У нагу з часам

Сёмага мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Па меркаванню начальніка раённага вузла электрычнай сувязі Гомельскага філіяла РУП “Белтэлекам” Наталлі Іосіфаўны Туравец, гэтае свята не толькі сувязістаў, але і тых, каму яны прадастаўляюць свае паслугі. Сёння  нельга ўявіць чалавечае жыццё без выкарыстання электрычных сродкаў сувязі, тым больш што гэтая сфера ў апошні час даволі актыўна развіваецца. Аб чым сведчаць і працоўныя здабыткі работнікаў раённага вузла электрычнай сувязі.


Асноўным напрамкам дзейнасці калектыва раённага вузла электрычнай сувязі на сучасным этапе з’яўляецца прадастаўленне насельніцтву самага шырокага спектра разнастайных паслуг. Гэта не толькі традыцыйная тэлефанізацыя населеных пунктаў. Зараз сувязісты актыўна развіваюць інтарнэт-сетку, тэлебачанне. На гэтыя паслугі ў насельніцтва раёна даволі вялікі попыт. Адпаведна сувязісты і прыкладваюць усе намаганні, каб яго задаволіць у поўным аб’ёме. Толькі за гэты год, як адзначыла Наталля Іосіфаўна, устаноўлены чатыры вузлы перадачы дадзеных. Яшчэ трох запланавана на бліжэйшы час. Акрамя таго, што вузел электрычнай сувязі працуе над пашырэннем сеткі перадачы дадзеных, тут імкнуцца забяспечваць і належнае абслугоўванне кліентаў па падключэнню.


— Працуем аператыўна. Напісаў абанент заяву, заключылі дагавор. Аформілі неабходныя дакументы і адразу ж нашы спецыялісты прыступаюць да выканання заказаў, — расказвае кіраўнік. — І гэта нягледзячы, што попыт расце.


На цяперашні час спецыялісты раённага вузла электрычнай сувязі абслугоўваюць больш 15 тысяч абанентаў стацыянарнай тэлефоннай сеткі, больш трох тысяч абанентаў сеткі перадачы дадзеных і тэлебачання. Яшчэ ў жыхароў раёна налічваецца больш трынаццаці тысяч кропак праваднога радыё, бесперабойную работу якіх таксама забяспечваюць працаўнікі РВЭС.


Сёння завабіць кліента можна толькі пры адной умове: прапанаваць яму не толькі колькасць паслуг, але і забяспечыць іх высокую якасць. Менавіта пра апошняе дбаюць працаўнікі раённага прадпрыемства сувязі. Напрыклад, яшчэ свежыя ў памяці выпадкі, калі недобрасумленныя людзі карысталіся незаконна нумарамі іншых абанентаў. У выніку такіх маніпуляцый гаспадарам даводзілася аплочваць рахункі, якія складалі па некалькі соцень тысяч рублёў. Сувязісты зрабілі высновы і цяпер карыстальнікам інтарнэта прапануюць больш сучасныя сістэмы сувязі. Хаця, як сцвярджае Наталля Іосіфаўна, абанент таксама павінен клапаціцца аб бяспецы, для гэтага арганізацыя пастаянна аказвае інфармацыйную дапамогу. Дарэчы, гэта тычыцца і  ўладальнікаў тэлефонаў. Узяць хаця б для прыкладу такі праблемны для сувязістаў рэгіён як Мілевіцкі сельсавет. У населеных пунктах з якасцю сувязі там было нямала праблем. Цяпер становішча выпраўляецца: пракладзены новыя валаконныя лініі, мяняецца абсталяванне на АТС. Работы падыходзяць да завяршэння, а гэта сведчыць аб тым, што якасць сувязі палепшыцца. І не толькі яе, але вяскоўцы атрымаюць яшчэ і дадатковыя паслугі. Даказана ўжо практыкай.  Мадэрнізацыя станцый у такіх населеных пунктах як Верасніца, Запясочча, Сяменча, Чырвонае, Хваенск, Азяраны, Рычоў дазваляюць мясцовым абанентам мець не толькі якасныя тэлефонныя зносіны, але і атрымліваць паслугі інтарнэту. Працэс развіцця сваіх сістэм сувязісты плануюць працягваць і ў далейшым. Чакаецца, што ў бліжэйшыя два кварталы адбудзецца замена станцый у Мілевічах, Беразняках, Залюцічах, Хлупіне, у Перарове, Малешаве і Дзякавічах  установяць вузлы сеткі перадачы дадзеных. У мікрараёне Азёрны ўвогуле запланавана  пракладка валаконных кабеляў сувязі да кожнай кватэры. Плануецца правесці і мерапрыемствы па паляпшэнню якасці радыёфікацыі. Гэта і замена паветраных ліній радыёфікацыі на кабельныя, устаноўка радыёвузла ў пасёлку Хваенск і іншае.


Своечасовасць аплаты за аказаныя сувязістамі паслугі – гэта таксама ацэнка кліентамі іх работы. І як сведчыць статыстыка, яна нядрэнная. І не таму, што працаўнікі прадпрыемства на некаторыя віды паслуг укаранілі авансавую сістэму аплаты, а дзякуючы мэтанакіраванай рабоце з неплацельшчыкамі. Цяпер дэбіторская запазычанасць складае толькі 5 працэнтаў ва ўсёй выручцы. А яшчэ гады два назад гэтая лічба складала 12 і болей працэнтаў. На плацежаздольнасць уплывае таксама тое, што і давер з боку кліентаў да прадпрыемства павялічваецца.


Прафесіяналізм работнікаў і спецыялістаў раённага вузла электрычнай сувязі з’яўляецца яшчэ адной састаўной паспяховай работы калектыва. Больш дзевяноста чалавек розных спецыяльнасцей працуе тут на цяперашні час.  Іх патэнцыял кіраўнік ацэньвае даволі высока. За апошнія два  гады калектыў намнога абнавіўся, у яго ўлілося нямала спецыялістаў, якія маюць адпаведную адукацыю. Як адзначае Наталля Іосіфаўна, замацоўваюцца на прадпрыемстве тыя, хто вызначаецца не толькі працавітасцю і стараннасцю, але і мае высокую прафесійную падрыхтоўку. Такіх у РВЭС нямала.  У іх ліку Аляксандр Быкаў, Аляксандр Кузменкоў, Максім Рудакоў, Аляксандр Чарнякоў, Сяргей Паддубны, Сяргей Марусіч і іншыя. Як станоўчую рысу прафесіяналізму спецыялістаў вузла электрычнай сувязі кіраўнік лічыць, што кожны з працаўнікоў пастаянна ўдасканальвае свае навыкі. «Без гэтага цяпер немагчыма ў нашай галіне паспяхова працаваць, — гаворыць Наталля Туравец. — Абсталяванне пастаянна абнаўляецца,  яго эксплуатацыя патрабуе ўсё больш ведаў, каб і кантроль ажыццяўляць, і замеры параметраў праводзіць. Таму жадаю ўсім спецыялістам прадпрыемства цярпення, удасканалення і здароўя. Нездарма кажуць, што дарога пакараецца настойлівым”.


Умеюць у калектыве раённых сувязістаў не толькі добра працаваць, але і адпачываць. Апошняму садзейнічае прафсаюзны камітэт, які ўзначальвае Валянціна Сівуха. Менавіта прафкам з’яўляецца ініцыятарам правядзення розных культурных мерапрыемстваў, конкурсаў і іншых добрых спраў. Без урачыстасці не абыдзецца і сёлетняе прафесійнае свята. І па ўсяму відаць, што раённыя сувязісты сустракаюць яго з добрым настроем.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.