу сталі: Святлана Казак, медсястра радзільнага аддзялення, Таццяна Макарэвіч, медсястра тэрапеўтычнага аддзялення.  Выступленне ж Святланы Вінаградавай журы адзначыла спецыяльным прызам і тытулам “Міс арыгінальнасць”. Таксама спецыяльны прыз ад раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа і тытул “Міс міласэрнасць” прысуджаны Ірыне Кацянёвай, медсястры 2-га хірургічнага аддзялення. Пераможцам і ўдзельніцам прафесійнага спаборніцтва ўручаны каштоўныя падарункі і дыпломы, падзячныя лісты.


Конкурс нікога не пакінуў раўнадушным, кожнай удзельніцы падарыў самыя добрыя эмоцыі і ўражанні. Ён паказаў наколькі высокапрафесійны і творчы патэнцыял мае гэтая катэгорыя работніц Жыткавіцкай цэнтральнай раённай больніцы.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.