Цюльпаны выкапаны, пакралі люцікі

Усе мы хочам, каб наш райцэнтр станавіўся прыгажэйшым. І радуемся тым захадам спецыяльных службаў, якія прыкладваюць свае намаганні, каб гэта адбылося. Толькі зараз не аб гэтым, а аб тым, як мы ўласнымі рукамі шкодзім прыгажосці горада.


Ужо не адзін год спецыялісты КУП “Жыткавіцкі камунальнік” на яго вуліцах высаджваюць шмат кветак.


— Пачынаем гэтую работу з самай вясны, — расказвае майстар па азеляненню Людміла Туравец (на здымку). – Высаджваем цюльпаны, нарцысы, геацынты, петунню і іншыя кветкі. Клумбы з імі ўжо раскінуліся па вуліцах К. Маркса, Сацыялістычнай, Энгельса, Чкалава, у мікрараёне Азёрны і другіх месцах горада. Толькі нядаўна размясцілі каля дзвюх тысяч петунні і столькі ж бегоніі.


Але гэтыя лічбы не прыносяць радасці Людміле Міхайлаўне ў поўнай ступені. А ўсё таму, што па начах немалую колькасць кветак з гарадскіх клумбаў выкапваюць недобрасумленныя людзі. Па яе падліках, такім чынам штогод з гарадскіх вуліц знікае трэцяя частка ўсіх высаджаных кветак. Пагодзімся, лічба сапраўды значная.


— Крадуць усё. Вось толькі нядаўні выпадак. Калі з клумбаў па вуліцы Энгельса ледзь не палову расады выкапалі за адну ноч, — з абурэннем гаворыць Людміла Туравец. —  Крадзяжы кветак цягнуцца, пачынаючы з ранняй вясны і да позняй восені. Асабліва пакутуюць ад гэтага клумбы ля помнікаў.


Якога ж спецыяліста не засмуціць такі ход спраў, калі твае старанні для ўсіх, вырываюцца на карню. А працы затрачана многа. Не так і шмат работнікаў, якія ажыццяўляюць догляд за клумбамі – усяго 13 дворнікаў. Яны і высаджваюць кветкі на вуліцах, даглядаюць за імі, паліваюць. Нямала старанняў і сродкаў затрачваецца камунальнікамі і на набыццё насення, вырошчвання расады і гэтак далей. А радасць ад гэтага атрымліваюць не так і шмат людзей, а толькі тыя, якія ноччу накапаюць кветак і перасадзяць іх у свае двары і агарод.


Так, звычка жыць па прынцыпу, калі грамадскае, то і маё, яшчэ не выкаранілася ў некаторых нашых суайчыннікаў. Таму і адбываюцца крадзяжы з гарадскіх клумбаў з зайздросным пастаянствам. Работнікі камунальнага прадпрыемства нават у Мазыр ездзілі, каб пераняць вопыт сваіх калег з гэтага горада, як захаваць пасадкі кветак цэлымі. Там гэтаму пытанню здзівіліся, бо праблема такая не стаіць перад імі. Шукалі паратунку жыткавіцкія камунальнікі і ў міліцыі. Але і адтуль дапамогі не дачакаліся.


Дзе ж выйсце з сітуацыі? І як змагацца з кветкавымі злодзеямі? Як бачна, пакуль застаецца толькі ціснуць на сумленне, ды пільнасць і саміх камунальшчыкаў, і праваахоўных органаў. А можа паступіць як у тым анекдоце пра калгаснікаў і саранчу: высаджваць яшчэ больш кветак, і няхай імі падавяцца зладзюгі. Тым больш што, як сказала Людміла Міхайлаўна, кіраўніцтва прадпрыемства плануе значна пашырыць цяпліцу для вырошчвання расады.


Нягледзячы ні на што, справы па азеляненню горада будуць працягвацца. Хочацца спадзявацца, што і догляд за клумбамі будзе больш пільным, а мы, жыхары, будзем радавацца створанай прыгажосці, а не псаваць яе.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.